Калі намеснік генеральнага дырэктара па навуковай рабоце Аб’яднанага інстытута праблем інфарматыкі НАН Беларусі Уладзімір Лапіцкі не выйшаў на працу пасля адпачынку, яго калегі занепакоіліся. Пазней даведаліся: Уладзіміра Анатолевіча больш няма ў жывых, разам з ім памёр Леанід Ляўшынскі, партнёр па навуковых распрацоўках і кіраўнік кампаніі «Белінфарашэнні», піша Tut.by.

Што канкрэтна здарылася ў раёне Ждановічаў, дзе знайшлі целы мужчын, калегі Уладзіміра Лапіцкага не ведаюць. Яны чакаюць, чым скончыцца праверка Следчага камітэта.

— Сёння мы развітваемся з Уладзімірам Лапіцкім і яго партнёрам па навуковых распрацоўках Леанідам Ляўшынскім. Яны дамагліся выдатных вынікаў у галіне інфарматызацыі аховы здароўя. Гэта іх велізарная заслуга, большасць буйных распрацовак у галіне інфарматызацыі аховы здароўя — праца калектыву пад кіраўніцтвам Лапіцкага, — адзначае Аляксандр Тузікаў, генеральны дырэктар Аб’яднанага інстытута праблем інфарматыкі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі.

Уладзімір Лапіцкі. Фота з сацыяльных сетак.

Уладзіміру Лапіцкаму было 56 гадоў, апошнія гады ён займаўся тым, каб беларускія бальніцы і паліклінікі ад звыклых папер і картак перайшлі на электронную дакументацыю, а яшчэ выступаў за тое, каб льготныя рэцэпты таксама сталі электроннымі. У інтэрнэце можна знайсці некалькі патэнтаў, дзе аўтарамі значацца Уладзімір Лапіцкі і Леанід Ляўшынскі. Напрыклад, яны распрацоўвалі комплекс інтэлектуальнага кіравання дарожным рухам, прыладу для рэгістрацыі цыталагічных даследаванняў

— Учора мы даведаліся, што яны пайшлі з жыцця. Памерлі адначасова, разам. Мяркуючы па ўсім, гэта адбылося 16 снежня. Дзіўная гісторыя … Падрабязнасцяў ніхто не ведае, версій шмат, у інстытут ужо прыходзіў Следчы камітэт, – распавядаюць калегі Уладзіміра Лапіцкага.

Кажуць, менавіта калегі сталі шукаць Уладзіміра Анатольевіча, ён разведзены, таму з роднымі не хутка ўсталявалі сувязь. Супрацоўнікі занепакоіліся, калі мужчына не выйшаў на працу пасля адпачынку.

Учора, 17 снежня, пустую машыну Ляўшынскага знайшлі ў раёне Ждановічаў, відаць было, што яна пасля ДТЗ. А праз нейкі час недалёка ад аўто ў вадасховішчы ўсплылі целы Лапіцкага і Ляўшынскага. На апазнанне прыязджаў сын Лапіцкага.

Tut.by звярнуўся па каментар у Следчы камітэт, там адказалі: «Калі магчыма будзе што-небудзь сказаць для грамадскасці, мы будзем гэта рабіць з дапамогай нашых афіцыйных рэсурсаў».

• Текст доступен на языке: Русский