У Беларусі выдалі «Гары Потэра» па-беларуску

Фота Насты Карнацкай.

Продажы кнігі «Гары Потэр і філасофскі камень» стартавалі сёння ў Беларусі. За тры гадзіны ад старту прадалі 350 экземпляраў, паведамляе на сваёй старонцы ў Facebook выдавецтва «Янушкевіч», якое і выдала твор Джаан Роўлінг па-беларуску.

Пераклад зрабіла Алена Пятровіч, дызайн належыць Браяну Сэлзніку. Адаптацыю пад беларускае выданне зрабіла Крысціна Іванцова.

Алена Пятровіч. Фота Насты Карнацкай.

Кніга выйшла накладам 2000 экземпляраў, але «Янушкевіч» не адмаўляе магчымасці рабіць дадатковы наклад.

Паводле выдавецтва, кніга – ў цвёрдай вокладцы з імітацыяй шоўку і фальгіраваннем. Гэта значыць, што літары свецяцца. Старонкі – са шведскай паперы маркі Lux Cream. Кніга месціць 332 старонкі фармату А5  – 135х205 мм.

Фота Насты Карнацкай.

Старт продажаў адбыўся ў мінскай кнігарні «Светач». На сустрэчу з перакладчыцай Аленай Пятровіч прыйшлі каля ста чалавек. Фотазону, рэквізіт, конкурсы і гульні забяспечыў беларускі фандом Harry Potter.

Ці звязаны сюжэт серыі з Беларуссю?

Як распавядаў адзін са значных персанажаў серыі Хагрыд, калі са сваёй знаёмай мадам Максім ездзіў шукаць веліканаў, «крыху палаяўся з вампірам у мінскай піўной».

Фота Насты Карнацкай.

Чаму выхад «Гары Потэра» па-беларуску – значная падзея для літаратурнай прасторы

«Гары Потэр» – серыя з сямі кніг брытанскай пісьменніцы Джаан Роўлінг, якая прынесла аўтарцы сусветную вядомасць. Па стане на 2018 год колькасць прададзеных кніг перавысіла 500 мільёнаў экземпляраў. Прыгоды юнага чараўніка захапілі агромную колькасць дзяцей і дарослых па ўсім свеце. Паводле водгукаў, шмат для каго з пакалення міленіялаў «Гары Потэр» стаў першай самастойна прачытанай кнігай.

Цяпер Гары Потэр загаварыў і па-беларуску. На маю думку, гэта чарговае сведчанне, што беларуская мова – прыдатная да самага шырокага ўжытку.

з’яўленне любога масавага прадукта па-беларуску – крок да пашырэння сферы ўжытку беларускай мовы. То чакаем астатнія кнігі з серыі на нашай мове.

Такі падарунак я б паклаў пад ялінку сваім дзецям, як падрастуць.

• Текст доступен на языке: Русский