Працягваем успамінаць, што прыносілі ў рэгіён ранейшыя гады Пацука. І сёння прыгадаем Вілейку.

1924

Вілейка, як і ўвесь рэгіён, ад 1921 года – у складзе Польшчы.

У горадзе з’явілася першая брыгада польскага Корпуса аховы памежжа. Месца выбралі адмыслова. На поўначы праходзіла мяжа з Латвіяй, на ўсходзе – з СССР, а за некалькі дзясяткаў кіламетраў на захад – з Літвой. У горадзе з’явілася школа для унтэр-афіцэраў. Спецыяльна для аховы мяжы ў Вілейцы рыхтавалі сапёраў.

Будынак, дзе месціўся корпус аховы памежжа ў Вілейцы. Фота з вікіпедыі.

У мясцовай гімназіі Генрыка Сянкевіча малюнак выкладае мастак пачынальнік плыні ўнізму ў мастацтве Уладзіслаў Страмінскі.

У Вязыні пачалі будаваць вадзяны млын. А яшчэ ад 1924 года пачынаецца гісторыя метэаралагічных назіранняў у Вілейцы.

1936

У Вілейскай гімназіі Генрыка Сянкевіча атэстат сталасці атрымалі 22 вучні. З іх – 15 гарадскіх, шэсць – сялянскіх і адзін – сын памешчыка.

Будынак былой польскай гімназіі ў Вілейцы, дзе выкладаў Уладзіслаў Страмінскі. Фота Аксаны Ярашонак.
Будынак былой польскай гімназіі Генрыка Сянкевіча ў Вілейцы. Фота аўтара.

А дзякуючы нашаму чытачу Кастусю Шыталю, мы даведаліся пра тое, як у 1936 годзе ў Вілейцы гандлявалі хрушчамі або майскімі жукамі. Кастусь знайшоў адпаведны тэкст у «Куфэрку віленскім» за 1936 год. «У пачатковай школе ў Вялейцы акцыя змагання са шкоднікам арганізаваная наступным чынам. Школьнае самакіраванне, якое мае сродкі з добраахвотнага падаткавання вучняў, ухваліла вылучыць пэўную суму на знішчэнне хрушчоў. Арганізаваў скупку гэтых шкоднікаў і плаціць за кілаграм хрушчоў па 70 грошаў.

Асобныя класы і дзеці цешацца, бо маюць магчымасць зарабіць пару грошаў, якія для найбяднейшых маюць вельмі вялікае значэнне. Самакіраванне нічога не будзе дакладаць, бо сабраных хрушчоў скупляюць гадоўцы курэй».

Ад гэтага года паэтку Ганну Новік польскія ўлады пасадзілі ў вілейскую турму, дзе жанчына знаходзілася два гады.

1948

У горадзе працуюць дзве сярэднія школы і вячэрняя школа працоўнай моладзі. У іх – 966 вучняў. У чэрвені ў школе №1 адбыўся першы пасляваенны выпуск.

У Вілейцы нарадзіўся Генадзь Варанцоў – дзяржаўны дзеяч, міністр юстыцыі Рэспублікі Беларусь ад 1997 да 2001 года.

Адкрылі бібліятэкі ў Кузьмічах, Касцяневічах, Забар’і, пасёлку Партызанскім, Рускім Сяле.

У вёсцы Варонічы ствараюць калгас. А яго старшынёй становіцца пэтка Ганна Новік.

У Вілейскай бальніцы пачаў працаваць ураджэнец вёскі Жоўткі, пазней – вучоны з сусветным іменем Мікалай Маліноўскі – хірург, прафесар Першага Маскоўскага дзяржаўнага медуніверсітэта імя Сечанава, акадэмік Акадэміі навук СССР і Расійскай Акадэміі навук, галоўны рэдактар часопіса «Хірургія». Працаваў да 1951 года.

У Расіі нарадзіўся Барыс Цітовіч – мастак, які цяпер жыве на Вілейшчыне ў вёсцы Заброддзе і стварыў там музей Першай сусветнай вайны.

Карціна Барыса Цітовіча “Шлях з вайны з мастацтва”, прысвечаная Уладзіславу Страмінскаму

На заводзе «Буддэталі» з’явіліся сталярны і мэблевы цэхі.

1960

Пасля скасавання Маладзечанскай вобласці Вілейка – у складзе Мінскай.

Савецкія ўлады зачынілі і разрабавалі царкву Раства Прасвятой Багародзіцы ў вёсцы Мільча. Храм аднавілі праз 33 гады.

У вілейскай спартыўнай школе адкрылі аддзяленне акрабатыкі.

Год завяршыўся ўводам у строй лініі электраперадач Маладзечна-Вілейка і трансфарматарнай падстанцыі «Вілейка».

1972

Віляйчанка Таццяна Мамай становіцца чэмпіёнкай Еўропы ў сінхронных скачках на батуце сярод юніёраў. Яе рыхтаваў трэнер вілейскай спартыўнай школы Пётр Зайцаў.

Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР за поспехі ў вытворчасці і продажы збожжа, цукровых буракоў і працоўную доблесць ва ўборцы ўраджаю дырэктару саўгаса «Любань» Яўгену Мірановічу прысвоілі званне Героя Сацыялістычнай Працы з уручэннем ордэна Леніна і медаля «Серп і молат».

У Старадарожскім раёне нарадзіўся Алег Бегунец старшыня Вілейскага райвыканкама ад студзеня 2019 года.

1984

У Вілейку прыязджае жыць і працаваць мастак Эдуард Мацюшонак. Ён і сёння выкладае выяўленчае мастацтва ў гімназіі «Логас», кіруе студыяй выяўленчага мастацтва, ладзіць выставы.

Мастакі Барыс Цітовіч (злева) і Эдуард Мацюшонак. Фота аўтара.

У Вілейцы пабудавалі аўтастанцыю. З таго часу будынак не бачыў вялікага рамонту. І толькі сёлета 20 снежня ўрачыста адкрылі рэканструяваны аўтавакзал.

Новы аўтавакзал. Фота аўтара

У Заброддзі з’явіўся парк памяці. Пісьменнікі Васіль Быкаў, Алесь Адамовіч і Рыгор Паплаўскі ў гэтым годзе пасадзілі тут першыя дрэвы.

Пабудавалі інтэрнат Вілейскага рамонтнага завода на 232 месцы.

1996

Пры Вілейскім Палацы культуры ствараюць народны вакальны гурт «Суквецце».

У газеце «Наша Ніва» друкуюць першыя вершы вілейчука Аляксея Чубата.

Набыла моц дамова «Аб парадку выкарыстання і ўтрымання радыёстанцыі «Вілейка». Згодна з ім, на радыёвузле ў вайсковай часці 49390 у Вілейцы не павінна быць больш за 250 расійскіх вайскоўцаў.

2008

Вілейскі тэатр Палаца культуры атрымаў званне народнага.

Супрацоўнікі РАНС зруйнавалі тры будынкі былога міжраённага скурвендыспансера ў Куранцы.

У краязнаўчым музеі адкрылася паслуга «Горка!» для маладых, якія хочуць справіць вяселле ў беларускіх традыцыях.

Народны артыст Беларусі Міхаіл Казінец сустрэў сваё 70-годдзе на радзіме. У Вілейскім Палацы культуры ён даў канцэрт.

Выйшла першая кніга пра вілейскае мастацтва – «Мастацкія скарбы Вілейскага краю». Аўтар – настаўніца выяўленчага мастацтва Святлана Чабатар.

Жыхару вёскі Абадоўцы Мікалаю Уладыку прадстаўнікі Польскай амбасады ўрачыста ўручылі пасведчанне ветэрана Войска Польскага.

Пайшоў з жыцця беларускі дзеяч і ветэран вайны, падпаручнік Войска Польскага, жыхар вёскі Лёпаўшчына Янка Каляда.

• Текст доступен на языке: Русский