Працягваем прыгадваць, чым гады Пацука адзначыліся ў Рэгіёне. Сёння пройдземся па Мядзельшчыне і Валожыншчыне.

1924

Жыхары Мядзельшчыны змагаюцца супраць польскіх уладаў.

У маі атрад партызан на чале са Станіславам Ваўпшасавым разграміў памяшканне паліцэйскага пастарунка ў Крывічах. У чэрвені – абяззброілі мясцовых паліцэйскіх. А ў ліпені гэты атрад ужо дзейнічае на Валожыншчыне. Ноччу з 18 на 19 яны напалі на мястэчка Вішнева. Тут забілі каменданта павятовай паліцыі Уладзіміжа Лапацінскага. Па дадзеных польскіх спецорганаў, у дыверсантаў была аўтаматычная зброя. А акцыю старанна спланавалі.

Польскія ўлады пачынаюць караць тых, хто змагаецца супраць яе. У чэрвені 1924 года паліцыя арыштавала жыхара вёскі Шынкавічы Янку Лапціка. Яго зацягнулі ў пастарунак і моцна збілі. У жніўні ў Мацках схапілі навучэнцаў Віленскай беларускай гімназіі Кузьму Янкеля і Лявона Бабровіча. У Дунілавічах іх катавалі. Янкеля скалечылі так, што той стаў інвалідам.

У Валожыне пабудавалі вуліцу катэджаў для польскіх вайскоўцаў і чыноўнікаў. Адпаведнае рашэнне пра забудову прыняў урад Польшчы.

Граф Міхаіл Тышкевіч прадаў свой валожынскі палацава-паркавы комплекс польскім уладам. Пасля тут размяшчаўся Корпус аховы памежжа.

У Івянцы нарадзіўся Іосіф Ляшчынскі – будучы харэограф, заслужаны дзеяч культуры БССР. Ён першы з Валожыншчыны, хто атрымаў гэта званне.

1936 год

Выйшаў першы зборнік паэзіі «На этапах» Максіма Танка, паэта, ураджэнца вёскі Пількаўшчына Мядзельскага раёна.

У вёсцы Навасёлкі, недалёка ад Мядзела, нарадзілася будучая народная артыстка Беларусі Марыя Захарэвіч.

Вясной нарачанскія рыбакі адстаялі возера Нарач, якое год таму нацыяналізавала польская ўлада. Людзям забаранілі лавіць рыбу ў Нарачы. Супрацьстаянне доўжылася год і ў выніку ўлада адступілася.

У вёсцы Багданава, што цяпер у Валожынскім раёне, памёр мастак Фердынанд Рушчыц.

 1948

У мядзельскай школе ўзнікла нелегальная арганізацыя вучняў. Яе пачынальнікам і ідэолагам стаў Расціслаў Лапіцкі, перакананы антыкамуніст і патрыёт. За яго погляды камуністы расстралялі Лапіцкага ў 1950 годзе ва ўрочышчы Красны Беражок на Вілейшчыне.

Да 1948 года да абласнога цэнтра – Маладзечна – сяляне з Мядзельшчыны дабіраліся на спадарожных машынах або падводамі. А 2 сакавіка кожны аўторак і пятніцу з Маладзечна праз Вілейку ў Мядзел стаў прыходзіць аўтобус. Тады ж тут пабудавалі аўтавакзал.

У Мядзеле адкрылі радзільню. У Крывічах стварылі калгас імя Жданава. У возера Нарач запусцілі рапушку.

Улады зачынілі касцёл 18 стагоддзя ў Івянцы і манастыр пры ім. Будынкі выкарыстоўваліся ў якасці склада і крамы.

1960

Пасля скасавання Маладзечанскай вобласці Валожын і Мядзел увайшлі ў склад Мінскай.

8 кастрычніка савецкія ўлады зачынілі касцёл Святога Іосіфа, што на плошчы ў Валожыне. Там быў склад, цэх па вырабе жалезабетону. Вернікам касцёл вярнулі ў 1991 годзе. Таксама зачынілі касцёл у Пяршаях. Яго перабудавалі, знеслі вежы, разрабавалі маёмасць.

Увялі ў эксплуатацыю валожынскі масласырзавод, а ў Івянцы – фабрыку мастацкай керамікі і вышыўкі.

У вёсцы Пугачы на Валожыншчыне нарадзіўся будучы паэт, сёння галоўны рэдактар выдавецтва «Мастацкая літаратура» Віктар Шніп.

Пачынаюцца назіранні за станам водных экасістэм Нарачанскага рэгіёна. Стварылі дом-інтэрнат для састарэлых і інвалідаў у вёсцы Лушчыкі на Мядзельшчыне. Цяпер гэта Свірскі псіханеўралагічны дом-інтэрнат.

1972

У Валожыне ў эксплуатацыю здалі двухпавярховы будынак камбіната бытавога абслугоўвання. Тут стала працаваць цырульня, цэх індывідуальнага пашыву, гадзіннікавая майстэрня.

У лютым адкрыўся валожынскі кінатэатр «Юнацтва». Першы фільм, які тут паказалі, называўся «Маладыя».

Матэматык Якаў Радына (1936-2016), што з вёскі Брылькі Валожынскага раёна, абараніў кандыдацкую дысертацыю.

На Мядзельшчыне стварылі заказнік «Блакітныя азёры», які пазней увайшоў у склад нацыянальнага парку «Нарачанскі». Выходзяць зборнікі паэзіі Максіма Танка «Ключ жураўліны» і «Хай будзе святло».

1984

У 1984 годзе ў Ракаве ў навукоўца Вячаслава Рагойшы гасцяваў рускі рэжысёр Сяргей Бадроў (старэйшы) з сям’ёй. Бадровы былі сваякамі жонкі Вячаслава Пятровіча.

Тады ж у Ракаве рэжысёр пазнаёміўся з пісьменнікам Уладзімірам Караткевічам і задумаў зняць фiльм па раману “Дзiкае паляванне караля Стаха”. Але Караткевіч заўчасна памёр.

Ураджэнка Мядзельшчыны народная артыстка Марыя Захарэвіч атрымала Дзяржаўную прэмію Беларусі.

1996

Мадэрнізуюць кацельню ЖКГ у Мядзеле. Тут з’явіліся два катлы для разагрэву мазуты.

Валожынскае ПК-65 перайменавалі ў прадпрыемства меліярацыйных сістэм.

2008

Пяршайскі народны сельскі тэатр адзначыў 55-годдзе, а герой Монтэ Касіна з Івянца Аляксандр Шакель – 102-годдзе. Тут жа, у Ракаве, зладзілі канферэнцыю беларускіх і замежных дудароў. У Валожыне пачалі добраўпарадкаваць возера, будаваць станцыю абезжалезвання, адкрылі пасля рамонту кінатэатр «Юнацтва».

У пляжна-паркавай зоне возера Нарач з’явіўся мост на плывучых апорах. А летам у Мядзеле зладзілі чарговы фестываль-конкурс «Адна зямля», сузаснавальнікам якога з’яўляецца «Рэгіянальная газета». У санаторыі «Нарач» устанавілі інфрачырвоную кабіну.

• Текст доступен на языке: Русский