Фота Настассі Уткінай.

Штогод кампанія Henley & Partners публікуе індэкс пашпартоў. Пераможцу ў рэйтынгу вызначаюць па галоўнаму крытэрыю – колькі краін можна наведаць без візы. Беларусь у гэтым годзе заняла 68-е месца.

Сёлета першыя тры месцы занялі: Японія, чый пашпарт дае магчымасць наведаць без візы 191 краіну, Сінгапур (190 краін), Германія і Паўднёвая Карэя, якія падзялілі трэцюю пазіцыю (189 краін).

Беларусь заняла 68-ы радок. Наш пашпарт дае магчымасць падарожнічаць у 75 краін без візы. У мінулым годзе краіна займала 66-е месца ў рэйтынгу, у 2018-м пазіцыя была 65-й, хоць тады без візы можна было наведаць 70 краін.

Нашы бліжэйшыя краіны-суседзі ў рэйтынгу вышэй. У Літвы 10-е месца (181 краіна без візы), у Латвіі – 11-е (180 краін), у Польшчы 14-е (176 краін), у Украіны 41-е (128 краін), у Расіі 51-е ( 118 краін).