Фота Дар'і Сапранецкай.

У Мінску з’явілася маленечкая скульптура, якая сімвалізуе беларускае эга. Самы маленькі помнік у горадзе тлумачыць: «Беларусь – не Белоруссія!», піша tut.by

Афіцыйна «помнік беларускаму эга» адкрыецца 20 снежня. Скульптуру паставілі на сцяне па вуліцы Зыбіцкай, 6.

Вышыня скульптуры — 15 сантыметраў. Яе абсталявалі лупай — так можна разгледзець дробныя дэталі. Напрыклад, лідскія красоўкі на нагах беларуса і валасінкі бароды.

Акрамя лупы, тут ёсць падсвятленне, а таксама камеры відэаназірання, каб зберагчы працу ад вандалаў.

На помнік пайшло паўтара кілаграма бронзы і два тыдні працы скульптара Станіслава Нікановіча.

Сцяну побач са скульптурай распісала мастачка Зоя Луцэвіч.

Яўген Мяцеліца, уласнік найбліжэйшага бара і ініцыятар усталявання скульптуры, бачыць у працы толькі пазітыўны сэнс.

— Мы тлумачым, што з’яўляемся беларусамі, што пішацца наша краіна як Беларусь. Выдатна, што ўсё больш краін прызнае напісанне, вызначанае нашай Канстытуцыяй.