Фота Таццяны Капітонавай. Арганізатары прэміі “Зрабілі!”.

Імпрэза па ўганараванні прадстаўнікоў ініцыятыў прайшла 10 студзеня ў Мінску.

Арганізатарамі ўзнагароды сталі Офіс еўрапейскай экспертызы і камунікацыі, “Жывая бібліятэка”, агенцтва рэгіянальнага развіцця “Дзедзіч”, “Рэгіянальная газета” і выданне “Vitebsk4.me”.

Імпрэзу ладзяць для таго, каб адзначыць, наколькі важна тое, што робяць актывісты ў розных галінах. Сярод узнагароджаных за актыўнасці 2019 года два прадстаўнікі нашага рэгіёна. Удзельнікі прадстаўлялі розныя намінацыі. Усіх узнагароджвалі, а тры ініцыятывы адзначалі дадаткова як самыя яскравыя.

Намінацый было пяць: Youth Power, “Гендар – гэта пра ўсіх”, Grass Roots (“Нізавая ініцыятыва”), All Inclusive (“Усё ўключана”), “Тэхналогіі для грамадства”.

Ганну Холад (злева) і Вікторыю Макаранку ўганаравалі за ініцыятыву InspiredByРэгіён.

Арганізавалі супрацоўніцтва актывістаў

У намінацыі Youth Power сярод узнагароджаных стала ініцыятыва InspiredByРэгіён. Яе арганізавалі Ганна Холад і Вікторыя Макаранка.

InspiredByРэгіён – гэта праект, які стварылі для абмену досведам і развіцця супрацоўніцтва мясцовых актывістаў. Дзякуючы знаёмству і сустрэчам абмяркоўваюць магчымыя рашэнні розных мясцовых праблем. Арганізатары ладзілі шэраг мерапрыемстваў, якія аб’ядноўвалі актыўных людзей, якія гатовы мяняць штосьці не толькі ў сваім жыцці, але і ў мясцовасці, дзе жывуць.

Дзякуючы абмену досведам удзельнікі вучацца арганізоўваць мерапрыемствы і ладзіць для сваёй мясцовасці імпрэзы, якія лічаць патрэбнымі.

Ініцыятыва зладзіла шэраг мерапрыемстваў. Сярод іх – сустрэча “Бізнес vs Сацыяльнае прадпрымальніцтва” і FuckUp Night (“Ноч правалаў”).

Сяргей Гапон арганізаваў талаку па прыборцы яўрэйскіх могілак.

Сабралі талаку ў Крэва

У намінацыі “Нізавыя ініцыятывы” ўзнагародзілі Сяргея Гапона, які арганізаваў талаку па прыборцы яўрэйскіх могілак у Крэве.

Сяргей распавёў, што сабраў каля 20 чалавек, якія зграбалі лісце, абразалі кусты. Пасля прыборкі сталі больш бачныя помнікі, зручней стала хадзіць па могілках.

Арганізатар патлумачыў, што хаця і атрымаў узнагароду “Зрабілі!”, на могілках выканалі толькі трэць работы. Ён плануе працягнуць працу летам, запрасіць на тыдні два валанцёраў і закончыць прыборку.

– Мы хацелі б прыбраць усю тэрыторыю і расчысціць помнікі, – дзеліцца Гапон. – На камянях ёсць надпісы, таму спатрэбіцца акуратна зняць мох, каб іх не пашкодзіць. Расшыфруем надпісы, даведаемся, хто пахаваны на могілках. А гэта вельмі каштоўна для нашчадкаў.

Калі даведваліся пра талаку, то многія пыталіся, навошта маладому мужчыну гэтым займацца, няўжо і ён сам мае яўрэйскія карані? Меркаваныя нашчадкі пахаваных дзякавалі і пыталіся, чым могуць дапамагчы, каб справа ішла далей. Сяргей тлумачыць, што ў першай палове 20 стагоддзя Крэва было мястэчкам, значная роля ў жыцці якога належала яўрэям. Вывучэнне помнікаў дазволіць даведацца, кім былі жыхары мястэчка, і дасць большае разуменне пра Крэва таго часу.

У намінацыі “Тэхналогіі для грамадства” актывістаў узнагароджвае журналіст “Рэгіянальнай газеты” Зоя Хруцкая.

Фота Таццяны Капітонавай, citydog.by.

• Текст доступен на языке: Русский