Фота mir24.tv.

20 снежня ў рамках маштабнай рэспубліканскай акцыі «Нашы дзеці» ў Маладзечне зладзяць навагодні баль для моладзі Мінскай вобласці.

Удзельнікамі мерапрыемства стануць трыста навучэнцаў 9-11 класаў з усіх раёнаў Міншчыны – пераможцы алімпіяд, творчых конкурсаў і спартыўных спаборніцтваў, актывісты валанцёрскага руху.

У святочнай навагодняй праграме больш за 15 нумароў. Удзельнікі балю будуць танцаваць вальс, польку, паланэз і падэграс. Для гасцей свята будуць працаваць навагоднія і тэматычныя фотазоны.

Удзельнікаў балю чакаюць майстар-класы бальных танцаў, выступленні салістаў Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета Рэспублікі Беларусь, творчыя нумары ў выкананні акцёраў Мінскага абласнога драматычнага тэатра і Беларускай дзяржаўнай харэаграфічнай гімназіі-каледжа.

Жывое музычнае суправаджэнне падорыць заслужаны аматарскі калектыў Рэспублікі Беларусь – сімфанічны аркестр Маладзечанскага дзяржаўнага музычнага каледжа імя  Агінскага. У завяршэнне навагодняга балю усе ўдзельнікі атрымаюць падарункі ад старшыні Мінскага аблвыканкама.

Свята правядуць па Вялікім Гасцінцы, 102, у ДУ «Мінская абласная комплексная дзіцяча-юнацкая спартыўная школа 2011».