Фота забяспечанае Сяргеем ПАНІЗНІКАМ. Вокладка кнігі “Крывіцкія руны. Беларускі крывіцкі мацярык у Латвіі”.

Беларускі пісьменнік Сяргей Панізнік дзякуе за супрацу над шматтомнікам “Крывіцкія руны” краязнаўцу з Маладзечна Міхасю Казлоўскаму.

Дыплом за ўклад у развіццё беларускай культуры за кнігу “Крывіцкія руны” ў трох тамах (2003, 2017, 2019) ад Беларускага інстытута навукі і мастацтва імя Францыска Скарыны ў Канадзе адрасавалі 28 снежня. Падпісаў дыплом старшыня ўстановы доктар Пётр Мурзёнак.

– Узрушаны рашэннем Управы Беларускага інстытута навукі і мастацтва ў Канадзе паводле вынікаў пражытага года, – дзеліцца Панізнік. – Узнагарода ганаровая і абавязвае падзякаваць не толькі Управе, але і маладзечанскаму майму сутворцу-саюзніку – рашучаму, смеламу, апантананаму, знаходліваму Міхасю Казлоўскаму.

Пісьменнік адзначае, што пасля выдання першага тома “Крывіцкіх рунаў” у 2003 годзе ён стаў актыўна супрацоўнічаць з Казлоўскім. Міхась Міхасевіч – пісьменнік, краязнаўца, бібліяфіл, публіцыст, крытык, выдавец, метадыст Маладзечанскай цэнтральнай раённай бібліятэкі імя Максіма Багдановіча. Казлоўскі таксама заахвоціўся вяртаннем імёнаў незаслужана забытых асоб з творчага мацерыка міжваеннай Латвіі.

– Пры маім спрыянні дзякуючы неверагодным намаганням Міхася Казлоўскага выходзіць шэраг кніг, – дадае Панізнік. – «Выбраныя творы» Віктара Вальтара 2009 года. Рукапіс яго рамана «Роджаныя пад Сатурнам» знайшоў у віленскіх архівах Адам Мальдзіс. – «Выбраныя творы» Вольгі Сахаравай і Сяргея Сахарава 2015 года, Пятра Сакола (Масальскага) і Валянціны Казлоўскай 2016 года.

Даведка РГ. Сяргей Панізнік – беларускі паэт, празаік і публіцыст. Нарадзіўся 10 мая 1942 года ў Даўгінаўскім сельсавеце Мёрскага раёна. Зборнікі паэзіі «Кастры Купалля» (1967), «Палявая пошта» (1972), «Крона надзеі» (1975), «Чало і век» (1979), «Слова на дабрыдзень» (1982), «Мацярык» (1984), «Стырно» (1989), «А пісар земскі…» (1994), «Сустрэча роднасных сусветаў» (1997). Аўтар кнігі публіцыстыкі «Пасля вогненных вёсак…» (1980), дакументальнай аповесці «Браніслава» (1985), «Асвейская трагедыя» (1992).