Ракаўская сярэдняя школа. Фота vk.com.

Ракаў — гэта мястэчка за 25 кіламетраў ад Мінску. Яно заўсёды лічылася беларускім па духу, там працуе музей-галерэя «Янушкевічы», мястэчка мае багатую гісторыю. Сярэдняя школа ў Ракаве заўсёды была беларускамоўнай, такой яна з’яўляецца і цяпер.

Тым не менш перад пачаткам наступнага навучальнага года група бацькоў пастанавіла дабівацца рускамоўнай адукацыі. Быў складзены зварот, пад якім падпісалася 8 чалавек, і накіраваны ў Валожынскім райвыканкам.

У пачатку снежня ў Ракаўскую сярэднюю школу прыязджалі чыноўнікі з райвыканкама, каб паразмаўляць пра сітуацыю з бацькамі. Па звестках «НН», кіраўніцтва раёна было зацікаўленае ў тым, каб школа заставалася беларускамоўнай, але бацькі ўпёрліся. Хочам навучацца па-руску — і ўсё.

Таццяна Крыкала. Фота volozhin-edu.by.

Начальніца ўпраўлення адукацыі Валожынскага райвыканкама Таццяна Крыкала расказала «НН», што сапраўды да іх паступіў такі зварот.

– На яго ўжо далі адказ, што навучанне будзе адбывацца згодна з заяваў бацькоў. Калі будуць ахвотныя вучыцца па-руску, значыць, будуць такія класы.

Мы ўдакладнілі ў спадарыні Крыкала, калі раптам бацькі ўсіх першакласнікаў захочуць вучыцца па-руску, то няўжо не будзе ніводнага класа па-беларуску? «Так», — адказала чыноўніца.

Пры гэтым яна зазначыла, што астатнія класы — ад 2 да 11 — будуць працягваць навучанне па-беларуску. «Ніякага сэнсу пераводзіць навучанне на рускую мову няма. Дзеці ўжо вучацца па-беларуску, нехта рыхтуецца да іспытаў», — кажа Таццяна Крыкала.

Дарэктарка Ракаўскай сярэдняй школы Ганна Віктаровіч сказала «НН», што налета плануецца набор адразу чатырох першых класаў. Яна пакуль не ведае, колькі з іх будзе вучыцца па-беларуску, а колькі — па-руску.

Пры гэтым яна адзначае, што могуць узнікнуць праблемы, бо школа атрымлівае падручнікі раз на чатыры гады. І ўсе ранейшыя падручнікі былі толькі па-беларуску.

Алена Надзежкіна. Фота ok.ru.

«НН» звязалася з Аленай Надзежкінай, якая з’яўляецца адной з ініцыятарак навучання на рускай мове. Мы папрасілі жанчыну патлумачыць, адкуль узнікла такое жаданне. Яе рэакцыя была дастаткова нервовай.

– Для майго дзіцяці руская мова з’яўляецца роднай. І ў нас ёсць права, дадзенае нам прэзідэнтам Беларусі, навучацца на рускай мове. На нашай роднай мове. Калі б мы былі татары, то мы б навучаліся на татарскай мове, — сказала Надзежкіна.

Калі мы пацікавіліся, дык чаму тады татары на татарскай, то беларусы — не на беларускай, спадарыня Алена перайшла на крык:

– Вы хочаце аказаць на нас ціск? Не атрымаецца! Я дзяржаўны юрыст, і я буду дзейнічаць у адпаведнасці з законам. Маё меркаванне не зменіцца.

Наступным пытаннем было, якое стаўленне заяўніца мае да беларускай мовы. «У Беларусі па Канстытуцыі дзве дзяржаўныя мовы. Для мяне руская мова — родная. Было б пра што гаварыць, у школе ўсе абвесткі вісяць на рускай. Я не буду адказваць на пытанне, што для мяне беларуская мова».

Сям’я Алены Надзежкінай пераехала ў Ракаў з Мінска.

Нагадаем, што ў пачатку гэтага навучальнага года на рускую мову былі пераведзеныя некаторыя класы ў гімназіі горада Дзяржынска, раней яна была беларускамоўнай.