Фота Волі Трубач. Маладзечанскія калядоўшчыкі.

Удзельнікі этнаграфічнага клуба “Кола” прайшлі з абрадам калядавання па дамах Маладзечанскага раёна 7 студзеня.

Абышлі з сем хат у Маркаве. А ў вёсцы Кучкі ў доме Арсеня Асіповіча паказалі батлейку.

Пра тое, як прайшло свята і ў чым сімвалізм калядавання, распавяла выкладчык музкаледжа і ўдзельнік абрада Наталля Чырвонцава.

Батлейка.

Як калядуюць

Здаецца, калядаваць не так і складана – хадзі па дамах, віншуй, збірай прысмакі, але гэта даволі хутка вымотвае, ні ў кога не бывае бясконцага імпэту. А для кожнага дома трэба захаваць узнёслы настрой.

Наталля традыцыйна ўдзельнічае ў калядаванні, прыгаворвае: як не пакалядуеш, то год змарнуеш.

У абрадзе калядавання самае важнае – жадаць і даць дабра гаспадарам, і тады гэтае дабро вернецца да калядоўшчыкаў.

Не ўсе гаспадары хацелі б запрашаць калядоўшчыкаў – у такіх не гарыць святло або яны проста не адмыкаюць дзверы. Абрадная група ўвасабляе сабой гасцей з таго свету, таму і паводзяць сябе крыху нахабна. Напрыклад, Чорт можа пераставіць абутак або яшчэ што-небудзь утварыць.

Разам з тым яны пытаюцца дазволу ў гаспадара – ці не супраць калядоўшчыкаў, ці можна ўвайсці ў дом. У старажытнасці ж гаспадары самі выходзілі і запрашалі, каб жа толькі не мінулі іх хату з абрадам, бо лічылі, што калядоўшчыкі прыносяць у дом дабрабыт і здароўе.

Сучасныя гаспадары часцей не ведаюць, як сябе паводзіць і што рабіць – ім усё акуратна падказваюць, каб тэатралізаванае дзейства выглядала ладна. Асабліва цікава прымаць калядоўшчыкаў сем’ям, дзе ёсць дзеткі. Яны разглядаюць персанажаў і самі далучаюцца да гульні. Хіба што зусім маленькія могуць спужацца незразумелай Казы.

Пасля абрадавай часткі калядоўшчыкаў запрашаюць за стол, а часам проста даюць нешта з сабой – кожная сям’я выбірае, як зручней ім.

Што значаць персанажы

Галоўны персанаж для кампаніі калядоўшчыкаў – Каза. Яна сімвалізуе стары год, таму персанаж скача і кідаецца, а пасля валіцца на падлогу. Гэта нібы стары год памірае і сыходзіць. Тут калядоўшчыкі кажуць гаспадарам, што трэба нешта Казе паднесці, каб ажывіць: “пакласці на ражок піражок”.

Каза ўстае і гэтым сімвалізуе нараджэнне новага года. Год скончыўся, як зарад гадзінніка, і яго трэба падзарадзіць, каб запусціць на новы год. А гэта новы прыбытак і новыя справы.

Казу водзіць Павадыр, або Дзед. Персанаж Дае парады, раіць, як паправіць здароўе.

Мядзведзь – гэта персанаж, які звязаны са смаргонскай мядзведжай акадэміяй. Унікальная з’ява навучаных танцаваць звяроў увайшла і ў абрад калядавання. Мядзведзь – персанаж, які выйшаў з-пад зямлі і ведаў яе таямніцы, загадваў раслінным светам, таму нёс сям’і ўраджай, здароўе і дабрабыт.

Калі Каза і Мядзведзь адлюстроўваюць сілу зямлі, то Бусел як нябесная птушка ўвасабляе вышэйшыя сілы. Ён жа адказны і за тое, каб у сем’ях з’яўлялася папаўненне.

У групе калядоўшчыкаў могуць быць ролі, якія прыйшлі пазней. Доктар лечыць Казу, часам ходзіць з клізмай. Можа далучыцца Поп. У кампаніі можа быць Жыд або Цыган, што адлюстроўвае чужынца.

Такім чынам, калядоўшчыкі неслі з сабой усё важнае, што акружала чалавека: неба, зямлю, сацыяльнае жыццё і чужынцаў.

Абавязковы элемент гурта калядоўшчыкаў – віфлеемская зорка. Яна звязвае абрад з хрысціянствам. Калядоўшчыкі спяваюць не толькі архаічныя песні, але і хрысціянскія.

Абрад сімвалізуе не толькі абнаўленне сонца, з якім прыйдзе новы ўраджай, але і абнаўленне душы чалавека.

– Калядуюць не дзеля ежы, а каб пажадаць дабра. Гэта сур’ёзная праца, якая вымагае сіл. Мы таксама выконваем місію – захоўваем наш старажытны абрад. У якім яшчэ рытуале праз тэатралізаванае прадстаўленне можна так прыгожа выказаць найлепшыя пажаданні? – разважае Чырвонцава.

Фота Віталя Назарэвіча, Волі Трубач.

• Текст доступен на языке: Русский