Ілюстрацыйнае фота glavny.tv.

Пра пажар у Будславе мядзельскім выратавальнікам паведамілі 8 студзеня каля 14.20. Сказалі, што гарыць жылы дом на вуліцы Кірава.

Калі першае падраздзяленне прыехала на месца, дом гарэў адкрытым полымем. 90-гадовую гаспадыню з агню ўратавалі прахожыя.

– Першым пажар заўважыў мужчына, які на машыне праязджаў па вуліцы. Ён разбіў цэглай акно ў доме і пачаў выцягваць гаспадыню-пенсіянерку, якая ўжо спрабавала выпаўзці сама. Пасля яму дапамог іншы прахожы, – расказала карэспандэнту інспектар групы прапаганды і агітацыі Мядзельскага РАНС Ірына Карапецян.

Агонь так пашкодзіў дом, што жыць у ім немагчыма. Хутчэй за ўсё, гаспадыня будзе жыць у дзяцей, кажа Ірына.

Прычыну пажару высвятляюць. Магчыма, дом загарэўся з-за няправільнага выкарыстання печкі.

• Текст доступен на языке: Русский