Мікалай Холпер. Фота з яго асабістай старонкі УКантакце.

Першага студзеня некаторыя жыхары Беларусі, а таксама, як высветлілася, іншых краін свету не змаглі атрымаць доступ да сваіх старонак у Facebook і Instagram — мы пісалі пра гэта падрабязна. Мікалай Холпер, «саўдзельнікамі» якога назвалі ў Facebook многіх карыстальнікаў, адказаў на пытанні «РГ». Публікуем адказы без скарачэнняў.

– Якое дачыненне вы маеце да сервісаў накруткі, пра якія вядзецца гаворка, і форума ra.by?

Я займаўся іх развіццём, але гэтыя сервісы ўжо, па сутнасці, састарэлі і дапрацоўваюць, напэўна, апошні год амаль у аўтаномным рэжыме, а я ўжо заняты новымі праектамі.

– Што за паслугі прадастаўляе ваш сервіс? Наколькі, па-вашаму, яны адпавядаюць умовам выкарыстання Instagram?

Сервіс дапамагае прадаўцам SMM-паслуг знайсці пакупнікоў, а тым, хто мае патрэбу ў павелічэнні якіх-небудзь паказчыкаў у Instagram, знайсці і замовіць неабходныя паслугі. Сервіс ці яго карыстальнікі на нейкіх этапах могуць парушаць некаторыя правілы Instagram, але гэта правілы, якія парушаюцца усімі і на гэта ніхто не звяртае ўвагу. А па сутнасці сэрвіс не працуе з Instagram наўпрост, таму паглыбляцца ў іх правілы не было ніякай патрэбы.

– Вы ведаеце пра сітуацыю датычна цяперашняй блакіроўкі старонак у Facebook і/або Instagram?

Так, у першую чаргу я даведаўся пра гэта ад сваякоў, якіх таксама заблакавалі.

– Колькі чалавек звярнулася да вас асабіста і ў інтэрнэце з праблемай блакіроўкі старонак? Ці шмат з іх жыхароў Беларусі?

Асабіста да мяне звярнулася некалькі дзесяткаў чалавек, але ўлічваючы, шт большасць з іх я нават не ведаю, ад блакаванняў пацярпела шмат старонніх людзей. З рэальных партнёраў, з якімі працуе сервіс, ніхто не пацярпеў. Напэўна, таму што ў нас заўсёды былі выключна дзелавыя адносіны, якія нідзе не афішавалася.

У Беларусі жыве палова з тых, хто са мной звязаўся. Думаю, гэта звязана з тым, што большая частка маіх рэальных знаёмых якраз у Беларусі і жыве. У той жа час мне напісалі і з Расіі, Украіны, Еўропы, Амерыкі…

Заблакавалі сёння нават акаўнт нашай краіны – @BELARUS.

– Як бы вы патлумачылі, што з блакіроўкай сутыкнуліся не толькі (і нават не столькі) карыстальнікі вашага сервісу, а тыя людзі, якія (па меркаванні Facebook) звязаныя з вамі асабіста (а па факце могуць чуць пра вас упершыню)?

Па-мойму, у Facebook проста не асабліва разбіраліся ў гэтым пытанні, а на хуткую руку з дапамогай свайго штучнага інтэлекту паспрабавалі сабраць кола найбольш блізкіх мне людзей і зладзіць з імі разборкі. На гэта якраз паказваюць шматлікія памылкі ў адасланых імі тэкстах і блакаванне цалкам старонніх людзей.

– Facebook настойвае на прыпыненні вашага сервісу — як вы адрэагуеце на гэта?

Я мог бы перагледзець некаторыя метады працы, калі б у Facebook змаглі мяне пераканаць, што нешта працуе няправільна. А проста так спыняць дзейнасць, якая не падабаецца Facebook, я не збіраюся. Сервіс дапамог вялікай колькасці людзей, я атрымаў вельмі шмат водгукаў ад людзей па ўсім свеце, якія хочуць, каб сервіс развіваўся.

– Ці гатовыя вы нейкім чынам спрабаваць звязвацца з Facebook для вырашэння праблемы?

Пасля блакаванняў Facebook напісаў мне, але я адказаў, што не збіраюся з імі супрацоўнічаць, калі яны не выправяць тое, што ўжо зрабілі. Не думаю, што ў нас атрымаецца дыялог, я ніколі не маю зносіны з тымі, хто спрабуе паказаць сілу замест цывілізаванага ўрэгулявання сітуацыі. Facebook паказаў сябе не з лепшага боку і вырашыў звярнуцца да метадаў запалохвання, каб дамагчыся патрэбнага ім выніку, менавіта таму пацярпелі не рэальныя карыстальнікі сервісу, а людзі, якія маглі быць знаёмыя са мной асабіста. Хутчэй за ўсё, Facebook ўсведамляе, што не мае рацыю ў дадзенай сітуацыі і не можа прывесці пераканаўчых аргументаў на сваю карысць, інакш не апусціўся б да такіх нізкіх мер, а першапачаткова звязаўся са мной для ўрэгулявання дадзенага пытання. Але мяне даўно перасталі здзіўляць санкцыі з Захаду, і я перажыву пагарду тых, хто вырашыць, што гэта я вінаваты ў блакіроўцы іх акаўнтаў.

– Як аформлены ваш сервіс юрыдычна?

Юрыдычна сэрвіс аформлены не ў Беларусі.

***

Адказы на пытанні «РГ» ад Facebook мы па-ранейшаму чакаем.

У Telegram з’явіўся чат пацярпелых ад блакіровак, дзе спрабуюць знайсці выйсце з сітуацыі. Там людзі як мінімум з Беларусі, Украіны і нават Лівана. Калі вы сярод пацярпелых — далучайцеся.

• Текст доступен на языке: Русский