Вучні Радашкавіцкай сярэдняй школы зрабілі праект па замку, які быў у мястэчку больш за 400 год таму. Праектам кіравала настаўніца матэматыкі Ларыса Булда.

Пачалося з артыкула ў «РГ»

Ларыса Булда выкладае матэматыку ў Радашкавіцкай сярэдняй школе. Яна стала ініцыятарам стварэння макета Радашкавіцкага замка. Ідэя з’явілася пасля гістарычнага артыкула «Як Радашкавічы страцілі цікавы будынак, але займелі шанец вярнуць з небыцця замак» у «Рэгіянальнай газеце» напрыканцы кастрычніка.

– Я пераехала ў Радашкавічы з Мінска. Трэба было адаптавацца, бо ў іншым выпадку я
тут не змагла б жыць. Трэба было палюбіць Радашкавічы, гэта можна зрабіць, калі даведаешся іх гісторыю.

Упершыню Радашкавіцкі замак згадваецца ў інвентары за 1549 год. Ён знаходзіўся ў валоданні вялікага князя Жыгімонта II Аўгуста. Замак месціўся паміж рэчкамі Вязынкай і Гуйкай, недалёка ад месца, дзе яны зліваюцца ў большую раку Рыбчанку. У інвентары было апісанне замка, а гісторык архітэктуры Тамара Габрусь зрабіла графічную рэканструкцыю. Да нашага часу Радашкавіцкі замак не захаваўся.

Пасля артыкула пра замак у «РГ» Ларыса прапанавала дзецям зрабіць праект «Таямніца зніклага замка». Над ім разам з настаўніцай працавалі вучні трох класаў. У дзяцей розныя зацікаўленасці, таму кожны мог паказаць замак са свайго пункта погляду.

Макет, кніжкі і малюнак

У рамках праекта з’явіўся не толькі драўляны макет замка, а і яго выявы ў 3D. Камп’ютарныя тэхналогіі выкарыстоўвалі многія вучні. Зрабілі храналагічныя стужкі, якія можна ўжываць на ўроках па гісторыі Беларусі. Вучні стварылі асобны сайт: інфармацыя па персаналіях, успаміны пра Радашкавіцкі замак у інвентарах, архівах.

Для макета драўлянага замка бралі запалкі і зубачысткі. Галоўная праблема была ў суадносінах памераў. Дзецям дапамагаў сталяр Ігар Булда, але асноўную працу выканалі вучні.

Дзеці зрабілі электронную кніжку «Гісторыя няшчаснага кахання», якую можна купіць у інтэрнэце за шэсць рублёў. Цяпер яны назбіралі ўжо 50 рублёў. Яшчэ Паліна Гавака і Валерыя Бухцілава намалявалі замак акварэллю і гуашшу.

Аліна Быліна і Кацярына Мароз змайстравалі дзве лялькі – Барбары Радзівіл і Жыгімонта Аўгуста. Касцюмы рабілі па эскізах адзення 16 стагоддзя, якія знайшлі ў інтэрнэце. Ім дапамагала настаўніца па працоўным навучанні Алена Ураціл. Гісторыя кахання Барбары і Жыгімонта захапіла і іншых вучаніц – рабілі лялькі з гліны і пластыліну, а таксама кніжку «Казанне аб Чорнай даме» з аб’ёмнымі малюнкамі па гэтым матыве.

Дзеці працавалі над сваімі праектамі па Радашкавіцкім замку на занятках у суботу, частку рабілі дома.

Як зацікавіць дзяцей гісторыяй праз матэматыку

Ларыса распавядае, што ўсе дзеці працавалі з аб’ёмамі і прапорцыямі. Гэта важны элемент у матэматыцы, а звязаць тлумачэнне цяжкай тэмы з гісторыяй – гэта цікава і настаўніку, і вучням.

Яшчэ перад стварэннем праекта дзеці вывучалі інвентар, дзе спрабавалі знайсці прозвішча сваіх продкаў. Ларыса ўспамінае, што менавіта з гэтага атрымалася зацікавіць вучняў. Настаўніца кажа, што дзеці самі прапаноўвалі ідэі і як іх рэалізоўваць.

– Дзеці робяць тое, што ім падабаецца. Але ў той жа момант вырашаюць іншую задачу. Напрыклад, дзяўчына ляпіла фігурку, перагледзела шмат выяў і працавала з аб’ёмамі. Ці даследаванне па гісторыі – чаму знік замак? Аказалася, што яго знішчыў Пётр I.

Вучні кажуць, што не плануюць звязваць жыццё з гістарычнай адукацыяй, хоць і працавалі над вялікім гістарычным праектам. Ларыса адзначае, вучням усё роўна цікава беларуская культура і гісторыя.

– Такая хваля, што ўсе хочуць ісці ў IT. Гэта зразумела, – дзеліцца Булда.

Ларыса адзначае, што сёлета ў дзяцей шмат мерапрыемстваў па гісторыі. У Беларусі праходзіць год малой радзімы, таму ў школах ладзяць імпрэзы па гісторыі. Вучні Ларысы Булды актыўна ўдзельнічаюць у іх са сваімі праектамі па замку.

– У нас ёсць планы па мерапрыемствах да года малой радзімы, але мы вырашылі размаўляць на іх пра Радашкавічы і пра гісторыю мястэчка.

Што далей?

Праект яшчэ не закончыўся. Ларыса тлумачыць, што ёсць верагоднасць стварэння карты мястэчка, аднак не ведае, калі будзе над гэтым працаваць.

– Баюся перагарэць, але гэта падштурхоўвае зрабіць добра. Калі ёсць складанасці, значыць, ты правільна рухаешся.

Ларыса ўпэўненая, што ў Радашкавічах захаваная вялікая гісторыя, якую можна развіваць і пра яе расказваць.

Фота Настассі УТКІНАЙ.