Прадпрымальніка аштрафавалі на 1000 рублёў. Ён спецыяльна завысіў кошт рамонтных работ установы адукацыі

Маладзечанскі міжраённы аддзел фінансавых расследаванняў праверыў  установу адукацыі па пытанні правільнасці расходвання бюджэтных сродкаў на рамонт вучэбных аўдыторый пры ўзаемадзеянні з індывідуальнымі прадпрымальнікамі.

Выяўлена, што ўстанова адукацыі і індывідуальны прадпрымальнік у 2017 годзе заключылі шэраг дагавораў будаўнічага падраду на выкананне работ па рамонце вучэбных аўдыторый.

Крыніцай фінансавання былі сродкі абласнога бюджэту.

Аператыўнікі выявілі, што прадпрымальнік неабгрунтавана ўключыў у акты здачы-прыёмкі выкананых будаўнічых і іншых спецыяльных мантажных работ выдаткі, звязаныя з адлічэннямі на сацыяльнае страхаванне ў памеры 34% заработнай платы рабочых і машыністаў, чым фактычна завысіў кошт будаўнічых работ.

У пацвярджэнне гэтага структурнае падраз­дзяленне Фонду сацыяльнай абароны насельніцтва падало звесткі, згодна з якімі прад­прымальнік у 2017 годзе не плаціў абавязковыя страхавыя ўзносы.

Па выніках праверкі ў даход абласнога бюджэту вернута больш за 12000 беларускіх рублёў. Адказнасць за названае правапарушэнне прадугле­джана часткай 1 артыкула 21.7 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэннях.

Па выніках разгляду справы аб адміністрацыйным правапарушэнні індывідуальны прадпрымальнік прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці ў выглядзе штрафу больш за 1000 рублёў.