Ад Гомеля да Чарнігава можна заехаць за некалькі гадзін. І апынуцца ў месцы, якое мае так шмат сувязяў з беларускай гісторыяй, і ў той жа час столькі адметнасцяў.

Экскурсію па Чарнігаве карэспандэнтам “РГ” правяла супрацоўнік Чарнігаўскай медыягрупы гісторык па адукацыі Аляксандра Федарэнка.

Унікальная забудова

У спіс сусветнай спадчыны ЮНЕСКА ўваходзяць чатыры аб’екты, размешчаныя ў Беларусі, – Белавежская пушча, замкавы комплекс “Мір”, рэзідэнцыя Радзівілаў у Нясвіжы і Дуга Струвэ.

Чарнігаўскі гістарычны цэнтр агулам прэтэндуе на той, каб трапіць у спіс ЮНЕСКА. Каштоўнасцю тут лічаць не толькі асобныя будынкі, а комплекс забудовы гістарычнага цэнтра горада.

Чаму чарнігаўскі цэнтр варты таго, разумееш на скрыжаваннях – храмы размешчаныя там, дзе іх шукае вока. А максімальна зразумелым гэта становіцца з вышыні гарадскога вала, дзе раней размяшчаўся замак – храмы размешчаныя па дыяганалі адзін за адным.

У савецкі перыяд былі пагрозы не захаваць каштоўную архітэктурную забудову, але дзякуючы мясцовым актывістам удалося яе адстаяць.

Горад, які памятае сярэднявечныя “Гульні тронаў”

Чарнігаўскае княства было адным з найбуйнейшых дзяржаўных утварэнняў на Русі 11-13 стагоддзяў. Як расказвае Федарэнка, чарнігаўскія князі сапернічалі з кіеўскімі, і між імі былі пастаянныя канфлікты.

Сюжэты гэтых спрэчак дадуць жару “Гульні тронаў”, а беларусам яны асабліва цікавыя – у некаторых гісторыях ёсць сувязь з нашымі землямі і гістарычнымі асобамі.

Вал з пушкамі

Пляцоўку, дзе быў размешчаны дзядзінец, цяпер можа свабодна наведваць любы ахвотны. І госці, і мясцовыя любяць тут фатаграфавацца – з аднаго боку рака, з іншага гарадскія краявіды. Вал упрыгожваюць пушкі, якія таксама карыстаюцца поспехам у фатографаў.

Гісторыкі расказваюць, што вакол вала роў не напаўнялі вадой, хаця і размешчаны ён ля ракі. У роў убівалі калы, якія змазвалі экскрэментамі. Пасля нават нязначнага ранення чалавек паміраў ад заражэння крыві.

1000-гадовыя храмы

Цяпер Чарнігаў – 300-тысячны горад. Але гісторыкі кажуць, што найбольшага росквіту месца дасягнула ў дамангольскі перыях. Пасля нашэсця цудам выжылі шэсць архітэктурных помнікаў – пяць храмаў і комплекс Антоніевых пячораў. У дахрысціянскія часы ў гарах, дзе цяпер пячоры, былі капішчы.

Грошы на пабудову Пятніцкай царквы ахвяравалі мясцовыя жыхары. Храм назвалі ў гонар святой Параскевы, якая апякуе гандлярам – каб гандлярскія справы гараджан ішлі ўгору.

Кожны з храмаў мае сваю гісторыю – як пабудовы, так і шматлікіх аднаўленняў.

Чарнігаўскі цмок

На многіх сувенірах вы можаце ўбачыць выяву фантастычнага звера, які глытае свой хвост. Яго выява ўпрыгожвае і капітэль Барысаглебскага сабора. Чарнігаўскага звера атаясамліваюць з язычніцкім баством Сімарглам.

Гэты цмок выступае ў ролі пасярэдніка паміж небам і зямлёй, валодае чатырма стыхіямі, і ў час двувер’я яго выявай упрыгожвалі хрысціянскія храмы.

Таму падарункі з чарнігаўскім цмокам стануць лепшым гасцінцам. А падчас прагулкі па горадзе палічыце, колькі выяў сімаргла вы знойдзеце.

Цэны і гасціннасць

Акрамя багатых культурных уражанняў Чарнігаў дорыць непараўнальныя гастранамічныя. Турыстам лепш звярнуць увагу на месцы, дзе частуюць стравамі ўкраінскай кухні – тут вы непараўнальна смачна паясце, атрымаеце асалоду ад інтэр’ера і абслугоўвання.

Цэны што на ежу, што на жыллё ў Чарнігаве ніжэй за маладзечанскія. Так што вандроўка ў Чарнігаў стане добрым выбарам для адпачынку – і калі спыніцца тут, і калі пасля паехаць да Чорнага мора.

• Текст доступен на языке: Русский