Шэраг дабрачынных мерапрыемстваў зладзілі валанцёры цягам снежня.

Хто такія валанцёры? Для чаго патрэбныя добраахвотнікі ў жыцці грамадства? Пра гэта ішла размова на інтэрактыўным занятку “Спяшайцеся рабіць дабро” ў маладзечанскім цэнтры творчасці дзяцей і моладзі “Маладзік”.

Валанцёрам можа быць кожны. Для гэтага неабавязкова патрэбныя грошы, ды і занятак можна абраць па душы. Можна прыбіраць смецце, падкормліваць птушак і бяздомных жывёл, падклейваць кнігі ў бібліятэцы, дапамагаць пажылым людзям, ладзіць спектаклі для дзяцей-інвалідаў.

Які ён, валанцёр

На занятку асабліва заахвоціла ўдзельнікаў заданне па стварэнні вобраза валанцёра. Шчырасць, дабрыня, бескарыслівасць, ветлівасць – рысы, якія гучалі часцей за ўсё. А вось знешне, на думку ўдзельнікаў, добраахвотніка могуць выдаць пакеты з адсартаваным смеццем, торба з ежай для суседкі-бабулькі, чырвоны клоўнскі нос, які вяселіць хворых дзяцей.

Чалавек, які лічыць сябе валанцёрам, ніколі не стане “крычаць” аб сваім занятку. Вельмі трапна пра гэта сказаў нямецкі пісьменнік Гётэ: “Сапраўдная дабрачыннасць ніколі не азіраецца на цень свой – на славу”.

У канцы гульні каманды атрымалі літары і дарэмна спрабавалі сабраць з іх фразу, пакуль не здагадаліся, што літар не хапае і для паспяховага выканання задання трэба аб’яднацца. Так і ў валанцёрстве: разам – сіла!

Аздараўліваюць пазітывам

Удзельнікі трэнінгу вырашылі адразу перайсці ад слоў да справы. Літаральна на наступны дзень яны адправіліся ў дзіцячую бальніцу.

– Мы тут, каб падтрымаць хворых дзяцей і прынесці ім радасць, – адзначыла Эліна Балуш з клуба ЮНЕСКА “Планета”.

Пачуўшы вясёлыя воклічы Клоўна і ўбачыўшы пацешнага Пінгвіна, маленькія пацыенты імгненна сабраліся вакол іх. Дзецям прыйшліся даспадобы не толькі салодкія падарункі, але і жартоўныя загадкі, гульні і танцы. Як вядома, пазітыўныя эмоцыі, смех і прыемныя зносіны спрыяюць хуткаму выздараўленню.

Сыходзячы, госці пакінулі ў падарунак кнігі, якія сабралі спецыяльна для бальніцы, каб вольны час дзеці змаглі правесці з карысцю – за чытаннем.

Натхняюць прыкладам

Валанцёрам можа стаць нават той, хто сам мае патрэбу ў дапамозе. Пацвярджэннем гэтага стала творчая сустрэча з Віялетай Банковіч, якая жыве па прынцыпе “магчымасці абмежаваныя – здольнасці бязмежныя”. Дзяўчынка не можа хадзіць, але гэта не стала перашкодай на яе творчым шляху. Яна з задавальненнем займаецца рукадзеллем, спявае, наведвае мастацкую школу.

Асабліва ёй падабаецца ствараць вобразы на графічным планшэце. Кожны такі малюнак набліжае Віёлу да мары стаць мультыплікатарам. За плячыма – мноства перамог. Напрыклад, летась юная мастачка заняла першае месца ў абласным конкурсе малюнкаў “Свет маімі вачыма”.

Мары здзяйсняюцца

Сабраўшы ўсіх за агульным сталом, Віялета распавядала пра самыя яркія моманты жыцця. Запомнілася сустрэча з удзельнікамі “Еўрабачання” гуртом NaviBand. На ​​экскурсіі ў Маскве дзяўчынка пагутарыла са спявачкай Юліяй Самойлавай.

– Дзякуючы фонду “Белы бусел” мне ўдалося ажыццявіць дзве свае самыя запаветныя мары: падняцца ў неба на верталёце і адчуць сябе фотамадэллю, – з усмешкай успамінае Віялета.

У завяршэнні сустрэчы дзяўчынка правяла майстар-клас і навучыла ўдзельнікаў рабіць навагодняе ўпрыгожванне для дома.

Лепшыя вырабы Віялеты Банковіч і іншых дзяцей з інваліднасцю прадставілі на выставе ў час раённага інклюзіўнага фестывалю “Запалі сваю зорку” у рамках дабрачыннай акцыі “Нашы дзеці”. Маленькія зорачкі пакарылі гледачоў музычнымі і танцавальнымі талентамі, праявілі пры гэтым незвычайную фантазію і пазітыў.

У свеце так шмат людзей, якім не хапае цяпла, клопату, увагі. І калі кожны з нас зробіць хаця б адну добрую справу, то свет заззяе ад усмешак людзей, якія стануць больш шчаслівымі.