Ілюстрацыйнае фота pikabu.ru.

20 снежня кіраўніцтва Вілейскага райвыканкама сустрэлася з вілейчукамі ў Вілейскім водаканале. Расказалі, што зрабілі за год у школах і садках на Вілейшчыне, а таксама ў бальніцы і на сельгаспрадпрыемствах.

Па словах старшыні райвыканкама Алега Бегунца, за лістапад-снежань у адукацыю раёна дадаткова выдзелілі грошы на набыццё рознага спартыўнага інвентара для школ і дзіцячых садоў.

У бліжэйшы час адкрыюць рэгістратуру паліклінікі і абноўлены першы паверх. Тут усталююць тэрмінал электроннай чаргі, што дадасць камфорту ў абслугоўванні хворых.

У будынках Вілейскай ЦРБ замянілі шэсць ліфтаў. Таксама замянілі ўсе ліфты ў жылым фондзе ГУП «Вілейская ЖКГ». Заасфальтавалі праблемныя вуліцы ў горадзе і на раёне.

Чатыры сельгасарганізацыі перададалі ў кіраванне інвестарам – гэта «Даўгінава», «Новая Вілія», «Новая Любанія», «Стайкі».

Старшыня адзначыў, што раён чакае фінансавання на рамонт вуліцы Чапаева з уладкаваннем ліўнёўкі і асфальтавання дарогі.

Зменіцца сітуацыя з прыбярэжнай зонай Вілейскага вадасховішча, дзе да нядаўняга часу забаранялася любое будаўніцтва і добраўпарадкаванне. Вадасховішча ўвайшло ў праграму распрацоўкі генеральнага плана развіцця.

Гаварылі пра перанос тэрапеўтычнага аддзялення ў хірургічны корпус, што палепшыць умовы знаходжання там хворых. Бо ў корпусе ёсць і ліфты, і неабходныя спадарожныя аддзяленні, напрыклад, рэанімацыі.

Работнікаў водаканала цікавіла добраўпарадкаванне дваровай тэрыторыі па 1 Мая, 87. Яе паабяцалі паступова адрамантаваць у бліжэйшыя гады.

Цікавіліся, калі з’явяцца новыя маршруты ў мікрараёне «Паўночны». Гэта будзе ў бліжэйшы час, разам са зменамі іншых гарадскіх аўтобусных маршрутаў, пасля афіцыйнага дазволу.

 

• Текст доступен на языке: Русский