У снежні ў Вілейцы завяршылі праект «Патрэба ў эфектыўным кіраванні жыллёва-камунальнай гаспадаркай». Ці палепшыў гэты праект жыццё гараджан? Як адбіўся на жыцці адной канкрэтна сям’і?

Віляйчанка Вольга Шляпо ў праектнай дзейнасці даўно. У праекце па ЖКГ была інфармацыйным менеджарам па працы з насельніцтвам. Сачыла за работай суполкі «Укантакце», ладзіла там акцыі і конкурсы, супрацоўнічала з прэсай, у тым ліку і з «Рэгіянальнай газетай». Такая ўцягнутасць у праект адбілася на жыцці Вольгі і яе сям’і.

– Канешне, мой светапогляд вельмі памяняўся, – кажа суразмоўца. – З’явілася шмат ведаў пра ўплыў клімату, перапрацоўку другасных рэсурсаў. Экалагічныя звычкі сфарміраваліся ў дзяцей і ў мужа, хоць ён ужо дарослы чалавек.

Кухня можа быць без пластыку

Вольга прызнаецца, што на яе кухні ўжо няма пластыкавага посуду, кантэйнераў. У сям’і стараюцца карыстацца толькі шклом. Паціху забываюцца і пра тэфлонавыя патэльні:

– Так, яны зручныя і лёгкія, аднак вельмі шкодныя і для нас, і для экалогіі. Таму я перайшла на чыгунныя патэльні. Хай цяжка, але бясшкодна, – кажа гаспадыня.

Таксама на кухні ў сям’і Шляпо стала менш сінтэтычных мыйных сродкаў. Посуд стараюцца мыць выключна содай.

А для таго, каб мыць вокны, ёсць воцат. Вольга запэўніла, што ён выдатна адмывае шкло. І на яго няма алергіі.

Калі жанчына ідзе ў краму, то абірае пральны парашок і іншыя гігіенічныя сродкі з экалагічнай маркіроўкай. На выключна натуральныя рэчывы замест шампуню Вольга яшчэ не перайшла, але эксперыментуе і з кефірам, і з мёдам.

– Калі была на адной з канферэнцый, даведалася, што грунтавыя воды і глебу найбольш забруджвае бытавое смецце. А менавіта адходы ад аўтамыек, з каналізацыі. Таму стараюся мінімізаваць мыйныя сродкі ў быце.

Вілейскі смеццевоз. Фота забяспечанае Вольгай Шляпо.

Сям’я сартуе смецце. Ёсць некалькі пакетаў – для пластыку, паперы, шкла і для агульнага смецця. Па словах Вольгі, і агульнае смецце за мяжой сартуюць больш дэтальна. Там ёсць асобны кантэйнер для ўпакоўкі. У Беларусі ж пакуль такога няма.

А што з лекамі, у якіх сышоў тэрмін прыдатнасці. Іх у сям’і пакуль не выкідаюць. Проста збіраюць у спадзеве на тое, што ў бальніцах і паліклініках некалі з’явяцца кантэйнеры, куды можна будзе іх выкінуць без шкоды навакольнаму асяроддзю.

– У краму хаджу з торбай з тканіны, – працягвае Вольга. – Калі атрымліваецца, што торбы няма, купляю прадуктаў менш, каб не браць пакет.

Жанчына кажа, што сям’я ва ўсім падтрымлівае яе. Тут важна выхоўваць асабістым прыкладам, лічыць яна. Калі дзеці бачаць, што мама сартуе смецце, і ў іх не падымецца рука закінуць пластыкавую бутэльку ў агульнае смецце.

Бонусам да экалагічнага светапогляду стала знаёмства з людзьмі, якія вядуць экалагічна сяброўскі лад жыцця

Што атрымаў горад ад праекта

 У рамках праекта ў сацсетцы «Укантакце» стварылі Інфацэнтр аб працы камунальных службаў. Мясцовыя жыхары цяпер могуць даведвацца пра навіны ЖКГ, абмяркоўваць балючыя тэмы, задаваць пытанні экспертам. Для школ і арганізацыі выпусцілі шмат каляровых буклетаў, плакатаў, налепак на кантэйнеры для паасобнага збору смецця.

Падчас адкрыцця пляцоўкі ў ЖКГ. Фота Аксаны Ярашонак.

На грошы праекта набылі больш за дзвесце кантэйнераў для паасобнага збору, кантэйнеры для небяспечных адходаў, лінію прасавання і цюкавання пластыку, вілачны пагрузчык, смеццявоз. У канцы лістапада на тэрыторыі ЖКГ урачыста адкрылі пляцоўку для часовага захоўвання адходаў электрычнага і электроннага абсталявання і іншых другасных матэрыяльных рэсурсаў.

Вольга перакананая, што пра поспех рэалізацыі праекта можна меркаваць па тым, што пасля яго застанецца Вілейшчыне і яе жыхарам. А калі так, то праект «Патрэба ў эфектыўным кіраванні жыллёва-камунальнай гаспадаркай» можна лічыць паспяховым.

Праект «Патрэба ў эфектыўным кіраванні жыллёва-камунальнай гаспадаркай»

Праект ладзілі ў Вілейскім і Іўеўскім раёнах. Тэрміны рэалізацыі: 1 жніўня 2016 – 1 жніўня 2018. Бюджэт: 702 699,87 еўра. Уклад ЕС 632 429,88 еўра.

Арганізацыяй выканаўцай выступіла Міжнароднае грамадскае аб’яднанне «Экапраект», партнёрамі – Вілейскі райвыканкам, Іўеўскі райкам, Беларускае таварыства абароны спажыўцоў, Баварскае агенцтва навакольнага асяроддзя.

Старую тэхніку – на пляцоўку. Фота Аксаны Ярашонак.

Прачытаць аб праекце і мерапрыемствах, што ладзіліся ў яго межах, можна на сайце Прадстаўніцтва Еўрасаюза, на сайце rh.by у суполцы «Інфармацыйны аб працы камунальных службаў» «Укантакце».

Артыкул падрыхтаваны ў межах сумеснага праекта з EU Neighbours East «Свой край» партрэты». Погляды, выяўленыя ў тэксце, належаць выключна аўтару артыкула. 

• Текст доступен на языке: Русский