23 снежня прамысловыя альпіністы зладзілі навагоднюю акцыю ў дзіцячым Рэспубліканскім навукова-практычным цэнтры хірургіі. Каля дваццаці Дзядоў Марозаў і Снягурка падняліся па сценах пяціпавярховага будынка і ўручылі дзецям у палатах падарункі. Адным з Дзядоў Марозаў быў ураджэнец Вілейкі, прамысловы альпініст Дзмітры Субач.
Зрабіць такую акцыю хлопцы вырашылі яшчэ ўвосень, калі ў касцюмах супер-герояў мылі вокны ў дзіцячым хоспісе.

– Цяжкавата было знайсці спонсараў для гэтага мерапрыемства. Звярталіся да сваіх буйных заказчыкаў. Нялёгка было слухаць адмовы, але ўрэшце спонсараў мы знайшлі, – дзеліцца хлопец.
Узгадніўшы дзеянні з кіраўніцтвам бальніцы, прамысловыя альпіністы ў касцюмах Дзядоў Марозаў рушылі па сценах будынка. А сярод 20 дзядоў была адна Снягурачка – альпіністка Юлія Гірыч, блізкая сяброўка Дзімы.
– Сярод дзяўчат таксама ёсць прамысловыя альпіністкі. Я ведаю трох, – кажа суразмоўца.
Праз вокны маленькія пацыенты Цэнтра хірургіі атрымлівалі ласункі. Па словах Дзімы, рэагавалі па-рознаму. Хтосьці радаваўся, хтосьці саромеўся. Асабліва Снягурка зацікавіла ўсіх. Было шмат ахвотных дакрануцца да яе і патузаць за святочнае ўбранне.
– А здаралася і такое: заскочыш у палату і бачыш, што дзіця радуецца табе. Але пасля некалькіх аперацый проста сіл не мае выразіць гэтую радасць, – дзеліцца хлопец.
У Дзядоў Марозаў-альпіністаў яшчэ засталіся і грошы, і ласункі ад спонсараў. Таму ў хуткім часе яны зробяць падобную акцыю для дзяцей, хворых на ДЦП і аўтызм.
– Такія акцыі трошкі стамляюць, але прыносяць вялікае задавальненне і ад зносін з дзецьмі, і ад сустрэчы з калегамі. Бо з іншымі прамысловымі альпіністамі бачуся рэдка, толькі падчас працы на буйных аб’ектах. А на акцыі да нас далучыліся нават альпіністы з Віцебска, – падсумаваў хлопец.
Фотаздымкі забяспечаныя героем публікацыі.
• Текст доступен на языке: Русский