Днямі ў Ільі зачыняюць АЗС. Такую сумную навіну нядаўна апублікавала «Рэгіянальная газета».

На зварот жыхароў Ільі пакінуць запраўку дырэктар РУП «Беларуснафта-Мінскаблнафтапрадукт» Анатоль Кароткі адказаў, што «новы аб’ект у Сосенцы знаходзіцца недалёка ад Ільі, на адлегласці 14 кіламетраў. Гэта дазволіць стварыць максімальна зручныя ўмовы для жыхароў Ільі».

Хачу выказаць сваю думку наконт гэтага.

Мне незразумела, пра якую зручнасць можа ісці гаворка, калі жыхарам Ільі трэба будзе на мотаблоку замест 500 метраў, “піліць” на запраўку 15 кіламетраў?

А што казаць жыхарам іншых паселішчаў, такіх, напрыклад, як пасёлак Партызанскі? Яны ўжо 25 кіламетраў мусяць пераадолець, каб заправіцца. А жыхарам Лукаўца, Хаценчыцаў, Сакалоўкі, Новай Гуты, Батурына, Карпавічаў, Лядзвеняў, Пляшчанаў, Заельнікаў і шматлікім іншым. Тут ёсць пытанне да мясцовых дэпутатаў. Чаму яны ніяк не ўплываюць на сітуацыю?

Наколькі мне вядома, жыхары Ільі і бліжэйшых вёсак сабралі больш за тысячу подпісаў супраць закрыцця запраўкі. Людзі накіроўвалі звароты ва ўсе адпаведныя інстанцыі розных узроўняў, але жаданага выніку гэта не прынесла.

У стопрацэнтны знос абсталявання я не веру. Кожны раз на гэтай АЗС запраўляюся і ніколі не заўважаў, што нешта не так. Усё працуе добра і ніколі не было такога, каб пісталеты паліва пралівалі. Што нярэдка здараецца нават на новых сучасных запраўках. Вельмі хочацца спадзявацца на тое, што мясцовая ўлада і дэпутаты ўсё ж пачуюць голас народа.

Ад рэдакцыі

Нагадаем, што пра закрыццё запраўкі ў Ільі мы пісалі ў лістападзе мінулага года. Тады да нас звярнуліся занепакоеныя ільянцы і жыхары навакольных вёсак. «Шмат людзей запраўляюць свае аўтамабілі менавіта на гэтай запраўцы, – пісалі нашы чытачы. – Таксама тут запраўляецца транспарт розных арганізацый. Тут жа мясцовыя жыхары, сярод якіх шмат сталых людзей, запраўляюць свае касілкі і бензапілы, мотаблокі».

Па каментар мы звярнуліся ў РУП «Вытворчае аб’яднанне «Беларуснафта». Нам адказалі, што АЗС у Ільі пабудавалі ў 1987 годзе. Таму цяпер яна не адпавядае тэхнічным патрабаванням і правілам эксплуатацыі АЗС і нормам у галіне аховы навакольнага асяроддзя і рацыянальнага выкарыстання прыродных рэсурсаў. Тэхналагічнае абсталяванне маральна састарэла і мае стопрацэнтны фізічны знос.

Разглядалі пытанні рэканструкцыі або мадэрнізацыі. Але гэта не дазволіла б выканаць супрацьпажарныя і экалагічныя нормы і правілы, санітарныя патрабаванні. Таму вырашылі зачыніць запраўку ў Ільі пасля адкрыцця АЗС у вёсцы Сосенка.

Па словах мясцовых, запраўка ў Ільі працуе апошнія дні.