Фота torange.biz.

2019 стаў не толькі годам набыткаў, але і годам страт. Прыгадаем, каго мы страцілі летась.

У студзені ў Вілейцы памёр Уладзімір Малярчук, грамадскі актывіст, сябра вілейскай суполкі таварыства «Ахова помнікаў Беларусі». Уладзімір Архіпавіч моцна хварэў. Ён быў сябрам нашай рэдакцыі.

У красавіку не стала ўраджэнца Мядзельшчыны, жыхара Солаў Мар’яна Дуксы, беларускага паэта, празаіка.

У кастрычніку мы даведаліся, што ў Мінску памерла Галіна Юркойць, маці краязнаўца Алеся Юркойця. У сталіцы ёй рабілі аперацыю.

Алесь Юркойць у сярэдзіне 1990-х гадоў працаваў настаўнікам геаграфіі ў Вілейцы. Шмат як краязнаўца зрабіў для Астравеччыны, выступаў супраць будаўніцтва Беларускай АЭС у Астраўцы. У 2017-м ён быў асуджаны на сем гадоў па справе «ашмянскіх мытнікаў».

Цяпер за кратамі. Галіну Аляксандраўну пахавалі ў Варнянах. Сына яна не дачакалася.

А на пачатку лістапада не стала Серафімы Шабовіч, маці паэта, ураджэнца вёскі Бадзені, што на Мядзельшчыне, Міколы Шабовіча.

На 62-м годзе жыцця пасля цяжкай хваробы памёр наш калега, заснавальнік і галоўны рэдактар недзяржаўнай «Газеты Слонімскай», адзін з лідараў рэгіянальнага грамадска-палітычнага друку Беларусі Віктар Валадашчук.

Спадар Віктар кіраваў газетай ад года яе заснавання – 1997, быў паплечнікам усіх незалежных журналістаў Беларусі.

Не стала настаўніка матэматыкі з Маладзечна Вікенція Сіроты. Ён працаваў у гімназіі №7. Да гэтага кіраваў сярэдняй школай №9 у Маладзечне. Калі мэрам Маладзечна быў Генадзь Карпенка, Сірота загадваў аддзелам адукацыі гарвыканкама.

25 лістапада пайшоў з жыцця Юрась Церабун, наш пазаштатны аўтар. Шмат гадоў ён быў выкладчыкам цымбалаў у Маладзечне. У 2018 годзе ў Палацы культуры адбылася выстава яго графікі. Церабун нарадзіўся ў 1944 годзе на Беласточчыне на тэрыторыі сённяшняй Польшчы. Вырас у Смаргоні, куды пасля вайны рэпатрыіраваліся яго бацькі разам з дзецьмі.

На 73-м годзе сышоў з жыцця адзін з заснавальнікаў смаргонскага футбольнага клуба, начальнік каманды ад 2006 да 2011 года, Мікалай Фастаў. Ва ўзросце 93 гадоў не стала легендарнага дыктара Іллі Кургана.

Акадэмік Жарэс Алфёраў, беларус, знакаміты фізік, лаўрэат Нобелеўскай прэміі памёр на 89 годзе жыцця. Алфёраў атрымаў Нобелеўскую прэмію па фізіцы ў 2000 годзе за распрацоўку паўправадніковых гетэраструктур і стварэнне хуткіх опта– і мікраэлектронных кампанентаў. Яго даследаванні адыгралі вялікую ролю ў інфарматыцы.

• Текст доступен на языке: Русский