Тут ніхто не стрыжэ дрэвы, таму яны вялізныя і разгалістыя. Любую пустку абавязкова азеляняюць, нават калі гэта балкон ці дах. А пляцоўку для адпачынку і шпацыру з дзецьмі могуць зрабіць нават на… старых могілках.

У рамках праграмы для актывістаў Prodvizhenie-2019 жыхарка Маладзечна Ірына Тархан наведала Берлін. Маладзечанка пазнаёмілася з працай мясцовых актывістаў, узяла новыя ідэі для ўласных праектаў, а па прыедзе падзялілася ўражаннямі ад падарожжа з карэспандэнтам «Рэгіянальнай газеты».

Няспешнасць і шпацыр у гадзіну ночы

У Берліне адразу заўважаеш іншы рытм жыцця, кажа Ірына. Тут больш спакойна, няспешна. У гадзіну ночы людзі шпацыруюць пад вокнамі, нібыта гэта пяць вечара. А ў пятніцу ў Берліне больш руху. Адразу бачна, што людзі едуць адпачываць. Прычым як моладзь, так і людзі ва ўзросце 60+.

Многія НДА месцяцца ў будынках былых прадпрыемстваў.

Ірына заўважыла своеасаблівы нямецкі клімат. Адчуваўся значны перапад паміж дзённай і вячэрняй тэмпературай. Але з надвор’ем пашанцавала. Амаль увесь тыдзень было сонечна. У канцы лістапада яшчэ ўсе дрэвы было ў лістоце.

– Так атрымалася, што паездка падарыла нам некалькі дадатковых гадзін. Мала таго, што мы нібы з лістапада вярнуліся ў верасень. Дык яшчэ з-за розніцы ў часе вылецелі з Беларусі ў 12:25. І ў Германію прыляцелі таксама ў 12:25.

Адкуль на вуліцах Берліна памідоры і суніцы

З досведу нямецкіх актывістаў маладзечанку зацікавіў накірунак «Ядомы горад», пакуль не распаўсюджаны ў Беларусі. Проста на вуліцах Берліна садзяць гарадскія фруктовыя сады, робяць агароды.

Грады з суніцамі, памідорамі, зелянінай – звычайная з’ява на вуліцах Берліна. Бацькі прыводзяць сюды дзяцей, каб паказаць, што ягады і гародніна растуць не ў супермаркетах.

Ірына лічыць, што падобныя агародзікі будуць запатрабаваныя ў Маладзечне. Тым больш, досвед у нас ужо ёсць. Сёлета маладзечанцы паставілі бочкі на вуліцы стрыт-фуда і вырасцілі там кабачкі.

Кветнік.

– Я так зразумела, што ў нямецкіх гарадах прасцей дамовіцца з мясцовымі ўладамі. Таму сады і агароды – на любым лапіку гарадской зямлі. Калі гэты ўчастак пакуль не патрэбны для іншых мэт, яго аддаюць актывістам, а яны добраўпарадкуюць яго на свой густ. Абносяць агароджай, робяць месца для агульнага адпачынку і правядзення нейкіх актыўнасцяў. Тут можа стаяць сцэна, дзе моладзь чытае рэп. Часам ладзяць фестывалі і экамаркеты. На некаторых пляцоўках ёсць месца для вогнішча і альтанкі, – дзеліцца маладзечанка.

Сунічнік у горадзе.

Хочаш больш даведацца пра дрэва? Сфатаграфуй яго

Пляцоўкі, створаныя актывістамі, – па ўсім горадзе, часам нават у самым цэнтры. Адна з такіх – старыя могілкі, на месцы якіх зрабілі гарадскі сад. Тут часта гуляюць мамы з дзецьмі, ёсць лаўкі, каб прысесці, і прылады для дзіцячых гульняў.

У такіх буданах жывуць мясцовыя даўншыфтары.

Шмат арганізацый у Берліне займаецца экалагічнымі праблемамі. Але гэта не толькі збор смецця. Так актывісты з арганізацыі «Bund» абараняюць птушак і вадаёмы, выступаюць супраць светлавога забруджвання і атамнай энергетыкі і за тое, каб жывёлы жылі сярод людзей.

Яны ж распрацавалі пазнавальны дадатак для мабільнага тэлефона. З дапамогай яго можна сфатаграфаваць дрэва, а потым прачытаць пра яго ў сваім мабільніку. Арганізацыя вельмі вялікая і ўплывовая. Як кажуць яе сябры, нас больш, чым людзей у парламенце.

І яшчэ адзін кветнік.

Ірыне спадабаўся досвед працы культурнай лабараторыі спроб і памылак. Яе сябры займаюцца тым, што збіраюць непатрэбныя рэчы і раздаюць іх тым, хто мае патрэбу. Яшчэ адзін накірунак – выраб новых рэчаў са старых.

– Для нас правялі майстар-клас па вырабе бранзалетаў. Яны выглядаюць як скураныя, а робяцца з роварнай камеры з дапамогай стэплера і заклёпак, – дзеліцца Ірына.

З бітага посуду і цэменту тут вырабляюць дэкаратыўную плітку, якая потым прыгожа глядзіцца ў горадзе. З дапамогай арганізацыі можна па дагаворы папрацаваць у мясцовых фермераў. А калі прыйдзе час збору ўраджаю, атрымаць экалагічную садавіну і гародніну.

Удзельнікі майстар-класа з тымі самымі бранзалетамі з роварнай камеры.

Чаму Маладзечна стэрыльны горад і ці добра гэта

– Калі глядзіш на муралы і графіці ў Берліне на дамах і нават на рэштках Берлінскай сцяны, разумееш графіцістаў, якія прыязджалі распісваць вуліцу стрыт-фуда ў Маладзечне. Тады яны сказалі, што Маладзечна – гэта стэрыльны горад, – дзеліцца суразмоўца.

Графіці на Берлінскай сцяне.

Цягам года Ірына займаецца праектам «Наш двор»: ладзіць святы для суседзяў, добраўпарадкуе тэрыторыю. Таму не магла не звярнуць увагі на мікрараёны, дзе кожны двор добраўпарадкаваны па-свойму. У адным – вялізнае дрэва на ўвесь двор, а вакол яго – пясочніца. У другім – маленькія крамы, у трэцім – кавярні, кіно і музей.

Берлінскія сувеніры.

– Уразіла, што ў нашых нямецкіх калег проста гарэлі вочы, калі яны дзяліліся з намі досведам. Было адразу бачна, што людзі робяць галоўную справу свайго жыцця, – падсумавала Ірына.

Фотаздымкі забяспечаныя Ірынай Тархан.

• Текст доступен на языке: Русский