Так выглядае АЭС на Астравеччыне. Фота Настассі Уткінай.

Комплекс мерапрыемстваў па падрыхтоўцы да магчымай аварыі на БелАЭС, што будуюць у Астраўцы, можа каштаваць адзін мільярд еўра. З такой ацэнкай, як паведаміла ў нядзелю нацыянальнае радыё, выступіў начальнік упраўлення грамадзянскай бяспекі супрацьпажарна-выратавальнага дэпартамента пры МУС Літвы Эдгарас Геда, піша ТАСС.

– Паводле некаторых папярэдніх дадзеных, гэта можа каштаваць каля 600 мільёнаў еўра. Аднак з улікам шырокага спектру патрэб можна выказаць здагадку, што ўвесь каштарыс мог бы скласці да аднаго мільярда еўра, — сказаў ён.

Суму ўдакладняць да канца ліпеня бягучага года. Да гэтага часу плануецца падрыхтаваць спецыяльнае даследаванне. Як сказаў Геда, дэпартамент абвесціць конкурс для прэтэндэнтаў на правядзенне гэтай працы. На праект прадугледжана выдаткаваць 344,6 тысячы еўра, з якіх 327,4 тысячы еўра складуць сродкі Еўрасаюза.

Што менавіта ўваходзіць у комплекс мерапрыемстваў па падрыхтоўцы да магчымай аварыі, Эдгарас Геда не паведаміў. У кастрычніку 2019 года ў Літве правялі вучэнні нацыянальнага маштабу па адпрацоўцы дзеянняў у выпадку аварыі на БелАЭС з імітацыяй эвакуацыі жыхароў з шэрагу раёнаў краіны.

Акрамя таго ўрад Літвы плануе закупіць чатыры мільёны доз ёду ў таблетках, першапачаткова для распаўсюджвання сярод тых, хто знаходзіцца бліжэй да электрастанцыі на мяжы краіны. На гэта плануецца выдаткаваць каля 900 тысяч еўра.

Запуск першага энергаблока БелАЭС плануюць ужо ў гэтым месяцы.

• Текст доступен на языке: Русский