Павел Шарамет. Фота euroradio.fm.

Украінская паліцыя затрымала падазраваных у забойстве ў ліпені 2016 года ў Кіеве беларускага журналіста Паўла Шарамета. Пра гэта ў Twitter паведаміў міністр унутраных спраў Украіны Арсен Авакаў.

Па словах Авакава, Нацыянальная паліцыя затрымала фігурантаў справы аб забойстве Паўла Шарамета і аб’яўляе ім падазрэнне.

«Гэта вынік вельмі складанай працы сапраўдных спецыялістаў і важны крок да поўнага раскрыцця справы», — дадаў ён.

Ён таксама адзначыў, што ў справе аб забойстве Шарамета ідуць актыўныя следчыя дзеянні, суд неўзабаве абярэ падазраваным меры стрымання.

«Але, улічваючы грамадскае значэнне гэтай справы, мы правядзём тэрміновы брыфінг, дамо ўсю магчымую інфармацыю аб ходзе расследавання», — дадаў міністр.

Па словах дэпутата Уладзіміра Ар’ева, падазрэнне прад’яўляюць рок-музыканту і ваеннаму Андрэю Антоненку. Ён таксама з’яўляецца аўтарам гімна Сіл спецыяльных аперацый.

У Facebook Антоненка пацвердзіў, што падазрэнне ў забойстве Шарамета прад’яўляюць яму. Таксама ён паведаміў, што праваахоўнікі правядуць у яго ператрус.

Акрамя таго, паведамляецца пра затрыманне доктара і валанцёра Юліі Кузьменка па падазрэнні ў саўдзеле

Па версіі праваахоўнікаў, на аснове праведзеных экспертыз, закладвала выбухоўку пад аўто Паўла Шарамета — валанцёр і дзіцячы хірург Юлія Кузьменка, а дапамагаў ёй — удзельнік баявых дзеянняў Андрэй Антоненка, паведамляе «Українська правда».

Для экспертызы прыцягнулі аднаго з найлепшых спецыялістаў з Велікабрытаніі Айвана Бірча.

Высновы экспертаў таксама пацвярджаюць трафік мабільных тэлефонаў Кузьменка і Антоненкі. У прыватнасці, тэлефон Антоненкі ад 23.24 (19.07.2016) да 07.23 (20.07.16) — выключаны. Кузьменка ад 19.36 19 ліпеня 2016 па 09.20 20 ліпеня тэлефонам не карысталася, што для яе зусім нехарактэрна.

Акрамя таго, Антоненка пражывае недалёка ад месца здзяйснення злачынства. Ён кульгаў пасля аперацыі, што заўважылі эксперты.

Паліцыя паведамляе, што фігуранты знікалі з поля зроку камер назірання каля месца пражывання Антоненкі.

Нагадаем, што ў лістападзе ў забойстве падазравалі Уладзіміра Грышчанку і яго жонку Іну, сямейную пару, што выконвала заказныя забойствы. Маўляў, затрыманая тады пара падобная да падазраваных, прыкметы якіх абвяшчала следства.

Павел Шарамет загінуў 20 ліпеня 2016 года, падарваўшыся ў аўтамабілі ў цэнтры Кіева, дзе ён жыў і працаваў апошнія пяць гадоў. У машыне, на якой ехаў журналіст, спрацавала выбуховае прыстасаванне.