Ад 9 снежня да 13 студзеня на тэрыторыі Маладзечанскага раёна праводзіцца комплекс мерапрыемстваў па супрацьдзеянні нелегальнаму абароту фальсіфікаванай кантрафактнай алкагольнай прадукцыі і спіртаўтрымліваючай вадкасці.

Мерапрыемствы праводзяць супрацоўнікі аддзялення па барацьбе з эканамічнымі злачынствамі сумесна з іншымі структурнымі падраздзяленнямі Маладзечанскага РАУС. Як адзначыў начальнік АБЭЗ Дзмітры Жартун, асноўная задача – перакрыць каналы незаконнага ўвозу алкагольнай прадукцыі, а таксама спыніць факты нелегальнага яе вырабу, разліву, захоўвання і рэалізацыі.

Гэтая прадукцыя сумнеўнай якасці, таму небяспечная для здароўя насельніцтва. Як правіла, фальсіфікаваны і кантрафактны алкаголь у краіну трапляе з Расіі. Спрыяльныя ўмовы для нелегальнай дзейнасці стварае адсутнасць кантраляванай мяжы паміж дзяржавамі, а таксама развітая сетка рэалізацыі ў прымежных з рэспублікай раёнах кантрафактнага спіртнога, якое мае прывабныя знешні выгляд і кошт.

Цанавая даступнасць такіх напояў з’яўляецца ключавым фактарам для пэўных грамадзян. Да таго ж, рэалізацыя «дублікатаў элітнага алкаголю» негатыўна адбіваецца на дзейнасці айчынных вытворцаў.

Мерапрыемствы па выяўленні каналаў пастаўкі нелегальнага алкаголю даюць вынікі. У верасні маладзечанскія праваахоўнікі канфіскавалі буйную партыю кантрафакту. 28-гадовы індывідуальны прадпрымальнік абсталяваў у мікрааўтобусе ў грузавым адсеку тайнік, у якім перавозіў 600 літраў 95-працэнтнага этылавага спірту і 12 бутэлек гарэлкі «Нафта», не маркіраванай беларускімі акцызамі. Па выніку мужчына пазбавіўся тавару коштам 13,5 тысяч рублёў і быў прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці па арт. 12.27 КаАП Рэспублікі Беларусь.

Нагадаем, у выпадку ўстанаўлення фактаў незаконнага захоўвання, гандлю, вытворчасці, а таксама перамяшчэння фізічнай асобай, якая не з’яўляецца індывідуальным прадпрымальнікам, алкагольных напояў бутлегер пагражае штраф у памеры ад дзесяці да двухсот базавых велічынь з канфіскацыяй напояў, абсталявання, сыравіны і матэрыялаў, якія выкарыстоўваюцца для іх вырабу (арт. 12.27 КаАП Рэспублікі Беларусь).

Маладзечанскі РАУС звяртаецца з просьбай да  грамадзян інфармаваць аб фактах незаконнага абароту алкагольнай прадукцыі ў аператыўна-дзяжурную службу па тэлефонах 8 (029) 753-99-40 альбо 102, а таксама па адрасе г. Маладзечна, вул. Галіцкага, 23. Атрыманая інфармацыя ў абавязковым парадку ставіцца на кантроль і падвяргаецца дбайнай праверцы. Канфідэнцыяльнасць гарантуецца.