Так выглядае АЭС на Астравеччыне. Фота Настассі Уткінай.

Сёння прыгадаем, што прыносілі гады Пацука ў Смаргонь, Ашмяны, Астравец.

1924

Польскія архітэктары стварылі праект разбудовы касцёла Святога арханёла Міхаіла, пабудаваны ў 17 стагоддзі ў Міхалішках, на Астравеччыне. Ад 1924 да 1939 года касцёл рэстаўраваўся.

Да гэтага года ў Гервятах пад апекай літоўскага культурнага таварыства Rytas («Раніца») працавала літоўская школа.

У Ашмянах працуе дражджавая фабрыка братоў Абрама і Давіда Стругачаў. У 1924 годзе на ёй працавала дзевяць чалавек. Але вытворчасць развівалася, і ў 1937 рабочых было ўжо 33.

У Смаргоні пабудавалі дом для судовых служачых. Ён і цяпер ёсць у горадзе па адрасе: вуліца Гастэлы, 42. Пабудаваны ён па праекце Юльюша Жакоўскага. Кіраваў будаўніцтвам Станіслаў Мечнікоўскі.

Старшынёй Таварыства беларускай школы становіцца ўраджэнец вёскі Арляняты Адам Станкевіч – каталіцкі святар, літаратуразнаўца, выдавец, дзеяч беларускага адраджэння ў Заходняй Беларусі . Цяпер Арляняты – у Крэўскім сельсавеце.

У Берліне выходзіць раман «Месія сын Эфроіма» яўрэйскага пісьменніка ўраджэнца Смаргоні Майсея Кульбака.

1936

У Ашмянах пры гарадской бойні, якая цяпер вядомая як Ашмянскі мясакамбінат, пабудавалі за дзевяць тысяч злотых бактэрыялагічную лабараторыю, вагавую і артэзіянскі калодзеж.

А яшчэ ў Ашмянах вырашаюць пабудаваць чыгунку. Участак ад горада да аднайменнай станцыі стаў бы яе першым фрагментам. Аднак задуму не ўвасобілі.

У гэтым жа годзе адкрылі спартыўную школу.

На Астравеччыне кардонная фабрыка «Альхоўка» выпусціла першую прадукцыю. А ў вёсцы Дубок побач з касцёлам пабудавалі капліцу-грот і капліцу-браму.

1948

У Смаргонскай бальніцы працуюць 88 чалавек, хворым дапамагаюць дзесяць дактароў-спецыялістаў. На Смаргоншчыне пачынае дзейнічаць падпольная антысавецкая група Расціслава Лапіцкага. Музыкант і педагог Аляксандр Дзяруга стварыў цымбальны аркестр, якім кіраваў 30 год. У Смаргоні нарадзіўся Уладзімір Шчасны – перакладчык, публіцыст, дыпламат.

У Ашмянах зачыні касцёл Міхаіла-Арханёла. У ім размясцілі краму, потым –  фабрыку.

У Астраўцы з’явілася першая пажарная машына. А ў раёне дзейнічала пяць калгасаў. У Астравец з Масквы прыязджае Валер Блахін – будучы спартсмен, член моладзевай зборнай Маладзечанскай вобласці, прызёр першынства БССР па лёгкай атлетыцы (скачкі з шастом).

1960

Смаргонь, Ашмяны і Астравец уваходзяць у склад Гродзенскай вобласці. У Смаргоні пачынаюць будаваць прамысловыя прадпрыемствы і сфарміравалі 28 ракетны полк у складзе 32 ракетнай дывізіі. Пабудавалі школу №2.

У рэспубліканскім друку з’яўляюцца вершы паэта, ураджэнца Мядзельшчыны, а пазней жыхара Смаргоншчыны Мар’яна Дуксы. У вёсцы Шутавічы Смаргонскага раёна нарадзіўся Уладзімір Жабінскі – будучы навуковец, хімік-арганік, доктар хімічных навук, дацэнт.

Кампазітар і педагог Аляксандр Дзяруга атрымаў званне заслужанага дзеяча культуры Беларусі.

У Ашмянах стварылі аўтатранспартную кантору. А яшчэ ў горадзе прайшло апошняе традыцыйнае яўрэйскае пахаванне.

1972

У Смаргоні пачаў працаваць завод аптычнага станкабудаўніцтва. А таксама паставілі помнік Леніну на плошчы.

Вясной 2019 помнік забралі на рэстаўрацыю, але на плошчу не вярнулі.

Ад гэтага года ўраджэнец Смаргоні паэт Уладзімір Някляеў узначальвае літаб’яднанне ў газеце «Знамя юности».

У Астраўцы перастаў працаваць цагельны цэх, які адкрылі ў 1940-х на базе мясцовага прамкамбіната.

Пры Ашмянскім раённым Доме культуры стварылі харавы калектыў, а ў мясцовым касцёле адкрылі фабрыку.

1984

Беларускі навуковец, археолаг, гісторык Алесь Краўцэвіч вывучае археалагічныя помнікі Ашмянаў.

У чэрвені ў Смаргоні адкрылі музей. Першапачаткова ён быў у помніку архітэктуры 16 стагоддзя – былым кальвінісцкім зборы.

Будучы мастак, ураджэнец Смаргоншчыны Анатоль Бяляўскі закончыў Беларускі тэатральна-мастацкі інстытут. Першых пацыентаў прыняў новы корпус Смаргонскай бальніцы. На Астравеччыне заснавалі Варнянскае лясніцтва.

1996

У Ашмянах стварылі спартыўна-атлетычны клуб «Аякс».

Смаргонскі раён і горад Смаргонь аб’ядналі ў адну адміністрацыйную адзінку. Гэта было ўпершыню ў Беларусі. У Смаргоні адкрылі першы дыягнастычна-рэабілітацыйны цэнтр і пачынае выходзіць недзяржаўнае выданне «Новая газета».

Выходзіць зборнік паэзіі Уладзіміра Някляева «Прошча» .

2008

Астравец адзначае 540-годдзе, а Смаргонь – 505-годдзе.

У Смаргоні пачалі будаваць летні амфітэатр. У горадзе ладзяць першы міжраённы мотафестываль. На Смаргоншчыне, у Міхневічах, устанавілі помнік герою Першай сусветнай вайны, палкоўніку грэнадзёрскага грузінскага палка Акакію Атхезуры. У Смаргоні абвалілася прыбудова да школы №2. Людзі не пацярпелі.

Разглядаюць тры пляцоўкі для будаўніцтва Беларускай АЭС, у іх ліку – астравецкая. У выніку яна выходзіць на першае месца па верагоднасці будаўніцтва. Дзве астатнія, у Магілёўскай вобласці, вызначаныя як рэзервовыя.

У Астраўцы ладзяць пленэр скульптараў. У ліпені пяць скульптур, зробленых у рамках пленэра, упрыгожылі Цэнтральны сквер. У мясцовы лясгас завезлі 60 ланяў з Літвы.

У Гальшанах закрылі філіял Нацыянальнага мастацкага музея «Архітэктурны комплекс 16-18 стагоддзяў», які размяшчаўся ў памяшканні манастыра францысканцаў. У Ашмянах і Гальшанах ладзяць трэція Гальшанскія чытанні на тэму «Старажытныя сядзібы Ашмяншчыны».

• Текст доступен на языке: Русский