Дзмітры і Святлана з дачкой Данаяй. Фота забяспечанае героем публікацыі.

30 снежня мінулага года ў сям’і Яфіменка нарадзілася дзіця. Жонку Святлану і дачушку Данаю маладзечанец Дзмітры забіраў ужо ў Новым годзе. Забіраў не толькі з паветранымі шарамі і плакатам, але яшчэ і з жывой музыкай.

– Даная – наша першае дзіця. Мы вельмі чакалі яе. На выпіску разам са мной прыехалі нашы бацькі, браты жонкі, сястра, сябар і хлопец, якога я вучыў іграць на барабанах, – адказаў Дмітры на пытанні карэспандэнта «Рэгіянальнай газеты».

Для жонкі гэта быў сюрпрыз. Хаця яна, напэўна, здагадвалася, што я нешта падобнае ўтвару, дзеліцца суразмоўца.

Персанал радзільні выйшаў на вуліцу і здымаў незвычайную выпіску на тэлефоны. Усе ўсміхаліся.

Калектыў музыкантаў – гэта вучань Дзмітрыя, брат яго жонкі, добры сябар і сам малады бацька. Плакат Дзмітры маляваў сам. Рулон шпалераў узяў у мамы, набыў балончык фарбы.

–  Ужо перад самым выездам у радзільню напісаў на плакаце, як люблю жонку і дачку, – прыгадвае мужчына.

Калі Святлана з дачкой выходзілі з радзільні, музычны калектыў выконваў «Happy Birthday to You».

Па словах Дзмітрыя, такая выпіска была не паказухай для людзей. Гэта маё жыццё і мае каштоўнасці, мае адносіны да жонкі, якую кахаю, кажа мужчына.

– Калі сем’і распадаюцца шмат хто кажа «не сышліся характарам».  Я не веру ў гэта. У адносіны трэба ўкладаць, працаваць над гэтым. Для мяне каханне – гэта дзеяслоў. Гэта дзеянні, да якіх я сам сябе павінен прывучаць свядома, укладваючы ў сваю сям’ю. Акрамя мяне гэта ніхто рабіць не будзе. Моцны шлюб і шчаслівая сям’я самі па сабе не атрымаюцца, – лічыць суразмоўца.

Каб атрымаць нейкую прафесію, напрыклад, повара людзі вучацца некалькі гадоў. А каб пабудаваць моцны шлюб, тым больш трэба ўпарта папрацаваць, перакананы Дзмітры.

… Калі Даная падрасце, бацькі абавязкова пакажуць ёй архіўнае відэа з радзільні.

Відэа забяспечанае героем публікацыі.

• Текст доступен на языке: Русский