Будаўнічыя работы на тэрыторыі Гальшанскага замку прыпынілі, частку парэшткаў перавезлі ў Інстытут гісторыі НАН для антрапалагічнай экспэртызы. Такі вынік розгаласу гісторыі з пашкоджаннем 700-гадовых пахаванняў, якія тут былі яшчэ да будаўніцтва палаца Сапегаў.

Чытайце яшчэ: Побач з замкам у Гальшанах бульдозеры разбурылі магільнік 700-гадовай даўніны

Чытайце яшчэ: «Ёсць больш раннія пахаванні». Што адбываецца ў Гальшанах, дзе разбурылі могільнік 700-гадовай даўніны

Падчас добраўпарадкавання на тэрыторыі Гальшанскага замка на Ашмяншчыне будаўнікі ўскрылі грунтовы могільнік ХІІІ-XIV cтагодзьдзя. Адно пахаванне цалкам знішчана, два моцна пашкоджаныя гусенічнай тэхнікай, ацалела толькі апошняе. Пры гэтым амаль уся навакольная плошча ўжо або засыпаная пяском, або залітая бэтонам. Літаральна з-пад каўша археолагі Павал Кенько і Яўген Ўласавец выцягвалі косьці ды бясцэнныя артэфакты, якім 700, а можа і 800 гадоў.

«Будаўніцтва з сур’ёзным парушэннем заканадаўства»

Як магла здарыцца такая сытуацыя? Надзвычайнае здарэнне камэнтуе намесьнік дырэктара па навуковай працы Інстытуту гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Вадзім Лакізаі.

— Вадзім Леанідавіч, дык ці існуе археалагічны кантроль за тым, што адбываецца на тэрыторыі Гальшанскім замку?

— Як такога археалагічнага кантролю не было — натуральна, да таго моманту, пакуль не было зафіксавана руйнаванне магілаў. Гэта значыць, заяўкі на ажыццяўленне археалагічных даследаванняў, як таго патрабуе заканадаўства, Інстытут гісторыі не атрымліваў. У канцы мінулага тыдня я пра гэта даведаўся ад нашага археолага Паўла Кенькі, які ў пятніцу і суботу там быў. Ён мае адмысловы дазвол на правядзенне даследаванняў на Гальшанскім археалагічным комплексе. У сваю чаргу, яго праінфармаваў наш былы супрацоўнік Яўген Уласавец, які ў мінулым месяцы звольніўся з установы з уласнага жадання.

Усе наяўныя звесткі я давёў да Ашмянскага райвыканкаму, падняўшы пытанне, чаму так ажыццяўляюцца работы. Даведзена інфармацыя і да Міністэрства культуры: упраўленне гісторыка-культурнай спадчыны павінна прымаць рашэнне ўжо на той падставе, што замак у Гальшанах — гэта гісторыка-культурная каштоўнасць.

— Іншымі словамі, асабіста вы парушэнні бачыце бясспрэчныя?

— Тое, што там робіцца, адбываецца з сур’ёзным парушэннем нацыянальнага заканадаўства. Я размаўляў з прадстаўніком падраднай арганізацыі, якая праводзіць там работы, пра неабходнасьць спыніць любыя земляныя і будаўнічыя работы да завяршэння археалагічных даследаванняў дзеля захавання гісторыка-культурнай спадчыны.

Там аказалася тэрыторыя грунтовага могільніка ХІІІ—ХІV стагодздзяў. Згадкі пра гэта ёсць у археалагічных працах ХІХ стагодздзя, не было толькі вядома канкрэтнае месца. І каб для распрацоўкі і ажыццяўлення захадаў у ахове археалагічнай спадчыны звярнуліся ў Інстытут гісторыі раней, безумоўна, да такой надзвычайнай сытуацыі не дайшло б.

«Мусяць рэагаваць кампэтэнтныя органы»

— Ці прыпыненыя там земляныя работы? Якая апошняя інфармацыя?

— Земляныя работы не праводзяцца некалькі дзён, але, на жаль, ужо парушаны значны верхні пласт. Павел Кенько і Яўген Ўласавец зрабілі тое, што магчыма: зачышчана некалькі пахаванняў, сабраны археалагічны матэрыял, унікальныя артэфакты. Загадчык аддзелу археалёгіі Андрэй Вайцяховіч падрыхтаваў службовую запіску, працягнулі камандзіроўку, Павел працягвае працу. Была папярэдняя дамоўленасць з Ашмянскім райвыканкамам, што ўпраўленне капітальнага будаўніцтва дашле ліст на заключэнне дамовы на ажыццяўленне ратавальных археалагічных даследаванняў у зоне правядзення земляных будаўнічых работ.

Безумоўна, ёсьць пытанні. Найперш трэба разбірацца ў каардынацыі арганізацый, якія адказваюць за ахову гісторыка-культурнай спадчыны. Гэта тычыцца не толькі дзяржаўных інстытуцый, а і грамадзкіх арганізацый, канкрэтных людзей, у чыю кампэтэнцыю гэта ўваходзіць. Добра, што актыўна падключылася грамадзтва, але мусяць рэагаваць на сытуацыю і кампэтэнтныя органы.

— Што замінае рабіць так, як гэта робіцца ў цывілізаваным свеце?

— У нас нармальнае заканадаўства, дзе дакладна прапісана, што павінна рабіцца на аб’ектах гісторыка-культурнай спадчыны падчас земляных, будаўнічых, мэліярацыйных ды іншых работ. Ёсць кодэкс «Аб культуры», шэраг нарматыўна-прававых актаў. Нарэшце, заканадаўства аб адміністрацыйных працэдурах (пункт 3.15-1, падпастанова 156), дзе абгаворваецца выдача заключэння Інстытутам гісторыі пра наяўнасць ці адсутнаьць археалагічных аб’ектаў на канкрэтнай тэрыторыі. Любым падобным работам павінна папярэднічаць археалагічная экспэртыза. А ў дачыненні Гальшанскага замка і навакольнай тэрыторыі тым больш.

І мяне здзіўляе, чаму арганізацыя ІКАМОС, якая ўдзельнічае ў рэстаўрацыйных работах і ведае, як ўсё павінна рабіцца, дапускае ігнараванне заканадаўчых нормаў. Не заўсёды вінаватая дзяржава. За ўсім стаяць асобы: хтосьці не ўзгадняе, хтосьці не падпісвае, а хтосьці капае і раскідвае косткі. Як з гэтым змагацца і як вылечыць такое грамадзтва — рэцэптаў пакуль няма. Але ў дачыненні Гальшанаў прыкра ўдвая. З аднаго боку, хочацца зрабіць добраўпарадкаванне, а з другога, калі паўсюль валяюцца парэшткі, гэта няправільна. Нехта скажа, што няма надмагілляў, нічога не ведаем. Але ж часам і на могілках аналагічнае адбываецца, а ўсім, прабачце, «па барабану».

«Можам толькі ўздзейнічаць на заказчыкаў»

— Інстытут гісторыі можа нешта ініцыяваць прэвэнтыўна, адчуваючы, што справа рызыкуе завершыцца катастрофай?

— Як толькі паступіла інфармацыя, мы адрэагавалі. Справа ў тым, што ў нас не так шмат археолагаў. Калі паглядзець на колькасць ратавальных даследаванняў, і так працуем на знос. Велізарная колькасць работ, якія не спыняюцца нават зімой — мне і самому даводзілася атрымліваць дазволы. Выдзяляюцца сродкі на рэканструкцыю мастоў, на падрыхтоўку месцаў пад дні пісьменства ці «Дажынкі». Археолагі ўвесь час у полі.

Робім маніторынг, спрабуем уздзейнічаць на заказчыкаў, кантактуем з людзьмі, якім неабыякавая наша спадчына — адразу рэагуем на іх сыгналы. Так атрымалася і з Гальшанамі. Бо ціха-спакойна ўкачалі б пад асфальт, зрабілі б «цацку» на костках. Бачыш гэтыя фатаздымкі — і агортвае роспач. Не павінна так быць. Таму чакаем адказу з Ашмянаў, чаму вывернулі старадаўні могільнік.

Што да Інстытуту гісторыі… Мы дзяржаўная навуковая арганізацыя. Робім тое, што ў нашых сілах і ў рамках заканадаўства. Калі да нас звяртаюцца, на падставе заключэнняў праводзім ратавальныя даследаванні, раскопкі, нагляд. Дарэчы, цяпер вось у Полацку разгортваецца дзіўная сытуацыя. Так, у нас могуць быць асабістыя меркаваньні аб кожным аб’екце, але задача — правесці ахоўныя захады ў рамках заканадаўства.

 

— Вадзім Леанідавіч, які лёс чакае знойдзеныя парэшткі?

— Штосьці будзе перазахавана, штосьці пакінута ў інстытуце. Дамовіліся з Паўлам Кенькам частку фрагмэнтаў даставіць у Мінск, дзе антраполагі абмераюць, апішуць, правядуць неабходныя даследаванні. Гэта вельмі важны навуковы матэрыял, нягледзячы нават на тое, як ён атрыманы. Плюс сведчанне таго, што там вялікі грунтовы могільнік, не толькі знойдзеныя пахаванні.

Плюс самі па сабе ўнікальныя артэфакты — прадметы, пахаваныя разам з памерлымі ў ХІІІ–ХІV стагодзьдзях. Таму добра, што ўдалося ў апошні момант выратаваць, хоць вінаватым і трэба выставіць рахунак за разбурэнне археалягічнай і гісторыка-культурнай спадчыны. А то некаторыя асобы маюць занадта вялікі карт-бланш…

Зараз у Гальшанах мусіць ажыццяўляцца не толькі археалагічны нагляд, а і паўнавартасныя ратавальныя раскопкі. Райвыканкам, заказчык, падрадная арганізацыя павінны забяспечыць працоўнай сілай, а археолагі — атрымаюць адрасны дазвол на аб’ект. Хоць, паўтаруся, дазвол у Паўла Кенькі, які займаецца гэтым пэрыядам і тэрыторыяй, ужо ёсць.

Паводле гістарычных звестак — «Хроніка Быхаўца», «Хроніка Літоўская і Жамойцкая», «Наўгародзкі летапіс» — да 1525 году замак быў ва ўладанні князёў Гальшанскіх, а пасля шлюбу князёўны Алены з Паўлам Сапегам перайшоў да прадстаўнікоў гэтага роду. Цягам гісторыі комплекс шмат разоў разбураўся і перабудоўваўся.

Выглядае, што сярэднявечныя будаўнікі больш ранніх пахаваньняў не закранулі. Ці былі яны ў ХVI стагоддзі нейкім чынам абазначаныя, дакладных зьвестак няма. Як і таго, хто канкрэтна знайшоў там апошні спачын. Магчыма, адказы на пытанні дасць навуковая экспэртыза.