17 снежня быў прыведзены ў выкананне смяротны прысуд у дачыненні да Аляксандра Асіповіча, піша «Комерцыйны кур’ер». Яго прысудзілі да смяротнага пакарання за забойства двух дзяўчат.

Аб прывядзенні прысуду ў выкананне «Камерцыйныаму кур’еру» паведаміла старшы пракурор аддзела пракуратуры Магілёўскай вобласці Вольга Іванова. На гучным працэсе яна выступала ў якасці абвінаваўцы.

9 студзеня гэтага года 36-гадовы Аляксандр Восіпавіч за забойства з асаблівай жорсткасцю дзвюх дзяўчат у Бабруйску быў прысуджаны да смяротнага пакарання. Пры разглядзе яго апеляцыі ў Вярхоўным судзе ён звяртаў увагу на тое, што гэта было забойства пры самаабароне. Вярхоўны суд пакінуў прысуд без зменаў.

Што адбылося

Нагадаем, рана раніцай 20 ліпеня 2018-га ў міліцыю Бабруйска патэлефанавала спалоханая дзяўчына і пракрычала, што разам з сяброўкай яны замкнуліся ў ваннай, а да іх ломіцца мужчына. Яна змагла назваць толькі вуліцу і нумар кватэры (няправільны), пасля чаго званок абарваўся.

Па камерах адсачылі, што ноччу з мясцовага кафэ на таксі з незнаёмцам з’ехалі дзве сяброўкі. Дзяўчат знайшлі ўжо мёртвымі, ім было 26 і 27 гадоў. Адна, па заключэнні экспертаў, атрымала 77 цялесных пашкоджанняў, у другой — 16 ран.

Гэта былі ўдары нажом, малатком і рукамі. Яны трапілі ў гэтую кватэру з кафэ «Прэстыж», дзе напярэдадні адпачывалі і пілі. Мужчына шмат «прыняў» яшчэ да таго, у дзяўчат ап’яненне ацэньвалі на ўзроўні ад трох праміле. Пасля закрыцця кафэ, калі мужчына чакаў сваё таксі, сяброўкі заадно папрасілі падвезці іх дадому. Але па дарозе купілі піва і апынуліся ў выніку ў яго.

«70 працэнтаў усіх далейшых падзей я не памятаю, — казаў у судзе абвінавачваны Аляксандр Асіповіч. Хоць згадваў версію, нібыта тыя што-небудзь падсыпалі яму ў алкаголь і, можа, прыехалі са сваімі намерамі. — Што магло справакаваць мяне на такія дзеянні, я не ведаю. Сам я чалавек добры і сентыментальны».

Перад прысудам ён прасіў прабачэння і прасіў не пазбаўляць яго жыцця. Але маці забітых дзяўчат разважалі інакш: «Хай ён там [на тым свеце] перад імі павініцца». Раней мужчына быў судзімы за прычыненне цяжкіх цялесных пашкоджанняў, ад якіх загінуў чалавек. Акрамя таго, былі судзімасці за рабаванне, крадзеж, злоснае хуліганства — а ўсяго амаль 12 гадоў, гэта значыць траціну жыцця, ён правёў на зоне. Сям’і ў яго не было.