Фота ebay.de.

На старонцы «Вялейскай суполкі ТАП» была размешчаная старая фатаграфія, на якой адлюстраваная панарама горада Вілейкі з боку Віліі.

Фотаздымак выклікаў пытанні: калі зроблены здымак і што гэта за вялікі будынак?

Здымак знаходзіўся ў сховішчы Вікіпедыі, ён падпісаны: «Вілейка. 1941 г.». Цалкам верагодна, што так і ёсць.

Вядома, што каля Ставак быў драўляны мост праз Вілію. Але ў час адступлення Чырвоная Армія ці гарадскія ўлады спалілі мост 24 чэрвеня 1941 года.

Спалены мост.

На здымку мы бачым часовы мост, пазней немцы аднавілі стары мост. Да таго ж, адрас арыгінала фота – нямецкі аўкцыён eBay.de. Мабыць, нашчадак нямецкага салдата вырашыў прадаць старыя дзядулевы фатаграфіі.

У польскі перыяд

Наконт будынка ўсё больш складана. Вядомы яшчэ адзін здымак Вілейкі, амаль з таго ж ракурсу, але ён датаваны 1930-мі гадамі. Арыгінал захоўваецца ў бібліятэцы Вільнюскага ўніверсітэта, а копія – у архіве кінафотадакументаў у Дзяржынску. На фатаграфіі мы бачым гэты ж будынак. Значыць, ён быў пабудаваны яшчэ за польскім часам.

Вілейка ў 1930-я.

У кнізе «Памяць. Вілейскі раён» пра польскі перыяд гісторыі горада напісана: «Дзяржаўнае будаўніцтва абмяжоўвалася толькі ўзвядзеннем ваенных казармаў у канцы сучаснай вуліцы Чырвонаармейскай, гарадскога суда (цяпер міліцыя), галоўнага корпуса бальніцы, двухпавярховых дамоў на вул. Чырвонаармейскай і ў Школьным завулку. Ад 1935 года дзейнічала электрастанцыя».

“Kurjer Wilenski” 1935 г.

Двухпавярховыя дамы нам вядомыя, яны ёсць і цяпер. Гэта так званы губернатарскі дом насупраць санстанцыі. Да польскага перыяду яго аднеслі памылкова, пабудаваны яшчэ ў пачатку 20 стагоддзя. І настаўніцкі дом каля былой польскай гімназіі імя Сянкевіча. Але гэта не яны. Тады што гэта?

У газеце Kurjer Wilenski за 1935 год ёсць артыкул пра пасяджэнне Вілейскага Wydzialu Powiatowego – павятовага кіравання. На ім абмяркоўвалі заканчэнне будаўніцтва новага ўласнага будынка для гэтага органа ўлады. Будаўніцтва ішло з цяжкасцямі і мабыць доўга, бо банк не даваў крэдыт. Але ў новым будынку была вялікая зала для правядзення з’ездаў, канферэнцый. Ён быў прыстойных памераў.

Будынак на здымку таксама вялікі і падобны да адміністрацыйнага. У той жа газеце пішуць аб правядзенні розных мерапрыемстваў у зале Wydzialu Powiatowego у 1937 годзе.

Прасторная зала, пра якую гаворыцца ў артыкулах, прыходзіць у галаву толькі адна – у будынку па вуліцы Вадап’янава, дзе цяпер месціцца духавое аддзяленне музычнай школы. Раней там былі: дом сацкультуры, тэатр, Дом культуры, Дом піянераў, пры Польшчы – клуб з буфетам, у якім адпачывалі афіцэры-пагранічнікі.

У горадзе быў клуб Ognisko Polskie, у якім таксама месціўся буфет і вялікая зала. Там праходзілі масавыя мерапрыемствы і паказвалі кіно.

Існуе тэлефонны даведнік Віленскага ваяводства за 1939 год. У ім ёсць тэлефонны нумар клуба і нумар Wydzialu, але няма адрасоў.

Вядома, што клуб размяшчаўся на вуліцы Георгіеўскай, 8 (па-польску Ul. S-to Jerska), цяпер Вадап’янава. Будынак на фота відавочна не на Вадап’янава, а хутчэй на 17 Верасня (па-польску Ul. 11 Listopada). На гэтай вуліцы, згодна з тэлефонным даведнікам, быў толькі адзін адміністрацыйны будынак – пастарунак паліцыі на вуліцы 11 Лістапада, 34. Гэта цотны бок вуліцы, а наш будынак стаяў на няцотным, бліжэй да ракі.

У Wilenski Dziennik Wojewodzki за 1938 год знаходжу адрас. Дом №5 – гэта скрыжаванне сучасных 17 Верасня і Вадап’янава.

Таямнічы будынак знаходзіцца крыху далей у бок выезду на Маладзечна, калі сыходзіць з купалаў знесенай Свята-Георгіеўскай царквы.

Знайшлі на нямецкай карце

У 1939 годзе саветы перайменавалі вуліцы і змянілі нумарацыю дамоў. Але былі вядомыя адрасы дзяржаўных устаноў навастворанай Вілейскай вобласці.

Калі ўлічыць, што 11 Лістапада стала 17 Верасня, то на няцотным баку вуліцы вялікі будынак па 17 Верасня, 7 плошчай 375 кв.м. І гэта сталовая №1. У доме №11 размясціліся Аблдараддзел і Спецгандль – адпаведна 75 і 30 кв.м.

Да таго ж нумарацыя змянілася. Трэба карта або план горада. На адным з сайтаў пашанцавала. Знайшоў план нямецкіх умацаванняў у Вілейцы прыблізна 1943-44 гадоў, складзены мясцовымі падпольшчыкамі.

Шуканы дом бачны адразу, дзякуючы П-падобнай форме. Ён у гэтым раёне такі адзін. Гэта скрыжаванне вуліц Маладзечанскай і Доўгай, цяпер 17 Верасня і Чырвонаармейская, дом №27. Увесь раён, дзе знаходзіцца дом, на карце акрэслены і заштрыхаваны з пазнакай “Падвергнуць бамбардзіроўцы”.

Напісана, што: “У гэтым сектары знаходзіцца Гебітскамісарыят (акруговае ўпраўленне), яго служачыя і іншыя нямецкія арганізацыі і іх “сабакі” з мясцовых адкідаў”. Магчыма, у гэтым будынку падчас нямецкай акупацыі знаходзіўся Гебітскамісарыят.

Вядома, што падпольшчыкі ўзрывалі Гебітскамісарыят, але, відаць, немцы яго аднаўлялі. У кнізе “Памяць. Вілейскі раён» ёсць “Даклад акруговага камісара Хазэ аб эвакуацыі акругі перад надыходам Чырвонай Арміі”. У ім гаворыцца, што «… 1 ліпеня 1944 г. у 9 г. 30 мін.

Вілейка падверглася масіраванаму ўдару савецкай авіяцыі… Першы налёт быў накіраваны супраць службовых устаноў камісарыята, жылога дома камісара і прылеглых да яго жылых будынкаў персаналу камісарыята, будынка мясцовай камендатуры і моста праз р. Вілія». Увесь раён быў моцна разбураны. Мабыць, тады пацярпела Георгіеўская царква.

Са 1300 будынкаў горада пасля вайны ацалелі 240 драўляных дамоў.

Аб пасляваенным аднаўленні горада ў кнізе “Памяць” напісана: “За 1944 г. быў адноўлены будынак НКВД, 12-кватэрны дом, пабудаваныя 4 жылыя баракі і праведзены капітальны і бягучы рамонт на суму 150 тыс. рублёў”, пазней былі адноўленыя Дом сацкультуры, аблвыканкам (пазней – гасцініца) і іншыя будынкі. Але нашага героя сярод іх не было.

Усю гэту інфармацыю мне ўдалося даведацца, не выходзячы з дому.

• Текст доступен на языке: Русский