Мы падвялі вынікі нашай традыцыйнай акцыі і гатовыя назваць вам імёны пераможцаў.

У гэтым годзе мы маем чатырох пераможцаў у межах акцыі “РГ”. Пераможцаў трох намінацый абірае калектыў рэдакцыі. А вось у адной з намінацый усё залежыць ад дарагіх чытачоў. З гэтай намінацыі і пачнём.

Выбар чытачоў

Па выніках галавасавання, якое мы праводзілі на сайце rh.by да 2 студзеня, пераможцам намінацыі “Выбар чытачоў” стала маладзечанка Ірына Тархан. Мы намінавалі Ірыну за прасоўванне актывізму і згуртаванне супольнасці.

Цягам года яна аб’ядноўвала жыхароў свайго двара на разнастаўныя імпрэзы. Разам з жыхарамі ладзіла святы, упрыгожвала тэрыторыю. Ірына разам з аднадумцамі падае нам прыклад, як не чакаць, калі хтосьці зробіць тваё жыццё больш яркім і цікавым.

Яна сама робіць яго такім для сябе, сваёй сям’і і ўсяго двара.

У Маладзечне актывісты зладзілі яблычнае свята (Фота)

Натхненне года

Гэтая намінацыя пра тых людзей, якія не толькі робяць нешта важнае. Яны спрыяюць таму, што свет становіцца лепшым, і паказваюць, як яго такім рабіць.

Для нас праца Эдзіты Бранцэвіч, выхавальніка садка №8 у Смаргоні, – натхненне і ўзор. Яе падыход да працы з дзецьмі, уменне выхоўваць любоў да беларускай культуры і паказваць, як рабіць сваю справу настойліва і ў той жа час прыцягальна – гэта тое, чаму мы ўсе можам павучыцца.

Стан беларускай мовы катастрафічны ці ёсць чым цешыцца? 

Учынак года

Надзвычай важна ў складанай сітуацыі ведаць, што можаш разлічваць на дапамогу. Менавіта гэтым і займаюцца валанцёры атрада “Анёл Паўночны Захад”.

Яны збіраюцца і дакладна выконваюць справу тады, калі дапамога патрэбная больш за ўсё.

Валанцёры атрада дапамагаюць шукаць зніклых і аддаюць на гэта свой час, веды і сродкі. Ніхто не ведае, у чый дом можа прыйсці такое здарэнне. Але усім нам спакайней ад таго, што на дапамогу прыйдуць тыя, хто ведае, як і што рабіць.

Маладзечанец расказаў, як вучацца ратаваць людзей

Асоба года

Самай галоўнай намінацыяй акцыі з’яўляецца статус Асоба года-2019. Калектыў рэдакцыі вырашыў, што перамогі спартсмена з Вілейкі Івана Літвіновіча сталі самай яскравай падзеяй мінулага года.

На кваліфікацыйных спаборніцтвах да Алімпійскіх гульняў у Токіа Літвіновіч у складзе беларускай зборнай атрымаў акрамя сярэбранага медаля спецыяльны прыз за лепшую тэхніку і алімпійскую ліцэнзію.

Мы захапляемся настойлівасцю і працавітасцю спартсмена і называем яго Асобай года-2019.

Іван Літвіновіч узяў срэбра на чэмпіянаце свету. Віншуем!

А ўсім чытачам жадаем сваіх бліскучых перамог у Новым годзе!

Абіраем Асобу года-2019. Галасаванне за «Прыз глядацкіх сімпатый» адкрытае