Ілюстрацыйнае фота goodfon.ru.

Жыхарка Маладзечна скардзіцца, што ў вёсцы Ганькавічы Гародзькаўскага сельсавета ў Валожынскім раёне няма чым дыхаць, а вада і зямля, магчыма, заражаныя, піша mlyn.by.

На прамую лінію Мінаблвыканкама 11 студзеня звярнулася Вольга Міхайлаўна. Жанчына папрасіла разабрацца ў праблеме і пакараць вінаватых.

– У Ганькавічах у мяне ёсць дом. Але фактычна я не магу ў ім знаходзіцца, – сцвярджае Вольга Міхайлаўна. У 50 метрах – поле, на якім 12 снежня злілі аміяк ад свінарніка. Была ў вёсцы тыдзень таму – пах стаіць да гэтага часу.

Па словах жанчыны, з гэтай праблемай яна ўжо звярталася да мясцовых эколагаў, але ў дапамозе ёй адмовілі, параілі тэлефанаваць у вышэйшыя інстанцыі.

– Мне сказалі, што не збіраюцца правяраць ні ваду, ні зямлю … Але хіба зліў аміяку – гэта экалагічна чыста? – задаецца пытаннем Вольга Міхайлаўна. – А ў нас жа калодзеж, агарод. Атрымліваецца, нічым карыстацца нельга?

Як кажа жанчына, цыстэрны аміяку зліваюць тут ужо ў другі раз. Яна высветліла, што свінакомплекс гэта рабіць афіцыйна.

– Можа, вінаватыя кіроўцы, якія злілі адкіды на краі вёскі, далёка не з’яжджаючы, а можа, яшчэ хто. Але колькі гэта будзе працягвацца? Няўжо так правільна ліквідаваць адходы? – пытаецца Вольга Міхайлаўна. – Тым больш гэтыя шматтонныя машыны разбілі дарогу – цяпер там няма асфальту, адно балота. Дажджоў не было два тыдні, дык там стаялі лужыны аміяку. А поле гэта знаходзіцца на горцы, і ўсё зліваецца ў бок вёскі.

Першы намеснік старшыні Мінаблвыканкама Ігар Макар, які праводзіў прамую лінію, адказаў, што ва ўсім свеце ўнясенне вадкіх арганічных угнаенняў робіцца два разы на год: увесну і ўвосень перад пачаткам пасяўных кампаній. Ён даручыў адпаведным службам выехаць у вёску і разабрацца, ці былі выкананы ўсе неабходныя тэхналогіі.

• Текст доступен на языке: Русский