Ілюстрацыя 24tv.ua

Першага студзеня Facebook заблакаваў дзясяткі акаўнтаў і паведаміў іх уласнікам, што прычына – у судзейнічанні Мікалаю Холперу, адміністратару сервісаў па накрутцы для Instagram. Абсалютная большасць гэтых людзей сцвярджаюць, што ніколі не чулі пра Холпера і не карысталіся сервісамі для накрутак.

Што патрабуе Facebook

Спыніць дзейнасць сервісаў Холпера для накрутак – тады акаўнты будуць разблакаваныя. Сам Холпер заявіў у каментары «РГ», што сервісы будуць працаваць і далей. Заблакаваныя карыстальнікі, якія тым болей ніколі не мелі з ім стасункаў, не могуць на гэта паўплываць.

Што вядома цяпер

Адным з пацярпелых стаў журналіст «Рэгіянальнай газеты» Ігар Палынскі – заблакавалі яго асабістую старонку ў Facebook. Ён правёў расследаванне і здолеў сабраць у Telegram-чаце болей за 100 чалавек, якія ў той ці іншай ступені пацярпелі ад блакіровак. Сярод іх – вядомы беларускі акцёр Дзмітры Гурбановіч, журналіст партала Tut.by, прадстаўнікі арганізацый, крамаў і простыя карыстальнікі з Беларусі, Украіны Расіі і нават Лівана. Некаторыя з іх распавялі, што мелі дзясяткі тысяч падпісантаў і значныя сумы ў рэкламных кабінетах.

Не могуць яны завесці і новыя старонкі – Facebook дазваляе мець толькі адзін акаўнт, а пакуль існуе (хоць і заблакаваны) стары, стварэнне новага парушыць правілы сацсеткі і таксама можа патрапіць пад блакіроўку. Ды і страціць свае акаўнты канчаткова ніхто не хацеў бы: тлумачаць, што ў іх укладзена шмат намаганняў, існуюць важныя кантакты, перапіскі і іншы кантэнт.

Вядома пра як мінімум тры выпадкі разблакіроўкі Instagram. У першым выпадку дапамаглі шматлікія звароты ў падтрымку, у другім досыць было аднаго звароту, у трэцім блакіроўка знялася сама па сабе. Таксама вядома пра адзін выпадак разблакіроўкі старонкі ў Facebook пасля зваротаў у падтрымку.

Рэальныя гісторыі

Уладзімір кіруе крамай спартыўнага абутку. Яна дзейнічае як праз інтэрнэт, так і мае звычайную, афлайн-краму ў Мінску.

– У нас у Instagram было 33 тысячы падпісантаў. Я перажыў ужо тры блакіроўкі, суды за незаконнае выкарыстанне таварных знакаў і сам паспеў стаць прадстаўніком некаторых. Цяперашняя прычына блакіроўкі выглядае вельмі дзіўнай.

Старонцы было 8 месяцаў, але аніводнай накруткі любога кшталту не было: толькі маркетынг, вялікія рэкламныя сродкі і пастаянная праца з уплывовымі асобамі. Пра Мікалая Холпера ніколі не чуў.

Беларуска Ульяна выкладае ёгу. Праз старонкі ў Instagram і Facebook да яе прыходзілі кліенты.

– У мяне асабісты брэнд, лаяльнасць кліентаў я фарміравала сваёй працай над старонкай у Instagram. Таксама працую мадэллю, і кантэнт, які гадамі фарміравала ў Facebook і Instagram, сабраў аўдыторыю ў 5000 сяброў і столькі ж падпісантаў. Я знаходзілася ў мадэльных суполках, якія ёсць толькі ў Facebook – цяпер не магу атрымліваць працу праз гэты рэсурс, бо страціла партфоліа. А яшчэ зарабляла на рэкламе на сваёй старонцы ў Instagram, там у мяне было каля 10 тысяч падпісантаў, але супольнасць вельмі актыўная.

Ульяна расказала, што мела партнёрскую дамоўленасць са стаматалагічнай клінікай на 5000 еўра, а таксама з тайландскім атэлем, куды едзе неўзабаве, на 2000 долараў. Страта акаўнта абазначае, што яна павінна гэтыя сумы кліентам, кажа Ульяна.

– Калі ты блогер, фарміраваць супольнасць вельмі няпроста. Калі пазбаўляешся яе ў адзін дзень, страчваеш шматлікія магчымасці. Я добра гэта адчула.

Не толькі ў грошах справа, а ў часе, які сышоў на стварэнне акаўнтаў і рэпутацыі перад тым, з кім у цябе стасункі. Напрыклад, я – амбасадар брэнду бялізны і крамы тавараў для ёгі. Для гэтых кампаній я страчваю свой твар. Гэта самае непрыемнае.

Уладзімір з Расіі – аўтар асабістага бізнес-блогу. Ён расказаў «РГ», што на момант блакіроўкі ў Instagram у яго было 58 тысяч падпісантаў.

– Я вёў акаўнт пяць год. На развіццё выдаткаваў даволі шмат сродкаў – каля 100 тысяч расійскіх рублёў. Рэкламны кабінет таксама заблакавалі.

Сутыкнуўся з блакіроўкай і Джон з Лівана.

– Я звычайны інжынер. Былі заблакаваныя мае асабістыя акаўнты, – распавёў ён «РГ».

Што робяць для вырашэння сітуацыі

Людзі пішуць звароты ў падтрымку сацыяльных сетак, аднак атрымліваюць паведамленні, што акаўнты заблакаваныя беззваротна. У той час некаторыя карыстальнікі Instagram атрымалі лісты, што блакіроўка адбылася памылкова – але доступ да іх старонак так і не з’явіўся. Сітуацыя ўскладняецца тым, што дагрукацца да «жывога чалавека» ў падтрымцы амаль немагчыма – высылаюцца аўтаматычныя адказы.

«Рэгіянальная газета» і Tut.by накіравалі афіцыйныя журналісцкія звароты ў Facebook, але каментарыяў ад прадстаўнікоў сацсеткі пакуль не атрымалі.

Што можна зрабіць, калі вы патрапілі пад блакіроўку

У Telegram створаны чат для пацярпелых ад блакіровак. Карыстальнікі дзеляцца сваім досведам стасункаў з падтрымкай Facebook і Instagram, збіраюць базу заблакаваных акаўнтаў, каб пры магчымасці перадаць у Facebook разам з просьбай разабрацца ў сітуацыі.

Можна спрабаваць пісаць у падтрымку: https://www.facebook.com/help/contact/260749603972907, https://help.instagram.com/contact/606967319425038, https://help.instagram.com/contact/1652567838289083.

***

Ёсць і знаёмыя з Холперам

Некаторыя карыстальнікі прызнаюцца, што камунікавалі з Мікалаем Холперам. Але нават з іх большасць, па ўласных сцвярджэннях, не датычная яго сервісаў для накрутак. У Алены, якая раней жыла ў Беларусі, а цяпер у Польшчы, у свой час Мікалай замаўляў кандытарскія вырабы.

Скрыншот з чата https://t.me/fbinstaholper

• Текст доступен на языке: Русский