Раніца першага студзеня ў карэспандэнта «Рэгіянальнай газеты» пачалася не з расолу, учарашніх салатаў і нават не з кавы. Звыкла намацаў акуляры, тэлефон і, каб прачнуцца канчаткова, вырашыў пагартаць стужкі ў сацсетках – паглядзець, як беларусы сустрэлі 2020-ты.

«Ваш акаўнт заблакаваны. Каб атрымаць больш інфармацыі або калі вы лічыце, што ваш акаўнт адключаны памылкова, калі ласка, наведайце Цэнтр Дапамогі», – такім тэкстам сустрэў мяне Facebook. І ніякіх спасылак у дадатку, нічога.

Што?.. Можа, паскардзіўся нехта?.. Пакуль варыў каву, прыгадваў, каму і чым мог нашкодзіць. Ды, здаецца, стараюся заўсёды ў сваіх меркаваннях быць настолькі карэктным, наколькі гэта наогул магчыма ў беларускай медыяпрасторы.

Вось дык «падарунак»

Уключыў ноўтбук, паспрабаваў зайсці ў Facebook з браўзера.

«Мы ўстанавілі, што вы не можаце выкарыстоўваць Facebook. Рашэнне з’яўляецца канчатковым. На жаль, з прычын бяспекі мы не можам прадаставіць вам якую-кольвек дадатковую інфармацыю пра прычыны адключэння вашага акаўнта».

Агонь! Мы вас заблакавалі, але чаму – не скажам. Фэйсбук што, намякае на тое, што час вызваліцца ад лічбавай залежнасці? Але Facebook – мой працоўны інструмент. Я вяду шэраг суполак, адміністратыўны доступ да некаторых з іх ёсць толькі ў мяне. Укладваю грошы ў рэкламныя кампаніі. Там шмат працоўных перапісак… Карацей, такая сабе сітуацыя. Навагодні «падарунак»…

Напісаў пра сітуацыю ў свой Twitter. Атрымаў ад стужкі шмат рэкамендацый, што варта не здавацца і падаставаць падтрымку.

Прычыны яшчэ больш дзіўныя

І тут прачнуўся тэлефон! Адна за другой сталі ляцець SMS, адпраўнікамі якіх значыліся Facebook і Instagram. Парадку ў іх было няшмат, але сутнасць прыкладна наступная:

Ваш акаўнт быў заблакаваны, бо вы з’яўляецеся саўдзельнікам Мікалая Холпера. Мікалай Холпер з’яўляецца адміністратарам сайтаў nakrutka[.]ru, nakrutka[.]com і іншых сервісаў для накруткі падпісантаў, лайкаў і каментарыяў у Instagram. Дзейнасць Мікалая Холпера парушае ўмовы абслугоўвання Instagram/Facebook і разнастайныя датычныя законы. Майце на ўвазе: для разблакіроўкі вашых акаўнтаў дзейнасць дадзеных сервісаў накруткі мусіць неадкладна спыніцца. У адваротным выпадку ваш акаўнт застанецца заблакаваным і будзе незваротна выдалены цягам бліжэйшага часу.

І зноў: што?.. Накрутка? Мікалай Холпер?.. (Прытым спачатку прозвішча было напісана як «Хоппер», у другой «серыі» непаслядоўных SMS яго выправілі.)

Карацей, бачыў я назвы гэтых сервісаў і прозвішча іх адміністратара ўпершыню. Гэта ключавы момант гэтай гісторыі.

Першы адрас апынуўся нядзейсным, другі прывёў на сайт, які прапаноўваў накруціць падпісантаў ў Instagram. У раздзеле з кантактнымі дадзенымі звярнуў на сябе ўвагу адрас пошты ў зоне .by, а таксама спасылка на форум у беларускай зоне.

Праблема аказалася масавай

Зайшоў на форум – аказалася, там абмяркоўваюць раскрутку ў інтэрнэце і, у прыватнасці, Instagram. Адміністратар форума – карыстальнік з нікам HOLPER. Перайшоў на апошнюю старонку — і ўбачыў, што падобная сітуацыя не ў мяне аднаго. У адным з паведамленняў быў такі ж тэкст, як прыйшоў мне па SMS, а таксама тлумачэнне, што ў чалавека заблакавалі асабісты акаўнт у Facebook, асабістую старонку ў Instagram і адзін з бізнес-акаўнтаў.

Тут і далей – скрыншоты з форума ra.by

«Сервісам я не карыстаўся пры гэтым, зусім. Мікалая Холпера таксама не ведаю», – сцвярджае аўтар допісу.

Трэба адзначыць, што мая старонка ў Instagram засталася дзейнай. Але так «пашчасціла» не ўсім.

Неўзабаве з’явіўся адказ ад адміністратара:

«Цукерберг патраціўся на SMS і вырашыў рэкламу мне зрабіць. Фэйсбук паказаў свой чорны бок, парушыўшы ўсе магчымыя правы кучы людзей. Так нізка апусціцца, спрабуючы ачарніць адкрытага чалавека, блакуючы палову краіны без разбору. Не ведаю нават, як на гэта рэагаваць».

І далей пасыпаліся паведамленні ад людзей, якія таксама сутыкнуліся з блакіроўкай. Некаторыя з іх карысталіся сервісам, некаторыя пачулі пра яго ўпершыню.

Неўзабаве адміністратар HOLPER стварыў на форуме асобную тэму, датычную блакіровак:

«Блакіравалі ўсе акаўнты, якія хоць неяк перасякаліся з адным чалавекам – Мікалаем Холперам. Многія былі падпісаныя на яго ў Instagram, многія наогул пра яго не чулі, але былі неяк звязаныя праз трэціх асобаў. Па якім прынцыпе Facebook блакіраваў акаўнты, застаецца загадкай».

Некаторыя карыстальнікі сталі задаваць пытанні, ці збіраецца сам сервіс нешта прадпрымаць: бо напісалі ж, што пакуль яго дзейнасць не спыніцца, акаўнты не будуць разблакаваныя. Ад адміністратара з’явілася дапаўненне:

«Большасць заблакаваных нават не займаліся накруткай ніколі і не чулі пра сервісы накруткі… Яны, мусіць, наогул у здзіўленні і не ведаюць, куды пра гэта напісаць і што адбываецца. Тэлефануюць і пішуць толькі тыя, хто знаёмы асабіста. З боку сервіса ніякіх дзеянняў прадпрымацца не будзе».

Пазней Холпер выклаў скрыншот ліста, які даслаў Facebook яму самому:

«Паведамляем вам, што ваша дзейнасць у сферы накруткі падпісантаў, лайкаў і каментарыяў (nakrutka[.]cc/by/ru/com, instagram[. ]by і іншыя) парушае ўмовы абслугоўвання Instagram/Facebook, законы Злучаных Штатаў і міжнародныя законы. У сувязі з гэтай дзейнасцю вашы Facebook/lnstagram акаўнты і акаўнты вашых саўдзельнікаў заблакаваныя.

Для разблакіроўкі вашых акаўнтаў – і акаўнтаў вашых саўдзельнікаў – дзейнасць дадзеных сервісаў накруткі павінна быць неадкладна спыніцца».

Як стала вядома «РГ», пад блакіроўку сёння патрапілі старонкі шэрагу беларускіх кампаній. Па просьбе іх прадстаўнікоў не публікуем назвы, аднак гатовыя пазначыць, калі яны пажадаюць.

Пытанні да Холпера і да Facebook

«РГ» звязалася з Мікалаем Холперам праз электронную пошту, ён паабяцаў адказаць на нашы пытанні. Аднак на момант публікацыі – а часу прайшло дастаткова – адказаў ад Мікалая не было; як толькі яны з’явіцца, публікацыя будзе абноўленая. Сярод іншага, мы спыталі ў Мікалая, колькі чалавек, па яго звестках, пацярпелі ад блакіровак.

АБНОЎЛЕНА. Мікалай Холпер адказаў на пытанні «РГ»: «Заблакавалі нават @Belarus». Мікалай Холпер адказаў на пытанні «РГ» датычна блакіроўкі акаўнтаў у Facebook і Instagram

Таксама мы напісалі ў Facebook, акрэслілі наступныя пытанні:

• Як людзям разблакаваць свае акаўнты?
• Па якім прынцыпе ажыццяўлялі блакіроўку?
• Як Facebook вызначаў, ці звязаныя людзі з Мікалаем Холперам, ці карысталіся накруткамі і чаму многія патрапілі пад блакіроўку памылкова?

Калі адказы з’явяцца, мы таксама апублікуем іх.

Што рабіць?

Калі вы таксама патрапілі пад блакіроўку ў Facebook і/або Instagram, атрымалі паведамленне пра Мікалая Холпера, але не маеце дачынення да яго і ягоных сервісаў, напішыце, калі ласка, нам на rhazeta.d@gmail.com.

Можна таксама паспрабаваць адправіць зварот па гэтай форме: https://www.facebook.com/help/contact/260749603972907.

Тым часам

Чытачы «РГ» маглі заўважыць, што цягам снежня 2019 года на нашай старонцы ў Facebook не з’яўляліся спасылкі на нашы артыкулы. З невядомай нам прычыны – яе мы таксама спрабуем высветліць – спасылкі, якія месцяць «rh.by/2019/12», вызначаліся як тыя, што парушаюць Нормы супольнасці Facebook.

• Текст доступен на языке: Русский