Скейт-пляцоўку ў Вілейцы пабудавалі за грант і грошы з мясцовага бюджэту. Фота Аксаны Ярашонак.

Беларусы практычна не маюць магчымасцяў неяк паўплываць на размеркаванне бюджэтных сродкаў. І гэта няправільна, лічыць аналітык праекта «Кошт урада» Жанна Кулакова.

За кошт падаткаў грамадзян фарміруецца значная частка бюджэту. Таму людзі маюць права вырашаць, як траціць гэтыя грошы. У суседніх краінах, у Польшчы, ва Украіне, праблему вырашае бюджэт грамадскага ўдзелу.

Як ва Украіне кожны можа ўвасобіць сваю задуму за грошы горада

Паколькі ў Беларусі такой практыкі пакуль няма, мы звярнуліся да прыкладу Украіны. Пра бюджэт грамадскага ўдзелу ў Чарнігаве нам расказала прадстаўнік Працоўнай групы ў Чарнігаве пры Чарнігаўскай радзе Таццяна Раманава.

– Практыка бюджэту грамадскага ўдзелу прыйшла да нас з Польшчы, – кажа Таццяна. – У Чарнігаве мы рэалізавалі практыку бюджэту грамадскага ўдзелу па прыкладзе Польшчы ў 2015 годзе.

Бюджэт грамадскага ўдзелу – гэта магчымасць кожнага жыхара горада ўвасобіць сваю задуму за бюджэтныя грошы, тлумачыць суразмоўца.

У Чарнігаве ад 2015 года адзін працэнт з гарадскога бюджэту выдаткоўваюць на рэалізацыю праектаў, ідэй ад гараджан. Вясной жыхары Чарнігава, якія прапісаныя ў горадзе і ва ўзросце, старэйшым за 16 год, падаюць свае ідэі ў Працоўны орган гарадской рады. Пасля гэтага профільныя ўпраўленні разглядаюць усе праекты і даюць рэцэнзію кожнаму. Вызначаюць, якія праекты дапусціць да галасавання, а якія – не.

– Пасля мы ладзім адкрытае публічнае пасяджэнне Працоўнай групы. Запрашаем туды аўтараў, выслухоўваем кожнага. Вырашаем, якія праекты пераходзяць у наступны этап, – тлумачыць Таццяна.

Праект павінны быць для ўсіх

А наступны этап – гэта галасаванне за праекты. Галасуюць усе жыхары горада, якія маюць гарадскую прапіску і ўзрост ад 16 гадоў. Галасаванне звычайна ладзяць увосень, каб паспець закласці рэалізацыю праектаў-пераможцаў у бюджэт на наступны год. Праекты, якія набралі найбольш галасоў, рэалізуюць у наступным годзе.

На якія ж праекты мясцовая рада гатовая выдаткаваць грошы? Асноўны крытэрый – агульнадаступнасць. Гэта значыць, вынікамі праекта могуць карыстацца ўсе.

– Менавіта таму лакальныя праекты тыпу рамонту спартыўнай залы ці прыбіральні ў школе Працоўная група не прапускае. Бо тут доступ да выніку праекта будуць мець толькі тыя, хто вучыцца і працуе ў гэтай школе. Астатнія – не, – кажа суразмоўца.

Яшчэ адзін важны крытэрый – тэрыторыя, дзе рэалізуецца праект, павінна быць дзяржаўнай, а не прыватнай.

Колькі гарадскія ўлады гатовыя даць актывістам

Праекты, якія даходзяць да галасавання, дзеляцца на дзве групы – малыя і вялікія. Сума малых – да трохсот тысяч грыўняў. На нашы грошы – каля 27 тысяч рублёў.

Бюджэт вялікіх праектаў – паўтара мільёна грыўняў. Гэта трохі больш, чым 133 тысячы беларускіх рублёў.

Ужо два гады галасаванне за праекты электроннае. Аднак для тых, хто не можа прагаласаваць, ёсць каля дзесяці пунктаў падтрымкі ў горадзе, куды можна прыйсці, каб дапамаглі гэта зрабіць. Да гэтага было папяровае галасаванне ў некалькіх пунктах падтрымкі. Аднак ад гэтага адмовіліся, бо было вельмі шмат маніпуляцый, дзеліцца Таццяна.

Адзін чалавек можа прагаласаваць за тры вялікія і тры малыя праекты. Па словах Таццяны, вялікія праекты – гэта, у асноўным, капітальныя рэканструкцыі чаго-небудзь, дзіцячая або спартыўная пляцоўка, маштабны фестываль. Малыя праекты – гэта часцей трэнінгі, семінары, гурткі для дзяцей.

Сёння сярод праектаў на сайце для галасавання – псіхалагічныя трэнінгі для моладзі, абнаўленне парку, устаноўка ў горадзе скрынь, куды можна складаць непатрэбныя цацкі, адзенне і абутак.

А што з бюджэтам грамадскага ўдзелу ў Беларусі?

– Беларусі ў практыцы бюджэту грамадскага ўдзелу лепш арыентавацца на Польшчу, а не на Украіну, – лічыць аналітык праекта «Кошт урада» Жанна Кулакова. – У Беларусі цэнтралізаваная сістэма дзяржаўных фінансаў. Ва Украіне ж рашэнні пра бюджэт грамадскага ўдзелу могуць прымаць гарадскія ўлады. У нас гэта немагчыма. Мы з калегамі з Фонду імя Льва Сапегі праводзім даследаванне, каб высветліць, наколькі магчымая гэта практыка ў Беларусі. Гутарылі з дэпутатамі мясцовых Саветаў. Усе кажуць, што ў нашым выпадку патрэбная ініцыятыва зверху. Нейкае агульнае заканадаўства, якім будуць карыстацца на месцах. Падобны прыклад у Польшчы, – тлумачыць Жанна.

На думку эксперта, вельмі добра, што тэма бюджэту грамадскага ўдзелу пачала гучаць у СМІ.

– Спадзяюся, што з часам гэту практыку ў нас можна будзе рэалізаваць. З аднаго боку – гэта невялікія грошы, не палова гарадскога бюджэту. Звычайна, у межах аднаго працэнта. А з іншага – гэта дазволіць уцягнуць грамадства ў размеркаванне бюджэту. Бо пакуль у нас з гэтым усё дрэнна, – падсумавала Жанна.

Маладзечанскія актывісты: мы марым пра падтрымку мясцовых уладаў

Пакуль бюджэту грамадскага ўдзелу ў Беларусі няма, маладзечанскія актывісты шукаюць іншыя магчымасці зрабіць нешта добрае для свайго горада: ладзяць святы ва ўласным двары, збіраюць рэчы для тых, хто мае патрэбу. Дзякуючы таму, што актывістаў падтрымаў буйны мабільны аператар, у горадзе з’явілася вуліца Стрыт-фуда.

– Пакуль мы толькі можам марыць пра такую падтрымку, – кажа маладзечанская актывістка Ірына Тархан. – Але ўжо ведаем, што маглі б папрасіць у мясцовых уладаў – пасадзейнічаць у стварэнні гарадскога агарода.

• Текст доступен на языке: Русский