У новым Кодэксе аб адміністрацыйных правапарушэннях плануецца перагледзець некаторыя санкцыі і правапрымяняльную практыку. Аб гэтым сёння паведаміла намесніца кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта Вольга Чупрыс, піша БелТА.

«Нам неабходна вызначыцца, як мы падзелім адміністрацыйныя правапарушэнні, — адзначыла Вольга Чупрыс. — Яны будуць градзіраваны на некалькі відаў па аналогіі з Крымінальным кодэксам: менш цяжкія, больш цяжкія».

У новым КоАП будуць перагледжаны санкцыі, некаторыя з іх стануць мякчэйшыя. Магчыма, асобныя правапарушэнні стануць лічыцца нязначнымі і пазбавяцца падстаў для прыцягнення да адказнасці. Такая норма ёсць і сёння, але, паводле слоў намесніка кіраўніка Адміністрацыі, яна працуе не зусім добра. Цяпер вывучаецца практыка прыцягнення да адказнасці. Эксперты лічаць, што адміністрацыйны працэс павінен быць больш хуткім і не павінен выклікаць цяжкасці.

«Калі, напрыклад, грамадзянін гатовы аплаціць штраф на месцы, то гэта не павінна быць перашкодай для яго далейшага прасоўвання па службе: ён прызнаў віну, і гэта не з’яўляецца тым правапарушэннем, якое павінна прывесці для яго да сур’ёзных наступстваў», – растлумачыла Вольга Чупрыс.

Акрамя таго, у асобным раздзеле кодэкса хочуць абагульніць работу, звязаную з выкарыстаннем тэхнічных сродкаў фіксацыі правапарушэнняў.

«Цяпер гэтыя нормы разрозненыя. Калі яны будуць згрупаваны, то практыка пойдзе ўжо іншым шляхам: адкрыў, паглядзеў, аператыўна прымяніў», — сказала намеснік кіраўніка Адміністрацыі.

• Текст доступен на языке: Русский