Каля 22.30навагодні яблык яшчэ радаваў жыхароў. А потым знік. Фота Ірыны Тархан.

Пра гэта нам паведаміла маладзечанка, актывістка, арганізатар святаў двара Ірына Тархан.

– Учора, 29 снежня, мы аздаблялі двор да Новага года. Упрыгожылі ялінку, а таксама арт-аб’екты – яблык і ровар. Яшчэ каля 22.30 усё было на месцы. А пасля яблык знік разам з дзвюма гірляндамі, якімі быў упрыгожаны, – дзеліцца Ірына.

Цяпер вельмі крыўдна ўсім: і тым, хто гэты яблык рабіў, і тым, хто яго ставіў, і тым, хто проста цешыўся, гледзячы на яго, кажуць жыхары.

Арганізатары звярнуліся ў міліцыю. Цяпер чакаюць вынікаў.

Нагадаем, што двор на вуліцы Скарыны, дзе жыве Ірына Тархан з сям’ёй, вядомы сваім крэатыўным знешнім выглядам і тым, што актывісты ладзяць там святы для суседзяў. На працягу года тут была і Масленіца,  Дзень ведаў, свята Дзяцінства і «Яблычны пірог», падчас якога жыхары і ўстанавілі арт-аб’ект у выглядзе яблыка. Яго зрабіў жыхар двара Андрэй Зайцаў.

Так выглядаў яблык, калі яго ўстанавілі. Фота Валянціна Тархана.

Яблык стаяў у двары ад кастрычніка. А ўчора вечарам невядомыя скралі яго.

• Текст доступен на языке: Русский