Андрэй Федаценка

Учора музычная фармацыя PLINFA з Полацка зладзіла прэм’еру новага кліпа на песню «Закон тени». Прафесійнае відэа – нячастая з’ява ў беларускай музыцы, таму і звярнула на сябе ўвагу музычнага аглядальніка «Рэгіянальнай газеты».

Што за PLINFA?

PLINFA – музычная фармацыя з Полацка. Шырока яна невядомая, аднак існуе ўжо даволі працяглы час. Як прызналіся «РГ» удзельнікі праекта, першапачаткова ён не меў жывога складу. Песні запісваліся дома, як кажуць, «на каленцы», на голым энтузіязме і ў сваё задавальненне. Аднойчы захацелі паспрабаваць стварыць музычнае відэа – і захапіла. «Закон тени» – ужо пяты кліп палачан.

– У працэсе стала фарміравацца каманда, праект пачаў абзаводзіцца складам музыкаў, якія спачатку проста выконвалі ролі ў кліпах, а пасля сталі збірацца на рэпетыцыі і працаваць над старым матэрыялам, і рабіць зусім свежыя песні, – расказаў гітарыст PLINFA Яўген Елісеенка. – Лідар і заснавальнік праекта – Андрэй Федаценка, сёння на бас-гітары з намі грае Канстанцін Шалуткевіч, на барабанах – Сяргей Арлоўскі.

Чаму такая назва

Цяперашнюю назву – PLINFA – фармацыя атрымала паўгода таму. Плінфа – гэта тонкая абпаленая цэгла, будаўнічы матэрыял, які выкарыстоўваўся ў Старажытным Рыме, Візантыі і ў Старажытнай Русі. З плінфы пабудаваны Сафійскі сабор у Полацку. І ў гэтым – сімвалізм назвы музычнай фармацыі.

– Сафійскі сабор пабудавалі ў 11 стагоддзі, а стаіць і сёння! – адзначыў Яўген Елісеенка. – Гэта помнік, у тым ліку, майстрам таго часу – цяпер і мы працуем, каб наша творчасць засталася на як мага больш працяглы час.

Пра што новая песня

У «скарбонцы» праекту – ужо чатыры прафесійных кліпа і адзін аматарскі. Музыкі вырашылі апублікаваць яго таксама, каб можна было параўнаць умоўныя «ўчора» і «сёння».

– Новая песня «Закон тени» – пра ўласцівую людзям асаблівасць адкладаць справы на потым, баяцца перамен. Засыпаць з думкай, што «заўтра я скручу горы», «змяню лад жыцця», «кіну шкодныя звычкі», а раніцай – прачынацца і працягваць жыць па накатанай, заставацца ў зоне камфорту, чакаць лепшага моманту для зменаў… Хавацца ў цень, у ілюзію, навязаную звонку, – тлумачыць Яўген Елісеенка.

Сюжэт кліпа – гэта дзіўны, абсурдны і месцамі жудасны сон галоўнага героя. Ці здолее герой вырашыцца на перамены, як прачнецца?.. Гэтае пытанне музыканты пакідаюць без пэўнага адказу.

Тэкст песні быў напісаны Андрэем Федаценкам больш за тры гады таму. Як прызнаюцца музыкі, песня доўга ляжала на паліцы, пераасэнсоўвалася, рэдагавалася, змянялася ў працэсе рэпетыцый. Трэк запісалі на хатняй студыі «ЗіС Records» у Полацку. У гэтым жа горадзе здымалі відэа. Здымачна-мантажны працэс расцягнуліся амаль на паўгады.

Падчас здымак кліпу

Як здымалі кліп

– У свой час нам пашчасціла спаткацца з вельмі зладжанай камандай CINEMA BROS. PRODUCTION – Віктарам Прыходзькам і Ягорам Зімаковым. Новы кліп – наша чацвёртая супраца. Яны забяспечылі здымку і займаліся мантажом. З танцамі нам дапамагла студыя KolibryFamily – вялікі дзякуй кіраўніку студыі Вользе Марчанкавай. Таксама хочам падзякаваць адміністрацыі Полацкага гарадскога палаца культуры і асабліва Інзе Крывіцкай за дапамогу ў арганізацыі здымак, – кажа Яўген Елісеенка. – І, канешне, дзякуй Кірылу Смалякову за аранжавы Mercedes!

Нягледзячы на дэфіцыт часу і, адпаведна, вялікую колькасць мітусні, здымкі выдаліся вясёлыя, прызнаюцца музыкі:

– Калі працавалі над сцэнай выкрадання на адной з полацкіх вуліц, у нас з’явіўся глядач – кіроўца экскурсійнага аўтобуса, які прыпаркаваўся недалёка ад нас і з цікавасцю назіраў за тым, што адбываецца. Хапіла гумару і на здымках танцораў, вельмі пазітыўна правялі час. А як здымалі сцэны са звярамі-зомбі, жываты натуральна балелі ад смеху!

Што цяпер?

У 2015 быў выпушчаны першы і пакуль адзіны альбом. Ён выйшаў дробным накладам на CD.

– Ён быў вельмі сыры. Нават не ўсе песні адтуль публікавалі ў сеціве. Таму цяпер плануем запіс новага альбома. Магчыма, там будзе і некалькі старых песень – натуральна, пераасэнсаваных, – распавёў Яўген Елісеенка. – Зараз мы, мусіць, крыху адпачнём, а далей – зноў «у бой з самім сабой», як спяваецца ў адной з нашых старых песень.

Падчас выступу на байк-фестывалі ў Полацку.

Іншыя відэапрацы PLINFA можна паглядзець на YouTube-канале каманды.

Усе фотаздымкі — з архіву PLINFA.

• Текст доступен на языке: Русский