4 снежня на нарадзе Аляксандра Лукашэнкі з актывам Міншчыны вілейскі дэпутат Таццяна Цітуленка прапанавала яму адкрыць IT-ВНУ ў Вілейцы.

Па яе словах, у горадзе для гэтага ёсць усё: чыгунка, навучальныя ўстановы, інтэрнаты, стадыён, басейн і вадасховішча.

– Разумееце, такое адчуванне, што Вілейка створаная для гэтай навучальнай установы, – сказала Цітуленка.

Лукашэнка падзякаваў дэпутату за прапанову, але перапытаўся, чаму не адкрыць інстытут у Маладзечне. Ён таксама ўдакладніў, што інстытут абавязкова будзе ў Мінску ці Мінскай вобласці. Нагадаем, што адкрыць установу плануюць у наступным годзе ў кастрычніку.

Прачнулася і падумала: IT-ВНУ павінна быць у Вілейцы

Мы звярнуліся да Таццяны Цітуленкі і папрасілі расказаць, чаму ўзнікла такая прапанова.

– Пачынаць буду здалёк. У сакавіку мы правялі ў Вілейцы бізнес-форум, пра які пісала «Рэгіянальная газета». Даследаванні да форуму праводзіў сацыёлаг з Мінска Уладзімір Літвіновіч. А не так даўно, восенню, ён ладзіў навучальны семінар для намеснікаў старшыняў райвыканкамаў Мінскай вобласці. Туды запрасіў мяне выступіць, распавесці пра наш вілейскі форум, прыгадвае Таццяна Цітуленка.

Па яе словах, з таго выступлення яна прыехала дамоў вельмі натхнёная, на эмацыйным уздыме. Раніцай прачнулася і падумала: IT-ВНУ, пра якую казаў Аляксандр Лукашэнка, абавязкова павінна быць у нас. Тым больш, што раней вілейчукі ўжо абмяркоўвалі такую магчымасць.

З афіцыйнымі лістамі пра адкрыццё IT-ВНУ ў Вілейцы актывісты звярнуліся ва ўрад Беларусі, у Міністэрства адукацыі, парк высокіх тэхналогій і да старшыні Вілейскага райвыканкама. Ва ўстаноўленыя тэрміны атрымалі адказы ад усіх, акрамя ўрада. У лістах вілейчукам дзякавалі за ініцыятыву і абяцалі, што будуць мець на ўвазе іх прапанову.

Не атрымалася звярнуцца да Турчына, затое звярнулася да Лукашэнкі

– Калі Аляксандра Турчына прызначылі старшынёй Мінаблвыканкама, дэпутаты павінны былі зацвердзіць кандыдатуру. Я паехала на гэту нараду як дэпутат, а заадно думала звярнуцца да Турчына з нашай прапановай. Пра тое, што на мерапрыемстве будзе Аляксандр Лукашэнка, я адразу не ведала, – расказвае Таццяна Чаславаўна.

Усе падтрымалі кандыдатуру Аляксандра Турчына на пасаду старшыні, а спытаць пра IT-ВНУ ў Вілейцы не атрымалася.

Пасля перапынку з’явіўся Аляксандр Лукашэнка. Ён шмат расказваў пра Мінскую вобласць і яе праблемы. А потым прапанаваў задаваць пытанні.

– Тады я падумала: калі цяпер не скажу пра адкрыццё ВНУ ў Вілейцы, то больш такой магчымасці можа не быць. Вось і прапанавала Вілейку як пляцоўку, – дзеліцца суразмоўца.

На думку Таццяны Цітуленкі, яна зрабіла максімум з таго, што хацела.

– Будзем глядзець, як далей будзе рухацца справа. Калі нашу прапанову падтрымаюць, будзем вельмі ўсцешаныя. Калі падтрымаюць нейкую іншую ініцыятыву, таксама нядрэнна. А ўвогуле, для свайго горада мы гатовыя нешта ствараць і без падтрымкі. У Вілейцы ёсць ініцыятыўныя людзі, якія вельмі любяць горад і з якімі прыемна працаваць.

А як ставяцца да ідэі адкрыцця ВНУ іншыя вілейчукі і маладзечанцы?

Андрэй Дударчык, Вілейка, дэпутат, дырэктар кінатэатра:

– Я адназначна за адкрыццё такой установы. Трэба рабіць, як у іншых краінах. Кембрыдж і Оксфард былі невялічкімі гарадкамі, пакуль адкрылі ВНУ. А цяпер паглядзіце на іх. Вілейка – недалёка ад Мінска. Побач з ёй – некалькі гарадоў. А адкрыццё навучальнай установы – гэта развіццё і Вілейкі, і навакольных гарадоў. Вырашацца пытанні працаўладкавання. Трэба ж будзе будаваць інфраструктуру для ВНУ. У Вілейцы ёсць добрая база для пачатку – вялікі будынак былога двухсотага вучылішча. І ёсць месца, дзе разбудавацца. Таму тая ідэя, якую агучыла Таццяна Цітуленка, даўно ўжо знайшла падтрымку.

Вераніка Гіль, менеджар па турызме:

Як ідэя – прапанова добрая, лічыць віляйчанка Вераніка Гіль. Але ў яе рэалізацыі ўзнікае шмат пытанняў. Напрыклад, як будуць заахвочваць выкладчыкаў, каб яны ехалі працаваць у Вілейку. Забяспечыць такую навучальную ўстанову мясцовымі спецыялістамі горад, на думку Веранікі, наўрад ці зможа.

– Як можна казаць пра IT-ВНУ, калі нават гарадскі гатэль у букінгу не могуць да толку прадставіць? – не разумее дзяўчына. – Я лічу, што Вілейка – не для доўгатэрміновых перспектыў. Тут патрэбная хуткая рэанімацыя. А яшчэ ўвесь час гляджу на Ільянскі аграрны каледж. Тое, што там вучыцца моладзь, ніяк не спрыяе таму, што яны застаюцца на Вілейшчыне і развіваюць рэгіён.

Дзмітры Чапурок, супрацоўнік EPAM Belarus, Маладзечна:

– Калі шчыра, то ўвогуле сумняваюся, што менавіта гэта трэба як Вілейцы, так і Маладзечну. Мне здаецца, патрэбы ў IT-сферы пакрываюцца ўніверсітэтамі або іншымі адукацыйнымі ўстановамі ў абласцях. Але дапускаю, што ў дадзеным пытанні я не спецыяліст. А наконт навіны, то я нават здзіўлены. Але калі выбіраць паміж гэтымі гарадамі, то я выбраў бы Маладзечна.

Эдуард Баланчук, праваабаронца, Маладзечна:

– У Маладзечне былі два філіялы інстытутаў. Шмат хто з нашага рэгіёна атрымаў там адукацыю. Гэта было вельмі карысна, таму што была прамысловая адукацыя, а людзі потым адкрывалі свае прадпрыемствы. Але пасля не хапіла настаўнікаў і прафесарскага рэсурсу, нармальных памяшканняў.

Маладзечна ад Мінска недалёка, калі зрабіць тут інстытут, то знойдуцца выкладчыкі. Да гэтай тэмы трэба звяртацца. Наш рэгіён вялікі, больш за 500 тысяч насельніцтва. Гэта ўсё разгрузіла б і сем’і ў фінансавым сэнсе – дзяцей вучыць у Мінску складана.

• Текст доступен на языке: Русский