Жывёла наступнага года – Белы Металічны Пацук. Па традыцыі прыгадаем, што адбывалася ў рэгіёне ў мінулая гады Пацука. Пачнём з Маладзечна.

1924

Пачынаецца будаўніцтва ў фальварку Гелянова, што быў тады побач з Маладзечнам. Узводзяць цагляныя казармы для афіцэраў, іншыя аб’екты інфраструктуры для гарнізона 86 пяхотнага палка Войска Польскага.

Уладзімір Садоўскі падчас экскурсіі па Гелянове. Фота Таццяны Касьян.

У пачатку года ў польскую гімназію Тамаша Зана, што адчынілі двума гадамі раней у Маладзечне на вуліцы Вілейскай, прыехала група новых выкладчыкаў. Сярод іх – Тадэвуш Яцунскі – у будучым новы дырэктар гімназіі.

1936 год

8 студзеня ў вёсцы Дамашы, недалёка ад Маладзечна, нарадзіўся Генадзь Каханоўскі – беларускі гісторык, археолаг, фалькларыст, літаратуразнаўца, краязнаўца, аўтар кніг па гісторыі, які ўсё жыццё прысвяціў роднаму Маладзечанскаму краю.

Пачалі будаваць школу-сямігодку. Яе падмурак ёсць і цяпер на тэрыторыі сярэдняй школы №1 імя Янкі Купалы.

1948

1 студзеня ў Маладзечне стварылі гарадскі ўчастак водаправода. Воданапорная вежа была ў Гелянове. Каля вежы на вуліцы Чкалава месцілася майстэрня гарадскога водаправода. Каналізацыі ў горадзе пакуль не было.

У гэтым жа месяцы пры Маладзечанскім аддзеле стварылі ўпраўленне пажарна-старажавой аховы. А ў Красным пачаў працаваць кансервавы завод.

Першы герб Маладзечна.

Музей Янкі Купалы ў Вязынцы прыняў першых наведнікаў. А ў мястэчку Даўгінава нарадзіўся будучы мастак Юрась Герасіменка-Жызнеўскі. У хуткім часе сям’я пераехала ў Маладзечна. З тых часоў жыццё мастака звязанае з гэтым горадам. Працаваў у кніжнай, станковай і абстрактнай графіцы, у жанры партрэта.

Ён – аўтар першага герба Маладзечна «Папараць-кветка».

З’явіліся два Дамы культуры – гарадскі і чыгуначнікаў.

1960

Маладзечанская вобласць перастала існаваць. Горад далучылі да Мінскай вобласці.

Адчынілі політэхнічны тэхнікум. Яго размясцілі ў будынку на плошчы, у якім павінны быў месціцца аблвыканкам, калі б Маладзечна засталося абласным горадам. На дзённае аддзяленне прынялі трыста навучэнцаў. Яшчэ 83 перавялі з Мінскага энергатэхнікума і тэхнікума харчовай прамысловасці. На завочнае аддзяленне залічылі 410 навучэнцаў. Пры тэхнікуме арганізавалі Шацілкаўскі вячэрні філіял, каб рыхтаваць работнікаў для Васілевіцкай ГРЭС (цяпер Светлагорская ЦЭЦ).

Таксама ў горадзе з’явілася сярэдняя школа №6 (цяпер гімназія). Гэта была адна з першых у Беларусі школ, дзе паглыблена вывучалі англійскую мову.

Пры гарадскім Доме культуры стварылі студыю выяўленчага мастацтва. Пра яе працу неаднаразова пісаў нам пазаштатны аўтар Юрась Церабун, які сам займаўся ў гэтай студыі.

1972

Стварылі Купалаўскі мемарыяльны запаведнік «Вязынка» агульнай плошчай 21 гектар да 90-годдзя нараджэння Янкі Купалы. А скульптар Заір Азгур стварыў бюст паэта, які сёння сустракае наведнікаў у Вязынцы.

Пабудавалі першы дзевяціпавярховы будынак у Маладзечне – інтэрнат політэхнічнага тэхнікума на 640 месцаў.

1984

У снежні рабочая камісія прыняла будынак паста электрычнай цэнтралізацыі на чыгунцы ў Маладзечне. Пост будавалі для таго, каб скараціць працу стрэлачнікаў.

Выходзіць манаграфія Генадзя Каханоўскага «Археалогія і гістарычнае краязнаўства Беларусі ў XVI – XIX стст.». Манаграфія змяшчае багаты матэрыял па праблемах развіцця археалогіі і краязнаўства Беларусі ў дарэвалюцыйны час.

На будынку былой настаўніцкай семінарыі ўстанавілі мемарыяльную дошку ў гонар былых навучэнцаў і выкладчыкаў.

У Мінску нарадзілася будучы бард Таццяна Беланогая. У хуткім часе сям’я пераехала ў Маладзечна. Тут Таццяна скончыла гімназію №6.

1996

На акцыянерным таварыстве «Забудова» ў Чысці ўступіў у строй вытворчы комплекс па выпуску будаўнічых матэрыялаў і ўзвядзенні жылля.

У рамках фестывалю беларускай песні і паэзіі прайшоў бенефіс Уладзіміра Някляева. Упершыню на маладзечанскім фестывалі выступалі «Песняры». У музкаледжы адкрылі музычнае падвор’е «Новыя Агінты».

Дзмітры Асанаў. Фота fightershop.by.

Нарадзіўся Дзмітры Асанаўбеларускі баксёр, бронзавы прызёр чэмпіянату свету 2015 года, сярэбраны прызёр Еўрапейскіх гульняў 2015 года, чэмпіён Беларусі, майстар спорту міжнароднага класа.

2008

У Маладзечанскай ЦРБ з’явіўся камп’ютарны тамограф.

На харчовым рынку афіцыйна адкрылі новы бакалейны павільён на 38 гандлёвых месцаў.

Дырэктар Маладзечанскага музычнага вучылішча (цяпер каледжа) Рыгор Сарока атрымаў ордэн Францыска Скарыны.

Судмедэксперты пераехалі ў новы будынак на вуліцу Янкі Купалы. А ў парку адкрылі помнік удзельнікам баявых аперацый у іншых краінах.

У ліпені горад адсвяткаваў 620-гадовы юбілей. У жніўні пачалі рэканструкцыю аўтавакзала. Падчас работ у зямлі знайшлі патроны і косткі, падобныя да чалавечых.

21 ліпеня зацвердзілі новы герб Маладзечна і Маладзечанскага раёна – Багародзіцу ў сінім полі.

Папараць перастала быць афіцыйным сімвалам горада. На жаль.

• Текст доступен на языке: Русский