Вікторыя жыве на поўдні Швецыі, у невялікім горадзе Сведала. Працуе ў канцылярыі ўніверсітэта ў Мальмё, што за 20 кіламетраў ад яе горада.

7 студзеня ў жанчыны была адметная дата – роўна 15 год таму яе нага ўпершыню ступіла на шведскую зямлю.

– Тады я прыехала на адзін семестр па праграме студэнцкага абмену, каб купацца ў шведскай мове, якую вывучала ў лінгвістычным універсітэце, – прыгадвае Вікторыя. – Накупаўшыся, я так палюбіла мову і краіну, што аднаго семестра аказалася мала, я захацела прыехаць яшчэ.

Пасля некалькіх прыездаў Швецыя канчаткова зацягнула віляйчанку. Новы год і Каляды сталі добрай нагодай, каб жанчына распавяла “Рэгіянальнай газеце” аб тым, чым яе шведскія святы адрозніваюцца ад колішніх беларускіх.

Вілейка: аліўе, Дзед Мароз, снег і верашчака на Раство

– У дзяцінстве ў Вілейцы Новы год быў сямейным святам, мы адзначалі яго заўсёды дома з сям’ёй, сваякамі, а бывала, што і з суседзямі, – прыгадвае Вікторыя. – Былі і ўсе традыцыйныя атрыбуты постсавецкай прасторы: аліўе, “Іронія лёсу”, пах ялінкі і мандарынаў, шампанскае пад бой курантаў у тэлевізары.

Каляды сям’я Вікторыі адзначала 7 студзеня ў вёсцы Рабунь, што ў Вілейскім раёне, у бабы з дзедам, дзе ўсе елі бліны з верашчакай.

– Магчыма, што верашчаку я і не ела, бо была вельмі пераборлівая ў дзяцінстве. А вось цяпер з задавальненнем з’ела б – так гэта настальгічна, пах свойскіх кілбас, стос бліноў на стале…

Жанчына прызнаецца, што дагэтуль любіць Новы год. Аднак, пераехаўшы ў іншую краіну, давялося звыкнуцца з тым, што ялінка, падарункі і Дзед Мароз тут з’яўляюцца атрыбутамі зусім не Новага года, а Калядаў, якія адзначаюцца 25 снежня. Некаторыя сем’і нават выкідваюць ёлку адразу пасля Калядаў і не пакідаюць яе да 31 снежня.

– Чаго мне не хапае для шчасця на зімовыя святы, дык гэта снегу! – кажа жанчына. – У дзяцінстве зімы былі снежныя і прыгожыя, а за ўвесь мой час тут, на поўдні Швецыі, толькі два ці тры разы ляжаў снег у калядны вечар. Сёлета з гэтым зноў не пашанцавала.

Швецыя: Калядавік, адвентавыя календары і тэленавелы

Першае, да чаго Вікторыя павінна была прывыкнуць у святкаваннях, – тое, што Дзед Мароз прыносіць падарункі не на Новы год, а на Каляды. А калі быць зусім дакладным, то прыносіць іх не Дзед Мароз, а Jultomte.

– Jultomte – гэта нехта накшталт каляднага гнома, – тлумачыць жанчына. – Jul – Каляды, а tomte – казачная істота. Ёсць hustomte – дамавік, skogstomte – лесавік, ну а jultomte – хіба калядавік тады?

Калядавік прыходзіць ужо ўвечары 24-га, бо ў Швецыі ўсе святы пачынаюць святкаваць напярэдадні. Ролю Дзеда Мароза звычайна іграе нехта з сям’і.

Каляды – шмат у чым дзіцячае свята, і дзеці больш за ўсіх яго чакаюць: пішуць лісты Дзеду Марозу, цэлы снежань адкрываюць па адным акенцы адвентавых календароў, за якімі хаваюцца цукеркі, спяваюць калядныя песні ў садочках і школах.

Шведскае тэлебачанне да кожнага Адвента здымае новую дзіцячую тэленавелу з 24-х серый па 15 хвілін – па серыі на кожны дзень ад 1 снежня да Калядаў.

– Гэта захапляльныя прыгоды са шчаслівым фіналам, якія я і сама вельмі люблю, хаця яны і для дзяцей – прызнаецца Вікторыя. – А для дарослых у продажы з’яўляюцца адвентавыя календары – з кавалачкам сыру, пакецікамі гарбаты, прыправай замест традыцыйных шакаладак.

Шведскі каляндар дабрыні: па добрай справе кожны дзень

Шведы пачынаюць рыхтавацца да Калядаў першага снежня, у першы Адвент.

– Што мне адразу спадабалася ў шведскай падрыхтоўцы да Калядаў, дык гэта звычай запальваць ва ўсіх вокнах зоркі і адвентавыя падсвечнікі, – дзеліцца Вікторыя. – У гэты цёмны час года, ды калі яшчэ снегу няма, гэтыя агеньчыкі сапраўды змяняюць успрыманне рэчаіснасці і істотна паляпшаюць настрой.

Віляйчанка спявае ў мясцовым хоры, таму разам з ім удзельнічае ва ўрачыстым богаслужэнні ў мясцовай царкве ў першую нядзелю Адвента. Увогуле шведы не вельмі рэлігійныя, але на гэту службу прыходзяць больш масава.

Пасля надыходзіць час чакання – можна наведваць калядныя кірмашы, піць глёг (цёплае віно з каляднымі прыправамі), выпякаць імбірнае печыва, упрыгожваць ялінку, рыхтаваць падарункі.

Апошнія гады ў шведскіх медыя пачалі з’яўляцца адвентавыя календары дабрыні – гэта значыць, што замест цукеркі ў акенцы календара ты штодзень атрымліваеш заданне. Напрыклад, падзякаваць касірцы ў краме, сказаць камплімент камусьці на працы, адправіць адзінокаму чалавеку ананімны падарунак, патэлефанаваць сябру дзяцінства, запісацца донарам крыві.

– Нядаўна да мяне на працы зайшлі дзве калегі і спыталіся па-беларуску: як справы? – расказвае Вікторыя. – Аказваецца, у іх календары ў гэта дзень было заданне – навучыцца казаць гэту фразу на новай мове, дык яны навучыліся па-беларуску і па-партугальску – для калегі з Бразіліі. Было вельмі прыемна!

Замест тэлевізара – абдымкі суседзяў

Новы год у Швецыі адрозніваецца тым, што апоўначы ніхто не сядзіць ля тэлевізара, а ўсе выходзяць з шампанскім на двор – віншуюць адзін аднаго, абдымаюцца.

– Мне гэта вельмі падабаецца, – кажа Вікторыя. – Гэта збліжае з іншымі, дазваляе павіншаваць суседзяў і часам зусім незнаёмых людзей. Адзіны мінус – без бою гадзінніка цяжка вызначыць той самы момант, калі нумар года змяняецца.

У далёкай Скандынавіі жанчына заўсёды памятае пра сваіх вілейскіх родных і сяброў.

– Хачу скарыстацца выпадкам і перадаць святочныя прывітанні маім любімым бацькам, сястры і пляменніцам, а таксама сябрам-вілейчукам, якія ўпрыгожылі шмат зімовых дзён майго юнацтва. Зычу ўсім спаўнення мараў у Новым 2020-м годзе!