Каля Гальшанскага замка падчас будаўнічых работ знайшлі могільнік 700-гадовай даўніны. Археолагі кажуць, што будаўнікі пашкодзілі археалагічныя пласты не толькі могільніка, але і замка. Працу па добраўпарадкаванні тэрыторыі хочуць завяршыць напрыканцы снежня, аднак гісторыкі плануюць паўнавартасныя раскопкі пасля Новага года.

Першым забіў трывогу экс-супрацоўнік Інстытута гісторыі Яўген Уласавец. Знаёмы скінуў яму відэаролік «Ашмянскага весніка», дзе паказалі працы каля Гальшанскага замка. Пра добраўпарадкаванне Уласавец не ведаў і падумаў, што вядзецца яно з парушэннямі. Ён патэлефанаваў калегу, які займаецца рэгіёнам, аднак той пра будаўнічыя работы не чуў.

Будоўля ля Гальшанскага замка.

Пасля Яўген зрабіў яшчэ адзін званок у Інстытут гісторыі НАН. Там таксама нічога не ведалі пра добраўпарадкаванне тэрыторыі каля замка і ніхто не запытваў Адкрыты ліст.

Уласавец тлумачыць, што пра могільнік гісторыкі ведалі раней. Пра яго існаванне распавядалі сучаснікі ў 19 стагоддзі.

– Мы хацелі шукаць могільнік, але перадумалі. Трэба было зрабіць вялікі аб’ём працы, каб яго выявіць. Могільнікі сапраўды цяжка знайсці, – кажа Яўген.

У Гальшаны Яўген разам з археолагам Інстытута гісторыі Паўлам Кенькам прыехалі на наступны дзень – 13 снежня.

– Адразу ўбачылі факт парушэння культурнага пласта. Сталі хадзіць, убачылі чалавечыя косткі. Разумееце, цяпер кіпіш накіраваны на могільнік, але там парушаны і культурны пласт замка. Гэта абуральны факт!

Па словах Яўгена, будаўнікі ніяк не рэагавалі на археалагічныя знаходкі падчас будоўлі. Ён прывёў прыклад выпадку ў Жупранах, калі будаўнікі таксама працавалі, а гісторыкі на тым месцы назбіралі 20 мяшкоў костак.

– А ім – усё роўна. Іх справа капаць, а не абмяркоўваць.

«Паміж Інстытутам гісторыі і райвыканкамам ёсць дамоўленасць»

Уласавец і Кінько працавалі 13 снежня ўвесь дзень: заклалі шурф, зачысцілі косткі адной жанчыны, пачалі зачышчаць астанкі другой, але не паспелі з-за цемры. Паралельна звязаліся з Інстытутам гісторыі, каб там рыхтавалі дакументацыю на археалагічныя раскопкі. У нядзелю дакапалі шурф і сабралі знаходкі.

Уласавец пацвердзіў, што Павел Кенька зноў збіраецца ў Гальшаны. Цяпер усё ўпіраецца ў тое, што ў Інстытуце гісторыі чакаюць лісты ад Ашмянскага райвыканкама.

– Паміж Інстытутам гісторыі НАН і райвыканкамам ёсць вусная дамоўленасць. Яны прызналі віну і цяпер павінны выслаць дагавор на падпісанне аб правядзенні археалагічных работ.

Што знайшлі?

Могільнік датуецца 13-14 стагоддзямі. Там знайшлі жаночыя ўпрыгажэнні – тыповы набор для заможнай жыхаркі этнічных ліцвінскіх зямель. У адной жанчыны быў сярэбраны пярсцёнак з каменьчыкам і сярэбраныя бляшкі. У другой былі два пярсцёнкі – сярэбраны і бронзавы, камплект бляшак, падвеска бронзавага ключыка, нож у скураных ножнах з меддзю.

Фотаздымкі Яўгена Уласаўца.

У адвалах знайшлі два крэміраваныя мячы, грыўню, сярэбраны пярсцёнак. Іх археолагі датавалі 14 стагоддзем. Уласавец адзначае, што традыцыя крэмацыі была распаўсюджаная ў больш ранні перыяд.

Каля Гальшанскага замка спальвалі нябожчыкаў па абрадзе крэмацыі, там жа былі могілкі, дзе іх хавалі. Пасля прыняцця хрысціянства на тым месцы зноў сталі хаваць. Пасля крэмацыі нябожчыкаў хавалі пад дзёрнам, а ў хрысціянскі перыяд закопвалі глыбей – на 60-100 сантыметраў.

– Крэмацыйны пласт перакопвалі і клалі новых нябожчыкаў. Прасцей сказаць, усё змешвалі. У больш познія пахаванні маглі трапіць рэчы больш ранніх пахаванняў. Калі бульдозерам зносілі, то знеслі, у першую чаргу, такі пласт.

«Не капаем, а займаемся добраўпарадкаваннем»

Карэспандэнты «РГ» наведаліся 17 снежня ў Гальшаны, каб высветліць, што адбываецца на тэрыторыі каля замка.

На дарозе і на пляцоўцы перад фасадам замка стаяла будаўнічая тэхніка, шмат пліткі на паддонах, а будаўнікі працягваюць займацца працай. Мы высветлілі, на добраўпарадкаванне тэрыторыі прывезлі ў той дзень новую брыгаду рабочых.

Галоўны майстар прадставіўся Іванам, але адмовіўся называць прозвішча. Пра могільнік майстар таксама ведае, але пераконвае, што на гэтым месцы будоўля была ўсё жыццё. Ён сказаў, што цяпер будаўнічыя работы спынілі, але брыгады працуюць над добраўпарадкаваннем тэрыторыі.

Галоўны майстар Іван.

– Робім усё, каб было месца для паркоўкі машын і аўтобусаў, каб турысты маглі свабодна наведваць замак.

Іван распавёў, што арганізацыя «Граніт+» рабіла рэканструкцыю вежы. Аднак і яна яшчэ не завершаная: там будуць ставіць лесвіцу, рабіць роспісы ўнутры.

Майстар лічыць, рэканструкцыю старых пабудоў, і не толькі Гальшанскага замка, трэба было даўно рабіць:

– Але як-небудзь акуратна. А то ўзялі кусок, зрабілі і забылі.

У Гальшанах даведаліся пра могільнік праз інтэрнэт

У мясцовай бібліятэцы жанчыны абмяркоўвалі знаходку могільніка. Мясцовая жыхарка Таццяна добра ведае археолагаў, якія штогод прыязджаюць у Гальшаны. Па яе словах, пра могільнік і знаходкі костак даведаліся дзякуючы інтэрнэту. Гальшанскі замак знаходзіцца побач з самім мястэчкам, да яго можна дайсці пешшу за 15 хвілін з цэнтра.

Старшыня сельвыканкама Вайцех Коўзан таксама даведаўся пра могільнік праз інтэрнэт. Археолагаў ён ведае, але яны да яго не заходзілі. Старшыня падтрымлівае ідэю кансервацыі Гальшанскага замка. Коўзан называе нядобрасумленных турыстаў адной з прычын, чаму трэба рабіць кансервацыю.

Старшыня сельвыканкама Вайцэх Коўзан.

– Руіны замка небяспечныя, таму маглі быць няшчасныя выпадкі, але нічога не здарылася. Некаторыя на машынах заязджаюць аж да гістарычных аб’ектаў. Навошта? Што, так цяжка прайсці па прыродзе, шышкі сасновыя пазбіраць па дарозе?

Коўзан кажа, што пасля кансервацыі і добраўпарадкавання каля Гальшанскага замка для рэгіёна ўзмоцніцца турыстычны патэнцыял.

– Гальшаны замыкаюць турыстычны маршрут, таму паток беларускіх і замежных турыстаў вялікі. Замежнікі прыязджаюць да нас з Літвы і Польшчы.

– Адкуль грошы на добраўпарадкаванне тэрыторыі?

– Гэта наш і абласны бюджэт. Грошы даваў і Прэзідэнцкі фонд.

Вайцех Коўзан не ўпэўнены, калі завершацца працы па добраўпарадкаванні, называе канец снежня. Аб гэтым сведчыць шыльда з пашпартам аб’екта. Заказчыкам з’яўляецца ўпраўленне капітальнага будаўніцтва Ашмянаў. Работы выконвае кампанія «Граніт+».

Але Яўген Уласавец распавёў «РГ», што Павел Кенька збіраецца ў 2020 годзе на тэрыторыі могільніку правесці паўнавартасныя археалагічныя раскопкі.

Фотаздымкі Настассі УТКІНАЙ.

• Текст доступен на языке: Русский