Фрагмент праекта Цэнтральнай плошчы з генплана Маладзечна 1947 года. Крыніца: БДАНТД.

Жыхары Маладзечна абмяркоўваюць праект новага будынка ЗАГСа, які павінны паўстаць на месцы знесенай стаянкі каля Цэнтральнай плошчы. Пакуль праходзіць грамадскае абмеркаванне праекта, краязнаўца з Маладзечна Уладзімір Садоўскі ўзгадвае, што хацелі пабудаваць на меркаваным месцы будучага ЗАГСа пасля вайны і чаму гэта не атрымалася.

Планы забудовы будучай Цэнтральнай плошчы разгарнуліся ў пасляваенныя гады. Ёсць звесткі, што яшчэ польскія ўлады ў канцы 1930-х гадоў планавалі асвоіць гэту частку горада, але іх задумкі перакрэсліў верасень 1939-га.

Забудова абласнога цэнтра

У генплане 1947 года Цэнтральная плошча была пазначаная як новы адміністрацыйны цэнтр абласнога горада. Маладзечна ад 1944 да 1960 года мела статус абласнога цэнтра БССР, таму архітэктурныя праекты, створаныя ў гэты прамежак часу, у першую чаргу, былі накіраваныя на тое, каб прывесці былы павятовы горад Маладзечна ў адпаведнасць з новым высокім статусам.

Цэнтральная плошча будавалася ў наўпростым сэнсе сярод чыстага поля, амаль што на сярэдзіне шляху паміж чыгуначнай станцыяй і раёнам былога фальварка Гелянова, дзе ў даваенныя часы размяшчаўся гарнізон Войска Польскага. Згодна з генпланам 1947 года, на пляцоўцы, адведзенай пад новы ЗАГС, планавалі ўзвесці два адміністрацыйныя будынкі, пазначаныя на плане лічбамі 27 і 28.

У тлумачэнні да генплана напісана, што пад нумарам 27 разумеюць будынак “дома судовых органаў”, папросту кажучы, абласны суд, а 28 – гэта Дом піянераў.

Фрагмент генплана Маладзечна 1947 года з забудовай Цэнтральнай плошчы. Крыніца: БДАНТД

Як можна бачыць з вышыні нашага часу, далёка не ўсё запланаванае ў генплане 1947 года здзейснілі. Ні суд, ні Дом піянераў, так і не пабудавалі да таго моманту, калі ў 1956 годзе пачалі распрацоўваць новы генплан горада. Ужо паводле новых распрацовак, на пляцоўцы, якая тады пуставала, запланавалі вялікі будынак аблвыканкама, пазначаны на генплане лічбай 5.

Фрагмент генплана Маладзечна 1956 года з забудовай Цэнтральнай плошчы. Крыніца: БДАНТД

Згодна з праектам, гэта павінны быў быць тыповы для сярэдзіны 1950-х адміністрацыйны будынак у манументальным, але някідкім стылі.

Якраз у 1955 годзе пачаў дзейнічаць хрушчоўскі загад у галіне спрашчэння савецкай архітэктуры, вядомы ў шырокіх колах, як “загад аб скасаванні архітэктурных празмернасцяў”.

Пустая пляцоўка

Праект будынка аблвыканкама 1956 года. Крыніца: БДАНТД.

Як і папярэдні, генплан Маладзечна 1956 года не быў рэалізаваны цалкам. І адной з галоўных перашкодаў на шляху выканання, хутчэй за ўсё, стала страта горадам статуса абласнога цэнтра. У 1960-м годзе па загадзе Хрушчова ў рэспубліках Савецкага Саюза правялі ўзбуйненне адміністрацыйных адзінак, у выніку якога Маладзечанская вобласць ліквідавалі, раёны падзялілі паміж трыма суседнімі абласцямі: Мінскай, Віцебскай і Гродзенскай.

На фотаздымку Цэнтральнай плошчы 1959 года, які на днях знайшоўся ў фондах Музейна-выставачнага цэнтра расійскага горада Находка, можна пабачыць, што пляцоўка пад будучы аблвыканкам была агароджаная і на ёй нават пачалі земляныя работы. Але, відаць, пасля скасавання вобласці патрэба ў такім вялікім будынку адпала і працы спынілі.

Урачыстасці на Цэнтральнай плошчы ў 1959 годзе. Крыніца: МВЦ г.Находка

 Да нашага часу незабудаваная пляцоўка ў самым цэнтры горада ператварылася ў прахадную пустку.

На фотаздымках савецкіх часоў можна пабачыць, як падчас свят на плошчы непрывабную пустую пляцоўку закрывалі ад гледачоў шэрагам сцягоў ці плакатаў. У часы незалежнай Беларусі від на пустку перакрыў шэраг прыватных крам і агароджаная стаянка, але зусім нядаўна гэта знеслі пад патрэбы новага будаўніцтва.

У 1980-я гады пры стварэнні новага генплана цэнтральнай часткі Маладзечна на месцы пусткі планавалі будынак, аддалена падобны на цяперашні праект ЗАГСа. Пакуль не маем інфармацыі пра тое, якое прызначэнне меў гэты будынак на макеце, але цалкам можа быць, што цяперашні праект можа быць працягам ідэй 1980-х гадоў.

Цэнтральная плошча ў 1980-я.
Макет Цэнтральнай плошчы на фота 1980-х.
Макет Цэнтральнай плошчы на фота 2019. Крыніца: сайт Маладзечанскага РВК

• Текст доступен на языке: Русский