Фота kakxranit.ru.

Самагонны апарат, тры тысячы літраў спіртазмяшчальнай вадкасці і 120 літраў  гатовага самагону знайшлі міліцыянеры падчас рэйду на прыватным падворку ў Маладзечне.

Падпольны міні-завод па вытворчасці хмельнага напою арганізаваў 39-гадовы беспрацоўны гараджанін. Міні-завод мужчына размясціў у гаспадарчай пабудове. Паводле папярэдняй інфармацыі, агрэгат здольны быў вырабляць каля 120 літраў у суткі. Калі міліцыянеры зазірнулі ў суседняе памяшканне на прысядзібным участку, сярод пустых каністраў знайшлі чатыры 30-літровыя ёмістасці з гатовым самагонам.

У цэху па вытворчасці самагона.

Са слоў гаспадара, алкаголь прызначаўся выключна для асабістых патрэб. Самагонны апарат дэмантавалі і канфіскавалі. Забралі і спіртныя напоі.

Раней гэтага грамадзяніна да адміністрацыйнай адказнасці за падобныя правапарушэнні не прыцягвалі.

Таксама ў поле зроку маладзечанскіх міліцыянераў трапіла 53-гадовая жыхарка Маладзечна. Па месцы жыхарства жанчына арганізавала ў падвале цэх па разліве самагонкі.

Тут гаспадыня разлівала самагон.

Міліцыянеры знайшлі больш за дзвесце спіртнога і некалькі дзясяткаў бутэлек. Як патлумачыла сама гаспадыня, напой хацела выкарыстоўваць для сябе. Самагон канфіскавалі. Раней гараджанка прыцягвалася да адказнасці за самагонаварэнне.

• Текст доступен на языке: Русский