Практычна поўная адсутнасць дзяржаўных газет і праблем з атрыманнем інфармацыі ад мясцовых уладаў. Глянцавыя часопісы, якія канкуруюць паміж сабой. Рэкламадаўцы і мадэлі, гатовыя заплаціць сотні долараў за тое, каб пабыць на глянцавай вокладцы.

Днямі журналісты «Рэгіянальнай газеты» наведалі Чарнігаўскую медыягрупу, пазнаёміліся з працай нашых калег. Пра структуру і працу медыягрупы нам распавёў яе дырэктар Яраслаў Сухамлін.

І ніякіх праблем з атрыманнем інфармацыі ад мясцовых уладаў

Сёння ў медыягрупу ўваходзіць радыё, некалькі газет, глянцавы часопіс, сайты. А гісторыя кампаніі пачынаецца ад 1997 года – ад адкрыцця першай радыёстанцыі ў Чарнігаве. Праз год з’яўляецца газета бясплатных аб’яў.

Радыё праіснавала нядоўга. І сёння ў медыягрупе сваёй радыёстанцыі ўжо няма. Аднак аддзел радыё ёсць. Тут запісваюць рэкламныя ролікі, якія потым гучаць на іншых радыёстанцыях.

Адна з газет медыягрупы – інфармацыйны штотыднёвік «Сем дзён». Яна выдаецца 18 гадоў. Тут працуюць тры журналісты і галоўны рэдактар. Для нас было нязвыкла, што калектыў – цалкам мужчынскі. Свайго сайта газета не мае. Ёсць толькі суполка ў фэйсбуку. Сёння тыраж газеты – 4 300, у добрыя часы – быў восем тысяч.

Як і да нас, у рэдакцыю прыходзяць чытачы са сваімі праблемамі. Рэдакцыя часцей пра гэтыя праблемы піша. Толькі вось атрымаць каментар ад прадстаўніка мясцовай улады ўкраінскім калегам куды лягчэй, чым нам.

– Чыноўнікі часцей за ўсё без праблем даюць нам інфармацыю. Па запытах працуем у выключных выпадках, – падзяліўся галоўны рэдактар газеты «Сем дзён» Сяргей Кірычэнка.

На думку ўкраінскіх калег, сёння журналісту не варта быць такім нейтральным, па-над усім, і ў матэрыялах хаваць уласны пункт гледжання на праблему.

– Мы лічым, што журналіст павінны выказваць сваю думку, тым самым неяк накіроўваць народ. А то наша журналісцкая нейтральнасць часам прыводзіць да таго, што выбіраюць не тых прэзідэнтаў, – падзяліўся Сяргей.

Газету прыносіць кур’ер

Акрамя «Сямі дзён» у медыягрупе яшчэ дзве газеты – «Аб’явы Чарнігава» і «У кожны дом». Аднак друкаваныя выданні паступова паміраюць усюды. Да таго ж ва Украіне не выпускаюць газетную паперу. Яе трэба набываць за мяжой.

Так чытачам прапануюць падпісацца на “Сем дзён” праз рэдакцыю. Ілюстрацыя 0462.ua.

Адзін нумар газеты «Сем дзён» каштуе шэсць грывен – 54 капейкі на беларускія грошы. Гадавая падпіска праз Укрпошту – трыста грывен – каля 27 рублёў. Аднак у медыягрупы ёсць магчымасць падпісаць на сваю газету праз рэдакцыю. Гэта танней – 220 грывен – каля 20 рублёў. Прычым чытачоў заахвочваюць падпісвацца менавіта праз рэдакцыю. За гэта даюць невялічкія гарантаваныя падарункі. А больш буйныя прызы разыгрываюць сярод падпісчыкаў.

Распаўсюджвае свае выданні медыягрупа самастойна. У Чарнігаве яны маюць свае кіёскі. Тут прадаюць уласныя выданні, а таксама канцылярыю і карткі на праезд. Ёсць кур’ерская дастаўка. Тым, хто падпішацца праз рэдакцыю, газету прыносіць кур’ер.

У кавярнях, гатэлях, рэстаранах выданні Чарнігаўскай медыягрупы размяшчаюцца на адмысловых стойках. Для сваіх наведнікаў газеты і часопісы набываюць установы.

Крыху пра чарнігаўскі глянец

Яшчэ адзін друкаваны прадукт чарнігаўскіх калег – глянцавы часопіс ВООМ. Яго пазіцыянуюць як гід па нясумным жыцці Чарнігава. Тут рэклама салонаў прыгажосці, кавярняў, рэстаранаў, фотастудый, клінік, турыстычных агенцтваў. Вялікае інтэрв’ю, матэрыял па гісторыі горада, афіша выходзяць бясплатна.

Глянцавая вокладка для рэкламадаўцы каштуе чатырыста долараў. Часцей дзвесце долараў плаціць кампанія, якая рэкламуецца, а дзвесце – мадэль – за тое, каб быць на вокладцы. Па словах работнікаў часопіса, заўсёды ёсць чарга з дзяўчат, якія жадаюць трапіць на вокладку.

– ВООМ – паспяховы, рэнтабельны і стабільны праект, – кажа кіраўнік медыягрупы. Нерэнтабельных праектаў у нас няма. Калі бачым, што нешта перастала прыносіць грошы, – закрываем.

Адзін з нумароў часопіса.

Часопіс выходзіць раз на месяц. Раз на год выдаюць дзіцячы ВООМ і вясельны ВООМ.

Два разы на год паспрабавалі выдаваць глянцавы часопіс пра ежу і напоі – «Смачне життя». Ва Украіне, як і ў нас, забаронена рэклама алкаголю і цыгарэт. Але ў спецыялізаваных выданнях гэтыя групы тавараў можна рэкламаваць. Таму і стварылі такі часопіс. Аднак пакуль, прызнаўся Яраслаў Сухамлін, выданне прыносіць больш выдаткаў, чым прыбытку. Таму яго выпуск прыпынілі.

Штогадовы рэкламны праект медыягрупы – карта Чарнігава. З адваротнага боку на ёй размяшчаюць макеты ад рэкламадаўцаў.

Ад рускай мовы – да ўкраінскай

Па словах украінскіх калег, дзяржаўных газет ва Украіне на сёння практычна няма. Так, пасля раздзяржаўлівання многія выданні зніклі. Але гэта нядрэнная тэндэнцыя.

– Адразу стала бачна, якія газеты не трэба чытачам. Як толькі дзяржава перастала іх падтрымліваць, як толькі знікла прымусовая падпіска, зніклі і газеты. Такім чынам, медыярынак Украіны ачысціўся ад смецця, – лічыць Яраслаў.

Гарадскія мерапрыемствы – яшчэ адзін від дзейнасці медыягрупы. Ужо некалькі год запар летам журналісты ладзяць фестываль «Зелена сцэна». У скверы ў цэнтры Чарнігава выступаюць музыкі – як мясцовыя, так і з іншых гарадоў. На бліжэйшыя фестывалі плануюць запрасіць музыкантаў з Беларусі. Так, днямі Чарнігаўская медыянрупа праводзіла у горадзе джазавы фестываль. Такімі актыўнасцямі займаецца супрацоўніца Леся Федрэнка, а да правядзення далучаюцца іншыя работнікі.

А яшчэ цягам апошніх год большая частка газет ва Украіне перайшлі з рускай мовы на ўкраінскую.

А згодна з Законам аб мовах, да 2022 года ўсе друкаваныя выданні павінны стаць украінамоўнымі, а сайты – займець версіі на ўкраінскай мове. Калі Зяленскі не скасуе гэты закон, удакладняе дырэктар медыягрупы.

• Текст доступен на языке: Русский