У Індрубцы дзеці гулялі з запалкамі і ўчынілі пажар

Малалетнія дзеці засталіся без нагляду і ўчынілі пажар у доме. Здарэнне адбылося 22 снежня ў Індрубцы.

У доме жылі гаспадыня, яе двое дзяцей дашкольнага ўзросту і яе брат. Сям’я стаяла на ўліку – знаходзiцца ў сацыяльна небяспечным становішчы, яе неаднаразова наведвала назіральная камісія.

У нядзелю раніцай жанчына пайшла на працу на ферму, яе брат у гэты час спаў.

Дзеці прачнуліся і ўбачылі запалкі, якія ляжалі на бачным і даступным месцы. Яны чыркалі імі і кідалі  паміж ложкам і сцяной. Тады і загарэўся дом.

Дзеці спалохаліся, абудзілі дзядзьку. Мужчына кінуўся заліваць агонь вадой, паведаміўшы пра пажар сястры, якая тут жа прымчалася на дапамогу. Разам яны каля гадзіны змагаліся з полымем і, толькі калі зразумелі, што не могуць патушыць, выклікалі выратавальнікаў.

У выніку пажару агнём пашкоджаны маёмасць у доме, сцяна, столь.

За гульні дзяцей з агнём дарослыя будуць прыцягнутыя да адміністрацыйнай адказнасці.

• Текст доступен на языке: Русский