Якую працу прапаноўвалі ў апошнія дні 2019 года на партале Дзяржаўнай службы занятасці па рэгіёне?

У Маладзечне патрэбныя міліцыянеры, інжынеры і нават каваль

На ММЦ у Маладзечне патрэбны сартавальнік матэрыялаў і вырабаў з драўніны. Заробак – ад 400 рублёў. Тых, хто любіць працаваць з жывёламі, чакаюць у Палачанах. У спартыўную школу №2 патрабуюцца конюх, трэнер коней і каваль. Заробак ва ўсіх – ад 330.

Дворніку, што прыйдзе ў «Камунальнік», абяцаюць ад 450, швачкам на швейным прадпрыемстве – ад 330 і ад 460. Шмат спецыялістаў трэба ў Маладзечанскі аддзел дэпартаменту аховы – кіроўца, кінолаг і міліцыянер. Усе – ва ўзросце да 28 гадоў і пасля войска. Заробак – ад 750. Сюды ж – электраманцёр з заробкам ад 550 і рабочы – ад 450.

На прадпрыемствы патрэбныя розныя інжынеры – цеплатэхнікі, механікі, па ахове працы, па будаўніцтве. Заробак ад 470 да 800 рублёў. На час дэкрэтнага адпачынку шукаюць дырэктара ў бібліятэку. Заробак – ад 491 рубля.

Кіроўцу аўтамабіля ў аўтапарку гатовыя плаціць ад 900, галоўнаму тэхнолагу на «Амкадор-Унікаб» – ад 1400. Сюды ж трэба слесар па рамонце аўто, кандуктар, электраманцёр. Заробак – ад 500 да 600.

«Вялес-Міт» шукае повара, слесара, грузчыка, рэзчыка мяса, апрацоўшчыка кілбасы. Заробкі ад 500 да 680.

У тэатр «Батлейка» возьмуць артыста, загадчыка ўчастка, кіраўніка літаратурна-драматычнай часткі, адміністратара. Заробак усім – ад 330.

У дзіцячую школу мастацтваў патрабуюцца настройшчыкі. Адзін – для язычковых інструментаў, другі – для клавішных. Заробак – ад 330. Бухгалтару на станказаводзе абяцаюць ад 400. Сюды ж патрэбныя фрэзероўшчык, зубарэзчык, аператар станкоў, слесар і шліфавальшчык. Ім усім – ад 500 рублёў. А вось галоўнаму бухгалтару – ад 700.

У Цэнтр сацабслугоўвання возьмуць сядзелку і перакладчыка з мовы жэстаў. Заробак – ад 350 і 370 адпаведна. У сельскагаспадарчыя прадпрыемствы раёна патрэбныя кіроўцы, ветэрынарныя фельчары, заатэхнікі, трактарысты. Заробак – ад 350 да 450.

Начальнік пошты ў Дубіне Баярскай і паштальён у Валожыне атрымаюць 350

У Вілейскае райспажыўтаварыства патрабуецца аўтаслесар і качагар. Заробак ад 400 і 330 адпаведна. Кіроўца, што пойдзе на грузавік у ДРБУ, можа атрымаць 550, кантралёр-касір у “Еўраторг” – ад 650, а ў “Дабраноме” – ад 600.

Рабочы ў клубнай сістэме і слесар на ўчастку Даўгінава ў Вілейскай ЖКГ атрымаюць крыху за 300. Больш за апошнія дні года па Вілейцы вакансій не было.

Самыя свежыя вакансіі ў Валожыне – ад 24 снежня. Гэта кантралёр-касір у “Дабраном” за 600 рублёў, начальнік на ўчастак Белпошты ў вёску Дубіна Баярская – за 350, і паштальён у Валожын – за столькі ж.

У Мядзеле ад 30 снежня – дзве вакансіі. Кіраўнік фізвыхавання ў Свірскі дзіцячы садок на 0,25 стаўкі – ад 330 рублёў і загадчык машыннага двара на «Свір-Агра» – ад 500. Ёсць два месцы жывёлаводаў у сельгаспрадпрыемствах «Мядзел-аграсэрвіс» і «Нарачанская Ніва». Заробак – ад 330 рублёў.

У Ашмянах возьмуць у сельскую гаспадарку

Не было свежых вакансій і па Астраўцу. Апошнія – за 24 снежня. Гэта ахоўнікі ў банк – ад 400 рублёў, доктар-стаматолаг у вайсковую часць у Варнянах – ад 650 рублёў. Яшчэ ў вайсковую часць трэба камандзіры аддзяленняў, выратавальнік пажарны, повар, токар, намеснік начальніка, кіроўца, механікі. Усім абяцаюць ад 600 рублёў.

А вось у Ашмянах ёсць вакансіі ад 30 снежня. Гэта юрысконсульт на дражджавы камбінат – ад 210 рублёў, начальнік участка ў ДЭУ – ад 500.

У гімназію патрэбны шэф-повар. Заробак – ад 375. Галоўнаму спецыялісту ў банку абяцаюць ад 449, трактарысту ў сельгаспрадпрыемстве – ад 440.

У сельскую гаспадарку Ашмяншчыны патрэбныя жывёлавод, ветэрынарны санітар, галоўны эканаміст, галоўны ветэрынарны доктар, кіроўца, галоўны энергетык, электраманцёр, падсобнік.

Заробкі ад 350 (у санітара і жывёлавода) да 744 – у галоўнага эканаміста і ветэрынарнага доктара.

30 снежня ёсць вакансіі і са Смаргоні. На паўстаўкі шукаюць справавода ў садок №15. Заробак – ад 165 рублёў. У “Еўраторг” возьмуць ахоўніка за 580, кур’ера за 300 і кантралёра-касіра за 650.

У ЖКГ Смаргоні патрэбны кіроўца. Заробак – ад 600.

• Текст доступен на языке: Русский