Дабрачынную акцыю для дзяцей арганізавала сацыяльнае грамадскае аб’яднанне бацькоў “Бумеранг дабра”.

Уручэнне падарункаў прайшло на свяце ў Цэнтралізаванай клубнай сістэме 6 студзеня.

Дабрачынны праект задумалі для таго, каб дзеці-сіроты і дзеці з інваліднасцю Маладзечаншчыны адчулі навагоднія і калядныя цуды дзякуючы таму, што спраўдзіліся іх мары.

Агулам дзякуючы акцыі свае падарункі атрымалі 60 дзетак.

У снежні дзеці напісалі свае жаданні на паштоўках, якімі пасля ўпрыгожылі ёлку гандлёвага цэнтра “Спадарожнік”.

Што загадвалі дзеткі

Жаданні былі вельмі розныя. Хтосьці марыў пра расфарбоўку і алоўкі або самакат, канструктар або скейт, мячыкі ці смарт-гадзіннік. Адна дзяўчынка загадала вялікі лялечны домік, а іншая – падарожжа па Беларусі.

І абсалютна ўсе 60 пажаданняў здзейснілі.

Ахвотныя зрабіць добрую справу абіралі паштоўку дзіцяці, якому гатовыя былі падарыць цуд. Далей заставалася набыць падарунак і перадаць яго арганізатарам. А на месцы паштоўкі з пажаданнем размяшчалі ёлачнае ўпрыгажэнне з імем прыватнай асобы або арганізацыі, ад імя якой дораць падарунак.

Як уручалі падарункі

6 снежня для ўдзельнікаў акцыі “Бумеранг дабра” зладзіў свята. На ранішніку арганізавалі некалькі зон: можна было размаляваць навагоднюю цацку, пачаставацца пірожным, салодкай ватай або поп-корнам. Весялілі дзяцей і казачныя героі – Снягурачка з Дзедам Марозам, а таксама мышка Міні.

Удзельнікам прапаноўвалі гульні і танцы. А пасля кожнага з удзельнікаў запрашалі да казачных персанажаў, каб уручыць жаданы імі падарунак.

Адным з 60 Дзедаў Марозаў стала “Рэгіянальная газета”. Нашым героем стаў 15-гадовы Вова. Ён распавёў, што ходзіць у Лебедзеўскую школу. Любіць гуляць у розныя камп’ютарныя гульні. А з новымі клавіятурай і мышкай з падсветкай гуляць будзе яшчэ весялей.

Арганізатары дзеляцца:

– некаторыя адразу ж адправіліся за батарэйкамі, каб тут жа прывесці ў дзеянне свае самалёты, машынкі на пульце кіравання і электронныя гаджэты. Тата Мікіты прызнаўся, што з нагоды ранішніка і падарункаў у гэты дзень адмянілі дзённы сон, столькі было эмоцый і захаплення. А адна мама выказала вялікую надзею, што пра акцыю даведаецца як мага больш людзей і яна зноў паўторыцца ў наступным годзе.

У Маладзечне прайшоў навагодні ранішнік, на якім усе дзеці атрымалі жаданыя падарункі (Фота)