Міс Ксенія Камінская. Фота Міхася Куляша.

13 снежня ў Вілейскім палацы культуры зладзілі кастынг на конкурс «Міс Беларусь-2020».  Тытулы «Міс» і «Віцэ міс» атрымалі віляйчанкі Ксенія Камінская і Юлія Варахова адпаведна. Ксенія – студэнтка. Юлія працуе настаўніцай.

Мы паразмаўлялі з дзяўчатамі пра іх уражанні ад кастынгу.

Ксенія: раніцай – з цягніка, вечарам – на кастынг

– Уражанняў шмат. Прачыналася некалькі разоў за ноч. Усё не верыла, што перамагла, – дзеліцца «Міс» Ксенія Камінская. – Шмат часу на тое, каб падрыхтавацца да конкурсу, у мяне не было, бо вучуся ў Віцебскім дзяржаўным каледжы культуры і мастацтваў. Хутка сесія, спектаклі, навагоднія мерапрыемствы.

Песня, за якую хвалявалася Ксенія. Фота Міхася Куляша.

Пра конкурс дзяўчына даведалася ад дырэктара вілейскай школы № 5, дзе раней вучылася. Менавіта са школы ёй прапанавалі паўдзельнічаць.

– Канешне, я не магла адмовіць. Думала пра тое, як будзе класна прадставіць сваю Вілейку на абласным конкурсе. Папярэдзілі, што будзе візітоўка, дэфіле ў легенсах і вячэрніх сукенках, – прыгадвае Ксенія.

Дэфіле. Фота Міхася Куляша.

У каледжы дзяўчына займаецца пастаноўкай голасу, таму песня была гатовая. А візітоўку спецыльна не рыхтавала. Кажа, не аднойчы ўдзельнічала ў падобных конкурсах у летніках. Некалі была «Міс Зубраня». Вырашыла, што проста раскажа пра сябе. Прызнаецца, трохі засмуціла тое, што выступала апошнім, дзясятым, нумарам.

– Было вельмі прыемна, што падтрымаць прыйшлі настаўнікі і вучні з маёй пятай школы. Нават першая настаўніца прыйшла.

Хвалявалася дзяўчына толькі за тое, што не паспее падрыхтавацца да конкурсу. Раніцай прыехала з Віцебска, а ўвечары – конкурс. Трэба было шмат паспець: прычоска, макіяж, убор, рэпетыцыя дэфіле.

Калі ўжо была на месцы, ведала, што ўсе ўборы адпрасаваныя, што нічога не забылася, хваляванне амаль знікла. Крыху трывожна было толькі за песню. На сцэне палаца выступала шмат, але адна на ёй ніколі не спявала.

– Калі пабачыла іншых удзельніц, зразумела, што ёсць з кім спаборнічаць. Сярод іх былі і знаёмыя дзяўчаты. Большасць рыхтаваліся ўсю ноч. А я ноччу ехала на цягніку, – кажа Ксюша.

Юлія: хвалявалася за ўсё

Віцэ міс у падобным кастынгу ўдзельнічала першы раз раз. Хвалявалася і за прычоску, і за макіяж, і за візітку. Але дарма. Кажа, вялікую ролю адыграла падтрымка. Юля працуе настаўніцай, таму разам з блізкімі і калегамі прыйшлі яе вучні.

Узнагароджанне. Фота Міхася Куляша.

– Да кожнага з трох конкурсаў рыхтавалася старанна, – распавядае Юля. – Было прыемна атрымаць тытул. Дзякуючы конкурсу з’явілася больш упэўненсці ў сабе, а таксама новыя знаёмствы.